Хутчэй і танней — замовіць дэталі ў Польшчы

Адна з чытачак распавяла пра свой досвед:

«Выйшла са строю мікрахвалёвая печ Daewoo. Майстар патлумачыў, што трэба мяняць плату кіравання. Чакаць новую — паўтара-два месяцы. Дакладную цану не называў, толькі прыблізную — некалькі соцень рублёў. Аказалася, што хутчэй і танней — замовіць у Польшчы і прывезці з аказіяй у Мінск».

Апісаная сітуацыя пакуль не мае маштабнага характару. Але з-за санкцый і сыходу буйных вытворцаў скараціліся пастаўкі дэталяў да халадзільнікаў, посудамыйных машын, пыласосаў і іншай бытавой тэхнікі.

«У прыведзеным выпадку з мікрахвалёўкай праблема закранула мікраэлектроніку. Гэта не дзіўна. Праграмавальныя модулі кіравання і іншыя платы вельмі складана замяніць. Патрэбны арыгінал, а з гэтым цяпер вялікія цяжкасці», — патлумачыў адзін са спецыялістаў па рамонце бытавой тэхнiкi.

Знайсці дэталі для тэхнікі, якая вырабляецца ў Расіі, не праблема

Беглы маніторынг такіх пляцовак, як Kufar і Onliner, паказвае, што людзі з дапамогай аб’яў сталі часцей самастойна шукаць дэталі мікраэлектронікі да бытавой тэхнікі, а таксама спецыялістаў, якія маглі б адрамантаваць, напрыклад, згарэлую плату.

«На цяперашні момант ніякай катастрофы няма, я б не перабольшваў, — распавёў у каментары адзін з экспертаў. — Напрыклад, знайсці помпу або награвальны элемент да пральнай машыны, якія ў асноўным вырабляюцца ў Расіі, можна без праблем. У найгоршым выпадку — замовіць з Кітая».

Аднак, папярэджвае суразмоўца, ёсць шэраг сімптомаў, якія насцярожваюць і сведчаць пра тое, што ў хуткім часе сітуацыя можа пагоршыцца.

«Немалая частка асартыменту падпадае пад тавары падвойнага прызначэння. Увезці іх простым шляхам немагчыма, а запасы на складах не бясконцыя, — удакладніў эксперт. — Наколькі я ведаю, гэта закранула нават фільтры і пылазборнікі да пыласосаў, то-бок банальныя расходныя матэрыялы. Сам сутыкнуўся з праблемай пошуку лямпачкі ў духавую шафу. Здаецца, дробязь, але ў крамах да некаторых мадэляў іх ужо не знайсці. Пашанцавала, што замаўляў плафон і ў камплекце ішла лямпа. Прыйшлося дастаць яе адтуль».

Раней пастаўкі былі наўпрост з Германіі, цяпер — праз Казахстан

Майстры па рамонце пральных машын, халадзільнікаў і мікрахвалёвак, з якімі звязаўся журналіст, паведамілі, што пакуль асаблівых праблем няма, але абмовіліся пра падаражанне некаторых дэталяў і павелічэнне тэрмінаў іх паставак.

Па словах аднаго з суразмоўцаў, пасля пачатку вайны ва Украіне многія імкнуліся абнавіць бытавую тэхніку:

«Але гэта тыя, у каго былі свабодныя грошы. Астатнія ж у хуткім часе так ці інакш сутыкнуцца з неабходнасцю штосьці мяняць ці рамантаваць».

Увесну назіраўся паралельны працэс: пастаўшчыкі спрабавалі запоўніць склады, разумеючы, што гэта адыходзячы цягнік. Асноўнай прычынай, зразумела, быў не клопат пра спажыўцоў.

«Матыў цалкам карыслівы — на запчастках заўсёды атрымлівалася добра зарабляць».

Такая запаслівасць выйшла ўсім на руку: пачатак дэфіцыту на некаторы час удалося адкласці. Аднак паліцы на складах пусцеюць, а новых паступленняў па некаторых брэндах практычна няма.

Спецыяліст таксама ўдакладніў, што цяпер даставіць у Беларусь дэталі пэўных вытворцаў вельмі складана.

Па яго словах, раней каплектуючыя, напрыклад, да бытавой тэхнікі Miele, ішлі напрамую з Германіі. Цяпер жа адна з кампаній спрабуе завесці іх праз Казахстан.

«Пару дзясяткаў датчыкаў, некалькі помпаў вязуць з сакавіка!» — здзіўляецца спецыяліст.

Але калі прэміум-вытворцы пастаўлялі дэталі невялікімі партыямі і попыт на іх не такі вялікі, то сыход больш папулярных брэндаў можа адбіцца куды мацней.

Так, не выключана ўзнікненне праблем з камплектуючымі да бытавой тэхнікі Bosch і Siemens.

«Некаторыя ўзаемазаменныя дэталі розных брэндаў, напрыклад, помпы для посудамыйных машын, пастаўляліся ў вялікіх аб’ёмах. Пакуль іх хапае. Але калі мадэль больш спецыфічная, то праблема можа з'явіцца ўжо цяпер», — папярэджваюць суразмоўцы.

Якія варыянты?

Паляпшэння сітуацыі эксперты не чакаюць да тых часоў, пакуль не будуць адмененыя санкцыі. Як выходзяць з сітуацыі цяпер?

Індывідуальныя прадпрымальнікі, якія займаюцца рамонтам бытавой тэхнікі, паведамілі, што замаўляюць запчасткі за наяўныя з Польшчы. Дастаўляюць камплектуючыя тыя, хто рэгулярна здзяйсняе паездкі. Кожны ў ланцужку атрымлівае долю. А ў выніку расплачваецца за ўсё заказчык.

У цэлым трэнд нагадвае вяртанне да 1990-х, калі «чаўнакі» вазілі запатрабаваны тавар.

А як жа імпартазамяшчэнне? Нядаўна было абвешчана, што Расія дасць Мінску крэдыт у $1,74 млрд на гэтыя мэты. Нібыта вызначаны першыя дванаццаць праектаў.

Як лічаць нашы суразмоўцы, часткова імпарзамяшчэнне магчымае, але калі гаворка ідзе пра нескладаныя расходныя матэрыялы. У прыватнасці, пылазборнікі для пыласосаў ужо вырабляюць некаторыя беларускія кампаніі.

«А вось ці можна арганізаваць масавую вытворчасць галагенавых лямпаў? А высокатэмпературных святлодыёдных? Вугальных фільтраў? Калі хтосьці збярэцца рабіць такую вытворчасць, то ўзнікае заканамернае пытанне аб рэнтабельнасці — ці будуць прадавацца дэталі да ўмоўных посудамыйных машын за вар'яцкія грошы?»

Эксперт таксама звяртае ўвагу, што ёсць крытычна важныя дробязі, без якіх прыбор не можа функцыянаваць: пятля дзвярэй да халадзільніка або замок для пасудамыйкі.

«Ламаецца рэгулярна, а дастаць немагчыма. Ну і хто будзе займацца наладжваннем вытворчасці такога асартыменту і якімі будуць продажы?»

Яшчэ адным выйсцем здаваліся пастаўкі з Кітая. Аднак, на думку спецыялістаў, гэта таксама не панацэя. Нейкія пазіцыі замясціць можна, але з імі і цяпер праблем няма, а калі гаворка пра эксклюзіўныя дэталі да некаторых мадэляў, то пасуе толькі арыгінал.

Кажучы пра тое, калі праблема можа набыць большы маштаб, спецыялісты прапануюць паглядзець, што адбудзецца ў пачатку наступнага года.

«Колькасць рамонтаў будзе паступова назапашвацца. Вырасце попыт на рамонтныя паслугі, патрыманыя дэталі. У той ці іншай ступені з такой праблемай сутыкнуцца ўладальнікі бытавой тэхнікі большасці брэндаў, асабліва тых, якія сышлі з рынку. Дэфіцыт мікраэлектронікі — гэта толькі пачатак».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

0
Только начинается / Адказаць
24.11.2022
А как вы хотели ??? Только так и никак иначе.
Вас, ваш лукашенко, втянул в геноцид украинцев, вас он кошмарит террором и репрессиями, разрушил государственные институты, разрушил законность, лезет, вместе с путиным, в чужие огороды в 21 веке.
 Будете питаться и чинить всё скрепами.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру