Гісторык Сайман Себаг-Мантэфіёрэ. Скрын відэа

Чаму Херсон мае важнае сімвалічнае значэнне для Пуціна

Херсон вельмі важны для пуцінскага ўспрымання Наваросіі і расійскай каланізацыі, таму што ён стаў першым расійскім горадам, які заснаваў князь Пацёмкін у 1778 годзе на заваяваных землях.

Горад атрымаў назву ў гонар грэцкага горада Херсанэса. Ідэя палягала ў тым, што Херсон павінен стаць свайго роду новай сталіцай, новай вялікай метраполіяй. Але гэтага не адбылося, таму што порт аказаўся недастаткова зручным.

На змену Херсону прыйшлі іншыя гарады, заснаваныя Пацёмкіным пазней — Мікалаеў, Екацярынаслаў (Дняпро), іншыя. І склалася так, што менавіта Херсон стаў галоўным элементам ладу новай Расійскай імперыі.

Паўднёвая частка Украіны ў тыя часы не была ўкраінскай, гэта была тэрыторыя, на якой жылі мусульмане і якой валодалі татары, Крымскае ханства, многія тэрыторыі кантраляваліся Асманскім султанатам.

Расія захапіла гэтыя тэрыторыі і стала засноўваць там буйныя і не вельмі буйныя гарады. Менавіта за іх сёння ідуць бітвы на паўднёвым фронце вайны ва Украіне.

Чаму для расійскага каланіялізму важны Пацёмкін

Пацёмкін — гэта фігура, якая, па іроніі лёсу, не тое каб моцна вядомая ў Расіі. І гэта вельмі дзіўна.

Яго можна назваць бацькам расійскага каланіяльнага імперыялізму.

У яго была канцэпцыя, якая называлася «грэчаскі праект». Задума была ў захопе Візантыі і Канстанцінопаля, які павінен быў стаць Царградам, і ў ім правіла б Кацярына.

Але больш даступнай і рэалістычнай мэтай было захапіць поўдзень. Каб зрабіць яго расійскім, трэба было засноўваць гарады, праводзіць каланізацыю і засяляць тыя мясціны, бо яны былі слаба заселеныя. Там была нейкая колькасць казакоў, новае Запарожжа, а астатняя частка была ісламскай, яе засялялі татары і асманы. Бачанне Пацёмкіна мела на ўвазе стварэнне Паўднёвага флоту — першага флоту ў Чорным моры ў гісторыі Расіі. Пётр Вялікі стварыў Балтыйскі флот, а князь Пацёмкін — Чарнаморскі флот. Таксама планавалася стварэнне марской базы. Ёй стаў Севастопаль, які заснаваў Пацёмкін. Аднак насельніцтва там не было пераважна рускім або ўкраінскім. Там было шмат палякаў, габрэяў, грэкаў, італьянцаў, французаў.

Чаму Пацёмкіна не шанавалі пры савецкай уладзе

Калі шмат гадоў таму я пісаў кнігу пра Пацёмкіна і Кацярыну, я працаваў у архівах Масквы і Санкт-Пецярбурга. Гэтыя архівы стаялі літаральна некранутымі. Толькі адзін навуковец на працягу многіх гадоў працаваў з імі па загадзе Сталіна, які лічыў, што Пётр Вялікі і Іван Жахлівы — гэтыя бязлітасныя дзяржаўныя дзеячы (абавязкова мужчыны) — цалкам адпавядалі духу бальшавізму, гэтай бальшавіцкай рэформе зверху або рэвалюцыі зверху, калі заўгодна.

Але Кацярына Вялікая была жанчынай. Яна і Пацёмкін былі дэкаданснымі разбэшчанымі фігурамі і касмапалітычнымі ў той жа час. І занадта арыстакратычнымі.

Сталін вельмі шмат гаварыў пра Кацярыну Вялікую і Пацёмкіна, у тым ліку з Юрыем Жданавым (сынам свайго чыноўніка вышэйшага ўзроўню Андрэя Жданава і нейкі час нават уласным зяцем, мужам дачкі Сталіна Святланы), які распавёў пра гэта мне. Ён спытаўся ў мяне, у чым быў геній Кацярыны Вялікай. А геніем Кацярыны якраз і быў Пацёмкін.

Запіска для Пуціна

І вось калі я апублікаваў сваю кнігу, мне, ангельцу, што, вядома, вельмі дзіўна, прыйшлося неафіцыйна і не зусім наўпрост кансультаваць новага прэзідэнта Расіі наконт асобы Пацёмкіна. Дзікая рэч, але гэта на самай справе адбылося.

Да мяне на сустрэчу прыязджалі людзі з апарату прэзідэнта, яны сустрэліся са мной, нават папрасілі напісаць справаздачу на адну старонку для «аднаго вядомага чалавека» аб тым, хто такі Пацёмкін і як ён захапіў Крым і поўдзень Украіны. Тады мяне вельмі зацікавіла, як яны могуць не ведаць гэтага. Але акадэмічныя і выкладчыцкія колы ігнаравалі Пацёмкіна. Для мяне гэта стала перавагай. Праз свайго выдаўца Уладзіміра Грыгор'ева, які быў намеснікам міністра культуры пры Пуціне, я атрымаў паведамленне, што Пуцін застаўся вельмі задаволены справаздачай.

Навошта расійскія войскі забралі парэшткі Пацёмкіна з херсонскага сабора святой Кацярыны

Рэч у тым, што Пацёмкін — злучальнае звяно паміж сённяшнім днём і мінулым. Большасць тых нібыта гістарычных аргументаў, якія прыводзіць сёння прэзідэнт Пуцін, каб апраўдаць захоп украінскіх тэрыторый Расіі, — вельмі хісткія.

Узяць тую ж Кіеўскую Русь: яна вельмі слаба вывучаная, мы амаль нічога пра яе не ведаем. Амаль адсутнічае прамая сувязь паміж Кіеўскай Руссю і Расіяй XVII-XVIII стагоддзяў, таму Пацёмкін па-сапраўднаму стаў сувязным звяном.

Гэтыя тэрыторыі — поўдзень Украіны — былі захопленыя Расіяй не так даўно — у 1780-х гадах. І менавіта Пацёмкін быў заснавальнікам гэтых гарадоў.

І вось два ці тры гады таму Пуцін раптам стаў згадваць Пацёмкіна і разам з ім — Суворава і Ушакова, якія фактычна служылі Пацёмкіну. Калі ён пачаў разважаць пра іх усіх, я моцна здзівіўся. Усё гэта вярнула мяне да думак пра тую гісторыю дваццацігадовай даўніны.

Я ніколі не мог падумаць, што яны выкрадуць парэшткі Пацёмкіна. Гэта было вельмі дзіўна, таму што нікому да гэтага не прыходзіла ў галаву варушыць іх. І я не веру, што ўкраінцы маглі б калі-небудзь патрывожыць іх.

Я думаю, прычынай, па якой яны забралі парэшткі, якраз і ёсць тое, што так яны ўяўляюць прамую сувязь паміж Расіяй і гэтай тэрыторыяй.

Я падазраю, што ў іх ёсць план, што рабіць з яго парэшткамі. Напэўна, [яны хочуць] перапахаваць іх у магільным склепе ў Маскве. Уявіце сабе такую пахавальню з назвамі ўсіх гарадоў, атрыманых Расіяй у 1778-1783 гадах, — Крым, Мікалаеў, Марыупаль, Дняпро, з назвамі гарадоў, заснаваных Пацёмкіным. У такім выпадку парэшткі ў магільным склепе стануць свайго роду гістарычным апраўданнем. Вось чаму яны выкралі парэшткі, як мне здаецца.

Чытайце таксама:

У Херсоне расейцы скралі янота з заапарка. Твітар выбухнуў

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

3
Лол / Адказаць
22.11.2022
Абы што. Гэтыя брытанскія гісторыкі разбіраюцца ў гісторыі Украіны гэтак жа, як у гісторыі Беларусі ці ВКЛ. Начытаюцца вялікадзяржаўнай прапаганды 18 -19 стагоддзя і рэтранслююць яе ў сучаснасць ігнаруючы гістарыяграфію народа, каторы насяляе гэтую тэрыторыю. Таму мабыць і спадабалася Пуціну гісторыя Украіны ад англічаніна, бо англічанін выканаў замову як належыць . І зараз нам рэтранслююць усё тую ж расійскую прапаганду праз гэты тэкст, маўляў расійскія гарады там былі заснаваныя (спойлер - не). Цікава, што гэты гісторык пра Кіеў яму наплёў і Львоў ?!
0
Кот / Адказаць
22.11.2022
Яшчэ жыве людская памяць, што тыя мясціны Пацемкін засяляе літвінамі з усходу сучаснай Беларусі.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру