Архітэктурная перліна Крычава, палац Пацёмкіна-Галынскіх адзначае 235 гадоў з часу заканчэння будаўніцтва, якое цягнулася на працягу 1778-1787 гадоў па праекце Івана Старова.

Доўгі час помнік знаходзіўся ў стане кансервацыі, аднак у другой палове 2000-х пачалося яго аднаўленне. Гісторыка-культурная каштоўнасць была адрэстаўравана ў 2008 годзе і тады ж у помнік архітэктуры пераехаў мясцовы музей.

Славутасць Крычава пераважна называюць палацам Пацёмкіна, рэдка згадваючы прозвішча Галынскіх.

На шыльдзе, якая змешчана на сённяшнім палацы-музеі і пазначае назву аб’екта, адзначана толькі «Палац Пацёмкіна». У той час як гістарычна правільна і справядліва архітэктурную славутасць Крычава называць палацам Пацёмкіна-Галынскіх. 

Першапачаткова палац з садова-паркавым комплексам быў пабудаваны ў стылі класіцызму і быў рэзідэнцыяй Пацёмкіна на далучаных землях былой Рэчы Паспалітай. Аднак праз дзясятак год Пацёмкін прадаў свае ўладанні мясцоваму шляхцічу Яну Галынскаму. Такім чынам, з канца XVIII стагоддзя і па 1917 год палац належаў роду Галынскіх. 

Менавіта пры Галынскіх помнік архітэктуры зазнаў уплыў псеўдагатычнага стылю. Відавочна, што палац — гэта спадчына горада, якая засталася як ад расійскага князя Пацёмкіна, так і ад мясцовага шляхецкага рода Галынскіх, што праяўляецца ў эклектычным стылі гістарычнага помніка.

Балючае пытанне адносна захаванасці палацавага комплексу —гэта зруйнаваныя стайні, унікальная гаспадарчая пабудова канца XVIII стагоддзя. Падчас рэстаўрацыі палаца стайні практычна знішчылі, пакінуўшы толькі падмуркі.

Нават пасля знішчэння існаваў праект па іх адбудове і размяшчэнні там коней. Для наведвальнікаў музейнага комплексу і асабліва замежных турыстаў стайні былі б разынкай культурнай установы, што прыцягнула б немалую колькасць падарожнікаў. Аднак праект так і застаўся на паперы, добрая і крэатыўная ідэя не была рэалізаваная. 

Фота: Магілёў.media

Фота: Магілёў.media

Падмуркі ад былых стайняў, якія непасрэдным чынам адносіліся да палацава-паркавага комплексу, цяпер знаходзяцца за жалезным плотам музейнай тэрыторыі ў разбураным і занядбаным стане.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0