Справу разглядала суддзя Юлія Шчоткіна.

Віталь Мацюш да суда ўтрымліваўся ў СІЗА №1 Мінска, Наталля Ганапольская знаходзілася на волі пад залогам.

Сталяр Віталь Мацюш і лагіст Наталля Ганапольская, якія пражываюць у Мінскім раёне, даведаўшыся аб плануемай акцыі пратэсту ў Мінску падышлі да стэлы і далучыліся да пратэстоўцаў.

Па матэрыялах абвінавачання, яны, дэманструючы пратэсны знак у выглядзе жэсту «вікторыя», а таксама стужкі белага і чырвонага колераў, рухаліся па тэрыторыі горада Мінска ад стэлы ў бок праспекта Незалежнасці, блакавалі і заступалі шлях транспартным сродкам, у выніку чаго іх дзеянні пацягнулі парушэнне працы і спыненне гарадскога пасажырскага транспарту.

Віталь Мацюш у судовым пасяджэнні віну прызнаў цалкам, сказаў, што ўбачылі з жонкай, як група грамадзян з сімволікай накіроўвалася ў бок пр-та Незалежнасці. Яны таксама вырашылі прайсці з людзьмі, перасоўваліся пры гэтым па тратуары.

Дайшоўшы да праспекта, убачылі, што праезная частка перакрытая супрацоўнікамі міліцыі. У нейкі момант выйшлі з жонкай на праезную частку паблізу пешаходнага перахода, каб сфатаграфавацца, пры гэтым на запясці ў кожнага з іх мелася бел-чырвона-белая стужка. Пасля яны накіраваліся дадому. Не памятае, ці выказвалі супрацоўнікі міліцыі патрабаванні разысціся і спыніць супрацьпраўную дзейнасць. Лозунгі не выкрыкваў, гучных воплескаў не здзяйсняў. У зробленым раскайваецца.

Падобныя паказанні суду дала і Наталля Ганапольская.

Суд пастанавіў прызнаць мужа і жонку вінаватымі і прызначыў пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу на тэрмін тры гады кожнаму.

Віталя Мацюша вызвалілі ў зале суда пад падпіску аб нявыездзе.

Клас
0
Панылы сорам
7
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
22