Калі вы ведаеце, што такое моці, вы, імаверна, аматар анімэ.

— Японцы, хутчэй за ўсё, дзівяцца, калі спрабуюць еўрапейскую інтэрпрэтацыю сваіх моці. Яны самі дадаюць у цеста начынку з бабовай пасты анко або фасолі. Па легендзе, у канцы мінулага стагоддзя хтосьці (ці японцы, ці амерыканцы) вырашыў адаптаваць гэтую штуку ў ЗША і паклаў у марожанае начынку з агародніны — і атрымалася моці айскрым. Потым дэсерт пайшоў у Еўропу. А затым хтосьці прыдумаў начынку на аснове вяршкоў і мяккіх сыроў з фруктамі. Гэта настолькі новы кірунак, што калі вы спрабавалі моці ў Санкт-Пецярбургу, то чулі папулярную назву «піцерскі дэсерт», — расказвае Юлія.

Торты! Не, пернікі! Што рабіць?!

Дарога да моці ў Юліі пачалася ў 2017 годзе, калі маладая маці, архітэктар па адукацыі, якая жадала рабіць нешта, акрамя догляду за дзіцем, пайшла на кулінарныя курсы, каб навучыцца пячы торты.

— Я хацела падзарабіць. Скончыла курсы, пачала пячы. Нават нешта атрымлівалася. Але потым па сямейных абставінах перастала. І не думала, што некалі вярнуся да гэтай тэмы.

Адразу другі дэкрэт — і зноў думка: што рабіць?

— Пра торты забылася і закінула акаўнт. Калі аднаму дзіцяці 3 гады, а другому некалькі месяцаў, рабіць торты нерэальна. Гэта працэс, які патрабуе доўгага перыяду працы.

Я стала думаць: што можна рабіць уначы, пакуль дзеці спяць? І каб суседзяў не разбудзіць. Вырашыла, што пернікі падыдуць. Як прадаваць? Вядома ж, праз мой торт-акаўнт, дзе 300 чалавек чакаюць майго вяртання. Аказалася, ніхто не чакаў. Затое я пачала займацца вывучэннем прасоўвання прадукту ў Instagram.

Пернікі таксама не падыходзяць

У выніку пернікі пачалі паціху прадавацца, але мала. Пернік ён і ёсць пернік, як яго ні ўпрыгожвай.

— Патрэбны быў больш інстаграмны дэсерт — як эклер, толькі круглы і з рознымі начынкамі. Напрыклад, прафітролі, залітыя глазурай — я так сабе ўяўляла.

 

І вось аднойчы, гартаючы стужку, я ўбачыла ружовы шарык. Толькі ўнутры ён аказаўся зусім не прафітроль. Так я пазнаёмілася з моці.

Паглядзела пару відэа аб вытворчасці — божа, як складана. Заварное рысавае цеста і складаныя начынкі: чыз, вяршкі, маскарпоне, фруктовыя…

Таму зірнула, хто робіць такое ў нас. У Гродне — ніхто, у Мінску на той момант — ніхто. Статыстыка Google паказвала 60 запытаў з Беларусі за год. Зразумела, чаму ніхто не робіць моці: пра іх яшчэ ніхто не ведае! Трэба рабіць.

Знайшла ў Расіі дзяўчыну, купіла курс. З яе ж дапамогай прывезла сабе пару пакетаў клейкай рысавай мукі: у нас такой няма ў крамах. Зрабіла. Паспрабавала. Дзіўна.

Каб развеяць сумневы, прыгатавала яшчэ некалькі штук для блізкіх: не можа ж быць, што ўвесь свет есць, а нам не даспадобы. Сяброўкі ацанілі на ўра, мама, у якой кансерватыўны густ, таксама сказала, што крута. Значыць, працягваю!

Распрацавала стратэгію маркетынгу і SMM — і пачала. Зрабіла лагатып і новы акаўнт, каб не быў падобны да хатняга кандытара.

Навошта ў назве «Гродна»?

— Назвала «Моці-Гродна», таму што я з Гродна. Калі проста «Моці», то будзе трафік з іншых гарадоў і нават краін. Навошта? Мне патрэбныя былі мэтавыя падпісчыкі, якія знаходзяцца побач і змогуць палюбіць моці.

330 тысяч чалавек дастаткова, каб закрыць магчымасці адной дэкрэтніцы.

У Мінск наладзіла дастаўку праз маршрутку — і гэта не ўсім зручна. Ну хоць так.

Пра лічбы

— Я займаюся вытворчасцю моці менш за паўтара года, ужо выйшла на стабільныя лічбы. Аб'ёмы невялікія. Калі напружыцца, за дзень магу зрабіць 10 скрыначак, калі з адной начынкай — больш. Але гэта столь.

Такому прадпрымальніку, як я, дастаткова пары дзясяткаў пастаянных кліентаў і некалькі дзясяткаў выпадковых. Калі будзе сто — крута. Гатаваць моці ў аб'ёме 10—20 скрыначак і зарабляць 1000 рублёў можна. З іх не забудзьцеся заплаціць 60 рублёў падатку — у Гродне столькі.

— Як вы вызначалі цэны на нікому не вядомы прадукт?

 — Мне не было ад чаго адштурхнуцца і не было, дзе падгледзець. Таму, з аднаго боку, палічыла сабекошт, з другога — абмежавалася лічбай, каб людзі не звар'яцелі. Атрымалася спачатку прыкладна 7 рублёў за штуку, пасля падаражання мукі — 8. Але па штуках я не прадаю — толькі пакункамі па 4, 6 або 9 пірожных. Яны вялікія, па 100 грамаў.

Шмат хто кажа, што дорага. Але ўвогуле, прадукт дарагі ў вытворчасці. Калі гнацца за рэнтабельнасцю — гэта медавікі.

Як гэта развіваць?

— Гэта мая нявырашаная праблема. Пакуль не магу: не хопіць часу для дзяцей. Хутка пачынаецца сезон падарункаў — напружуся і буду гатаваць больш. Потым трэба развівацца. Складана, але мне будзе сумна, калі я не паспрабую. Ёсць варыянт з цэхам, ёсць варыянт з наёмнымі людзьмі, ёсць варыянт з кавярнямі. Ёсць варыянт продажу чагосьці тыпу франшызы: вучыць ахвотных рабіць моці ў іншых гарадах — і буду як маці моці ўсёй Беларусі.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

0
)) / Адказаць
21.11.2022
Понятное дело, замороженные пироженные в Белорусь перестали поставлять в связи с санкциями(возили с Украины, Литвы))), а кофеен(потребителей) осталось пруд пруди.
Было не трудно догадаться при наличии определенного опыта.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру