Па словах 27-гадовага Мікіты Чыбрына, ён правёў ва Украіне больш за чатыры месяцы ў складзе 64-й асобнай гвардзейскай мотастралковай брыгады — таго самага падраздзялення, якое абвінавачваюць у здзяйсненні ваенных злачынстваў пад Кіевам у сакавіку гэтага года.

У тэлефоннай размове з карэспандэнтам газеты ён заявіў аб сваёй недатычнасці да ваенных злачынстваў, у якіх абвінавачваюць яго падраздзяленне, сказаўшы, што за час знаходжання ва Украіне ён не здзейсніў ніводнага стрэлу.

Па яго словах, ён поўны рашучасці даць паказанні ў міжнародным судзе пра ўсё, што бачыў ва Украіне. «Мне хаваць няма чаго», — сказаў ён.

«Гэта злачынная вайна, якую развязала Расія. Я хачу зрабіць усё, што ад мяне залежыць, каб спыніць яе», — сказаў ён.

Чыбрын распавёў, што прыняў рашэнне ўцякаць з Расіі пасля таго, як у чэрвені дэзерціраваў са свайго атрада. Паводле яго слоў, ён абвясціў сваім камандзірам, што супраць вайны, у першы ж дзень уварвання, 24 лютага.

Паводле яго аповеду, пасля таго, як ён выказаў услых сваю пазіцыю, яго вывелі са складу падраздзялення, дзе ён служыў у якасці механіка, і адправілі займацца фізічнай працай.

«Яны пагражалі мне турмой, — распавёў Чыбрын. — Урэшце мае камандзіры вырашылі выкарыстаць мяне ў якасці прыбіральшчыка і грузчыка. Мяне адправілі ў тыл».

Мікіта Чыбрын родам з Якуцка. Як ён кажа, на службу ў армію пайшоў летам 2021 года ў сувязі з фінансавымі цяжкасцямі не думаючы, што яму давядзецца ўдзельнічаць у якой бы там ні было вайне.

На тэрыторыі Украіны ён апынуўся ў першы ж дзень вайны, заехаўшы туды праз Беларусь: з яго слоў, ім ніхто не паведаміў, куды і навошта іх вязуць.

Яго падраздзяленне размяшчалася ў вёсцы Ліпаўка, за 45 км ад Кіева, непадалёк ад Бучы і Андрэеўкі — дзвюх вёсак, дзе здзяйсняліся масавыя зверствы ў адносінах да мірнага насельніцтва. У гэтых злачынствах абвінавачваецца 64-я брыгада, у якой служыў Чыбрын. Пасля таго, як аб злачынствах у Бучы даведаўся ўвесь свет, Пуцін прысвоіў гэтай брыгадзе званне гвардзейскай.

Па словах Чыбрына, хоць ён асабіста не бачыў расстрэлаў мірных жыхароў у той час, калі знаходзіўся ў Ліпаўцы, але размовы аб забойствах і згвалтаваннях гучалі пастаянна, а рабаванне ўкраінскіх дамоў было зусім руціннай справай.

«Яны кралі ўсё, што толькі маглі: пральныя машыны, электроніку, усё», — кажа ён.

Чыбрын кажа, што яму ўдалося збегчы 16 чэрвеня, схаваўшыся ў грузавіку, які адправіўся ў Расію для папаўнення запасаў харчавання.

Праз некаторы час ён наладзіў кантакт з праваабаронцамі, якія дапамаглі яму выехаць з краіны. Заснавальнік праваабарончай арганізацыі Gulagu.net Уладзімір Асечкін у гутарцы з Guardian пацвердзіў, што сапраўды дапамог Чыбрыну пакінуць Расію.

Як піша выданне, у гэты аўторак Чыбрын прыляцеў у Мадрыд. Увечары ў чацвер ён быў адпушчаны з цэнтра часовага ўтрымання мігрантаў і змешчаны ў часовае жыллё на час разгляду яго прашэння аб прытулку.

Газета адзначае, што не валодае незалежным пацвярджэннем гісторыі, расказанай вайскоўцам. Аднак ён прадставіў дакументы і фотаздымкі, якія сведчаць аб тым, што ён знаходзіўся ў складзе 64-й мотастралковай брыгады на тэрыторыі Украіны.

Чыбрын — другі вядомы расійскі вайсковец, які ўцёк з краіны пасля таго, як пабываў на вайне ва Украіне. Улетку гэтага года былы расійскі дэсантнік Павел Філацьеў, які таксама ўдзельнічаў ва ўварванні ва Украіну, з'ехаў з Расіі і апублікаваў кнігу «ZOV», у якой распавёў, што з ім адбывалася на вайне.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

10
Синяя Изолента / Адказаць
18.11.2022
вспоминаю поляка бежавшего в Беларусь и рассказывающего о массовых растрелах и захоронениях беженцев. чего только не наговоришь, когда стальные тиски между ног. Кст, вот Протасевич, стал лучшим другом режима, ненадолго зато энергично, тоже пример переобувания под влиянием обстоятельств.
5
Полупроводник Сусанин / Адказаць
18.11.2022
Сам ничего не видел, по его словам, но готов дать показания . В к что нужно знать.
0
Абыр / Адказаць
22.11.2022
Эмиль Чечко плохо кончил.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру