Недзе апоўдні 9 лістапада 30-гадовая жыхарка Бабруйска, вяртаючыся на ровары дадому з лецішча, па дарозе спынілася каля Свята-Іверскага храма ў мікрараёне Кісялевічы. Жанчына пакінула ровар каля агароджы, а разам з ім і заплечнік з рэчамі. Адно што толькі дастала грошы з кашалька, бо збіралася зрабіць пакупкі ў царкоўнай краме.

За гэтымі маніпуляцыямі назіраў 42-гадовы мужчына. Прыхаджанам храма ён вонкава быў добра знаёмы, паколькі рэгулярна знаходзіўся каля царквы, дзе прасіў міласціну.

Калі жанчына зайшла ў царкву, мужчына падышоў да пакінутых ёй рэчаў, расшпіліў заплечнік, дастаў адтуль швэдар, прадукты, мабільнік і кашалёк, пасля чаго павесіў заплечнік назад і пайшоў.

Жанчына выявіла прапажу толькі калі вярнулася дадому. І адразу ж паведаміла ў міліцыю. Падазраванага затрымалі ў той жа дзень. Большая частка выкрадзенага была канфіскаваная і вернутая ўладальніцы, мужчына паспеў патраціць толькі два даляры, якія знайшоў у кашальку.

Супраць «жабрака» была заведзеная крымінальная справа па частцы 2 артыкула 205 КК («Крадзеж, учынены паўторна»), бо раней ён ужо быў неаднаразова судзімы за такія злачынствы.

Клас
0
Панылы сорам
7
Ха-ха
9
Ого
0
Сумна
4
Абуральна
4