Аператар на вытворчасці ў Чэхіі

Чытач, які ўжо чатыры гады ездзіць на заробкі ў Чэхію і працуе там аператарам на вытворчасці, кажа, што ад пачатку вайны ва Украіне ўзровень аплаты працы не змяніўся.

«Як і раней, плацяць 140 крон (5,75 еўра) за гадзіну. Таму, калі глядзець толькі на гэтыя лічбы, атрымліваецца, што заробак захаваўся на тым самым узроўні. Але ў пераводзе на даляры або еўра ён стаў меншы. Крона даволі істотна прасела ў самым пачатку вайны, пазней курс стабілізаваўся, але ўсё адно застаўся крыху большы, чым да вайны», — кажа чытач.

Мужчына адзначае, што пры захаванні зарплаты на ранейшым узроўні выдаткі на жыццё ў Чэхіі за гэты перыяд значна павялічыліся. 

«Змяніўся кошт жыцця, павялічыліся выдаткі на ежу, камунальныя паслугі, паліва і г.д. Раней атрымлівалася больш адпраўляць на радзіму. Цяпер гэтая лічба скарацілася на 20—30%», — прызнаецца чытач.

Будаўнікі ў Польшчы

Іншы мужчына таксама ўжо чацвёрты год працуе за мяжой. Працуючы мулярам на будоўлі ў Польшчы, ён зарабляе 2000—2500 даляраў за месяц у залежнасці ад аб'ёму выкананай работы. 

«У добрых спецыялістаў, якія працуюць на будоўлі ў Польшчы, заробкі паступова растуць, — сцвярджае чытач. — Ваенны перыяд не стаў выключэннем. За апошнія 9 месяцаў стаўка за метр вырасла на 3 злотыя». 

Іншы чытач, які працуе ў Польшчы цесляром, сцвярджае, што дзевяць месяцаў таму зарабляў больш, чым цяпер. Да вайны ён атрымліваў 5200 злотых за месяц, цяпер 4500 злотых. Па яго словах, бліжэй да восені ў іх скараціўся аб'ём працы, а разам з тым і заробкі. Апроч гэтага, чытач звяртае ўвагу на тое, што за гэты час злоты таксама крыху патаннеў адносна даляра і еўра. 

Мантажнік і дальнабойшчык у Літве

Чытач, які з вясны бягучага года працуе ў літоўскай фірме мантажнікам, кажа, што за гэты перыяд яго зарплата павысілася прыблізна на 10%. 

«У пачатку года я атрымліваў 1800 еўра, а цяпер 2000. Мяркую, што рост зарплаты звязаны з падвышэннем тарыфаў на нашу працу ў цэлым па Еўрасаюзе», — кажа ён.

Пра рост ставак кажа і кіроўца-дальнабойшчык, які таксама працуе ў літоўскай фірме.

«У пачатку года плацілі па 70 еўра за суткі, цяпер 80. Стаўкі павышалі паступова, па 2—5 еўра, але ў выніку выйшла, што крыху больш, чым за паўгода сутачныя выраслі на 10 еўра. Нават з улікам таго, што з-за істотнай інфляцыі выдаткі на ежу крыху падраслі, цяпер усё адно атрымліваецца прывезці дадому трошкі больш грошай, чым на пачатку года», — дзеліцца дальнабойшчык.

Вадзіцель буса ў Польшчы

Іншы беларус, які працуе кіроўцам у польскай фірме на бусе, таксама кажа, што за гэты час стаўка вырасла на 10 еўра.

«Да вайны за суткі працы плацілі па 40 еўра, у пачатку лета павысілі да 45, у верасні дадалі яшчэ пяць. Атрымліваецца, што за гэты час заробак вырас на 20%. Аналагічная сітуацыя назіраецца і ў іншых перавозчыкаў, ва ўсіх сутачныя за гэты час выраслі на 5—15 еўра», — кажа кіроўца.

Аўтаслесар у Бельгіі

Беларускі аўтаслесар, які вахтавым метадам працуе ў Бельгіі, кажа, што яго заробак за апошнія месяцы таксама крыху павялічыўся. 

«Працую там ужо другі год, цягам 2021-га, за выключэннем завяршэння выпрабавальнага перыяду, зарплата заставалася нязменнай. У 2022 годзе, калі цэны пачалі заўважна расці, фірма пачала павышаць заробкі кіроўцам, а таксама тым, хто абслугоўвае грузавікі фірмы. Цяпер замест 50 еўра за суткі я атрымліваю 60. Павышэнне ставак адбывалася двойчы. Пяць еўра дадалі ў ліпені і яшчэ пяць у мінулым месяцы. Пражыванне на базе, як і раней, застаецца бясплатным. Выдаткі на ежу крыху падраслі, але за кошт росту зарплаты ў выніку атрымліваецца тое самае. Сума, якую я адпраўляю сям'і ў Беларусь, засталася нязменнай», — кажа слесар.

Чытайце таксама: 

«Слава табе, божа!» Лукашэнка пракаментаваў сыход МакДональдса з Беларусі 

Дэпутат Клішэвіч прапануе вазіць айцішнікаў з рыдлёўкамі ў Хатынь

Клас
42
Панылы сорам
11
Ха-ха
5
Ого
9
Сумна
5
Абуральна
17