Музангалу Ньірэнда кажа, што гібель маладога чалавека на вайне ў чужой краіне пакінула занадта шмат пытанняў — і ў першую чаргу, чаму яму не далі магчымасць паведаміць сям'і, што яго завербавалі і адпраўляюць на вайну, і ці не было гэта зроблена пад прымусам.

У панядзелак кіраўнік МЗС Замбіі Стэнлі Какуба заявіў, што на вайне ва Украіне загінуў грамадзянін гэтай краіны, які раней адбываў тэрмін у Расіі. Гэта першы вядомы выпадак гібелі замежнага грамадзяніна, якога завербавалі ў Расіі для ўдзелу ў баявых дзеяннях ва Украіне. Па звестках кіраўніка замбійскага знешнепалітычнага ведамства, Ньірэнда загінуў на полі бою ва Украіне 22 верасня. Яго цела ўжо знаходзіцца ў Растове-на-Доне і неўзабаве будзе адпраўлена ў Замбію.

Са слоў Какуба, Замбія ўжо запатрабавала тлумачэнняў ад расійскага боку ў сувязі з гібеллю свайго грамадзяніна і яго адпраўкай на вайну.

«Мы яшчэ занадта шмат чаго не ведаем, — сказала Музангалу Ньірэнда карэспандэнтам Бі-бі-сі. — Да прыкладу, чаму уладам Замбіі нічога не было вядома аб яго адпраўцы на вайну? Людзі, якія паслалі яго туды, паставіліся да нас з пагардай, для іх ён быў нікім, яны проста выкарыстоўвалі яго». «Мы хочам даведацца, якім чынам яго завербавалі, а сям'я пры гэтым нічога не ведала. Можа быць, яго запалохалі і прымусілі?»— працягвае сястра загінулага.

Як ён трапіў у Расію

Лемехані нарадзіўся ў сям'і ўніверсітэцкіх выкладчыкаў і быў самым малодшым з чатырох дзяцей.

Як кажа Музангалу Ньірэнда, яе брат яшчэ ў 2019 годзе атрымаў дзяржаўную стыпендыю і ў рамках дамовы паміж Расіяй і Замбіяй адправіўся ў Расію вывучаць асновы будаўніцтва ядзерных аб'ектаў. Вучыўся ў Маскоўскім інжынерна-фізічным інстытуце (МІФІ).

Са слоў сястры, Ньірэнда падпрацоўваў кур'ерам — і ў 2020 годзе яго затрымалі з пасылкай, у якой знайшлі наркотыкі.

«Мы ўпэўненыя, ён не ведаў, што знаходзіцца ў пасылках, якія ён дастаўляў. Нам ён гаварыў, што не ведаў пра гэта. Яму адпраўлялі паведамленні, у якіх было сказана, дзе забраць пасылку і куды яе даставіць, — тлумачыць яна. — Аднойчы яго спыніла паліцыя, яго абшукалі і знайшлі ў пасылцы наркотыкі. Ён патлумачыў, што працуе анлайн-кур'ерам і не ведае, што знаходзіцца ў пасылках, але яго арыштавалі».

Ньірэнда «трапіўся» з мефедронам у маскоўскім парку «Кускава» і атрымаў дзевяць з паловай гадоў зняволення. Следства выявіла, што студэнт паспеў зрабіць тры «закладкі».

Сваякі заўсёды спадзяваліся, што Ньірэнда шчасліва вернецца дадому. Аднак, як лічаць члены сям'і, у калоніі яго завербавалі ў ПВК Вагнера, куды ў апошні час набіраюць добраахвотнікаў з ліку зняволеных, абяцаючы ім свабоду ў абмен на ўдзел у ваенных дзеяннях ва Украіне.

Апошняе тэлефанаванне

Нават пасля адпраўкі ў расійскую турму Ньірэнда знаходзіў спосабы звязацца са сваімі сваякамі ў Замбіі. Апошні раз ён патэлефанаваў бацькам 31 жніўня — і гэтая размова выклікала ў іх сур'ёзную трывогу.

«Ён сказаў тады бацькам: «Я больш не ў турме, але тое, дзе я знаходжуся, — гэта сакрэт». Гэта выклікала ў маіх бацькоў, ды і ва ўсіх нас, вялікую занепакоенасць. Мы ведалі, што ён — зняволены ў чужой краіне, дзе ў яго няма ніякіх правоў, мы вельмі трывожыліся з нагоды таго, што адбываецца, але ён не мог раскрыць падрабязнасці, а бацькі не сталі яго змушаць», — кажа сястра Лемехані.

Сям'я паведаміла пра гэта дзіўнае тэлефанаванне уладам Замбіі, і іх запэўнілі, што высвятляць, дзе знаходзіцца Лемехані. Аднак праз некалькі месяцаў прыйшла вестка пра гібель маладога чалавека на вайне ва Украіне.

«Ён быў малады, але яны скралі ў яго жыццё. У яго застаўся брат-блізнюк, і яны скралі ў майго брата яго другую палову, — кажа скрозь слёзы яго сястра. — У яго было так шмат планаў! Ён вучыўся, каб вярнуцца і даглядаць нашу маці. Ён хацеў дапамагаць будаваць у Замбіі новае жыццё. А яны яго ў нас скралі. У нас няма адказаў, адны толькі пытанні. Мы хочам, каб яго вярнулі дадому. Мы хочам, каб ён вярнуўся да тых, хто любіць яго, але мы хочам і атрымаць адказы на свае пытанні».

Паводле звестак замбійскіх чыноўнікаў, цела забітага студэнта было адпраўлена ў Растоў-на-Доне, дзе яго падрыхтуюць да адпраўкі на радзіму ў Лусаку. 

Замбія, як і многія афрыканскія краіны, якія не жадаюць псаваць адносіны з Масквой, займае нейтральную пазіцыю наконт вайны ва Украіне, але сцвярджае, што асуджае любыя ваенныя дзеянні.

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
4
Сумна
6
Абуральна
10