Фота: president.pl

Фота: president.pl

Польскі лідар паведаміў аб правядзенні шэрагу кансультацый з сусветнымі лідарамі. Дуда меў размовы з прэзідэнтамі Украіны і ЗША Уладзімірам Зяленскім і Джо Байдэнам, генеральным сакратаром НАТА Енсам Столтэнбергам, прэм'ер-міністрам Вялікабрытаніі Рышы Сунакам і канцлерам Германіі Олафам Шольцам.

«Прэзідэнт Байдэн запэўніў, што ЗША падтрымліваюць нас і захоўваюць свае альянсы. ЗША стаяць з намі на варце бяспекі», — падкрэсліў Дуда.

Ён дадаў, што «апісаў сітуацыю ўсім кіраўнікам» і праінфармаваў аб правядзенні на месцы выбуху следчых дзеянняў.

«Джо Байдэн заявіў, што падтрымае нас з накіраваннем амерыканскіх экспертаў, якія дапамогуць нам вывучыць месца гэтага інцыдэнту», — сказаў польскі прэзідэнт.

Анджэй Дуда адзначыў, што следчыя дзеянні працягваюцца, і «пакуль мы не маем дакладных доказаў таго, хто запусціў гэтую ракету».

«Хутчэй за ўсё, гэта была ракета расійскай вытворчасці», — сказаў прэзідэнт Польшчы.

Па словах Дуды, НАТА застаецца ў стане павышанай гатоўнасці ў сувязі з выбухам на тэрыторыі Польшчы.

«Мы ўзмацнілі баяздольнасць польскіх узброеных сіл, у тым ліку супрацьпаветраную абарону. Нашы самалёты будуць падтрымліваць самалёты саюзнікаў. Мы дзейнічаем спакойна і ўзважана», — адзначыў ён і дадаў, што дзеянні польскай улады «вельмі спакойныя і ўзважаныя, без прыняцця паспешных рашэнняў».

«На месцы знаходзяцца польскія ваенныя, ёсць падтрымка саюзнікаў», — заявіў Дуда.

Прэзідэнт Польшчы нагадаў, што ў гэтую сераду, 16 лістапада, склікаецца пасяджэнне РНБА краіны.

Як адзначыў польскі лідар, «украінскі бок перакананы, што гэта была расійская ракета, якую запусціў расійскі бок», аб чым яму паведаміў Зяленскі.

Клас
1
Панылы сорам
1
Ха-ха
1
Ого
2
Сумна
0
Абуральна
3