«Чакаюць адмашкі»

Анатоль Лябедзька, былы старшыня, а цяпер шараговец Аб’яднанай грамадзянскай партыі, перакананы, што ліквідацыя апазіцыйных партый — пытанне часу. Паводле яго, іх зачыстку Лукашэнка планаваў гэтай восенню, а рашэнне меў прыняць па зацверджанні закона «Аб Усебеларускім народным сходзе».

Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька

«Шматпартыйная сістэма ў Беларусі — гэта кампетэнцыя беларускага правіцеля, — лічыць Лябедзька, — таму ніхто з ведамстваў, міністэрстваў, спецслужбаў не можа ўзяць функцыі па ліквідаванні партый. Усе чакаюць адмашкі Лукашэнкі. А ў яго, відаць, не хапае на тое часу. Вайна і іншыя праблемы не даюць яму пакуль такой магчымасці».

Старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» Ігар Барысаў таксама звязвае існаванне апазіцыйных партый з пытаннем «Усебеларускага народнага сходу».

«Калі партыям усё ж знойдуць месца ў палітычнай сістэме краіны, то не выключаю, што фармат уключанасці партый у палітычныя працэсы будзе абноўлены, у тым ліку праз перарэгістрацыю, але развязваць гэты вузел рэжыму вельмі небяспечна», — даводзіць бачанне сітуацыі Ігар Барысаў.

Ён дапускае, што Лукашэнка ліквідуе апазіцыйныя партыі, калі ўбачыць для сябе небяспеку ад новага пакета санкцый. Акрамя таго, ён не хоча, каб партыі па іх закрыцці папоўнілі склад Каардынацыйнай рады, мяркуе Барысаў.

На думку актывіста Партыі БНФ Віталя Макаранкі, Лукашэнка не ліквідуе апазіцыйныя партыі, бо пакуль не бачыць у гэтым неабходнасці. Вырашэнне пытання будзе прынятае пазней.

«Альбо ёсць планы на гэтыя партыі — можа, стварэнне хоць якога дэмакратычнага антуражу», — заўважае партыец.

У шэрай зоне

Ігар Барысаў упэўнены, што цяпер рэжым Лукашэнкі робіць усё, каб апазіцыйныя партыі заставаліся ў «шэрай зоне», таму пазбаўляе іх камунікавання і ўзаемадзеяння з людзьмі, уладаю, новай апазіцыяй.

«Партыі для першых неперспектыўныя, бо не можна цяпер праз іх нечага дасягнуць, другім яны не патрэбныя, бо ў існуючую палітычную сістэму партыі не ўпісваюцца, а трэція для партый — небяспечныя, бо прызнаныя «экстрэмістамі», — тлумачыць Ігар Барысаў.

Ігар Барысаў. Фота: асабісты архіў Ігара Барысава 

Ігар Барысаў. Фота: асабісты архіў Ігара Барысава 

Барысаў даводзіць, што ў Беларусі адна партыя ўлады — адміністрацыя Лукашэнкі з яе выканкамамі, і «на фоне гэтага маналіту любая партыя не ўпісваецца ў цяперашнюю палітычную сістэму».

«Быць у апазіцыі — быць пад ціскам і рэпрэсіямі, быць лаяльным — ствараць патэнцыйную канкурэнцыю ўнутры ўлады, — тлумачыць ён.

— Да 2020 года роля партый была вызначаная — гэта імітацыя палітычнага плюралізму праз уключанасць партый у імітацыю выбарчага працэсу. Цяпер улада гэтую ролю пераасэнсоўвае, бо ў ёй ужо няма патрэбы».

Паводле Віталя Макаранкі, у цяперашняй Беларусі для апазіцыйных партый не прадугледжаная хоць якая роля. Ён канстатуе, што яна і да 2020 года была дэкаратыўнай, а самі партыі былі «палітызаванымі гурткамі па інтарэсах».

«Да 2020 года дазвалялася вылучаць кандыдатаў у выбарчыя камісіі, а таксама кандыдатаў у дэпутаты не праз збіранне подпісаў, а на партыйных з'ездах, і яшчэ была магчымасць вылучэння назіральнікаў. А цяпер і гэтага не будзе», — лічыць Віталь Макаранка.

Віталь Макаранка (з мегафонам) на пікеце ў Львове. Фота: Радыё Свабода

Віталь Макаранка (з мегафонам) на пікеце ў Львове. Фота: Радыё Свабода

Паводле Анатоля Лябедзкі, палітычныя партыі будуць імкнуцца захаваць легітымны статус, які дае «пэўную, хоць і адносную бяспеку для членаў партыі». Тут, аднак, заўважае ён, сітуацыя вельмі хісткая, бо спецслужбы адсочваюць яе і будуць рэагаваць кропкава.

«Як толькі Мікола Казлоў адмовіўся ад эміграцыі, а выйшаўшы з турмы, запланаваў больш за 20 паездак па рэгіёнах, і толькі спецслужбы ўбачылі, што адноўлена дзейнасць інфраструктуры, у офісы пацягнуліся людзі, тут жа адрэагавалі на ўзроўні сваёй кампетэнцыі. Яны арганізавалі два судовыя працэсы, якія не маюць дачынення да права, закона, але мелі практычныя наступствы. Шэсць актывістаў партыі цяпер за кратамі», — ілюструе сітуацыю Анатоль Лябедзька.

Кіраўнікі ў зняволенні

Міколу Казлова асудзілі на 2,5 года за «дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Аднапартыйцы 6 лістапада пераабралі яго на старшынёўства.

Мікалай Казлоў

Мікалай Казлоў

Па словах Анатоля Лябедзькі, пераабранне Мікалая Казлова было рашэннем салідарнасці не толькі з ім, але і з актывістамі, якія, як і ён, за кратамі. Суразмоўца нагадвае, што Аляксандр Кабанаў стаў намеснікам старшыні партыі, таксама калі быў у зняволенні.

«Пытанне эмоцый, жахаў адносіцца да тых людзей, якія ў 2020 годзе прыйшлі ўпершыню ў вялікую палітыку і сутыкнуліся з тым, сведкамі чаго мы ёсць. Калі мы гаворым пра АГП, Партыю БНФ, сацыял-дэмакратаў, то ў іх вялізная колькасць людзей, якія прыйшлі ў палітыку 10-15-20 гадоў, таму яны хутчэй зразумелі сітуацыю і знайшлі магчымасць не толькі выжываць у ёй, але дзейнічаць», — кажа партыец.

65-гадовага старшыню партыі БНФ Рыгора Кастусёва пакаралі 10 гадамі калоніі за нібыта «змову з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам». Прысуд быў агучаны 5 верасня.

Рыгор Кастусёў

Рыгор Кастусёў

Віталь Макаранка кажа, што ў сям’і Кастусёва існуе сваё стаўленне да апублічвання звестак пра яго, і аднапартыйцы з разуменнем ставяцца да такога рашэння.

«Пра лёс Кастусёва ўвесь час нагадваецца на розных сустрэчах, імпрэзах. Ён не забыты», — запэўнівае партыец.

Што да дзейнасці «абезгалоўленай» партыі, то Віталь Макаранка адзначае, што рэгулярна адбываюцца кансультацыі, сустрэчы, нарады. Паводле яго, выканаўца абавязкаў старшыні партыі знаходзіцца ў бяспечным месцы, большасць актыву выехала з Беларусі.

«Неўзабаве збяром частку партыйцаў, якія знаходзяцца ў бяспечных краінах і могуць дзейнічаць», — даводзіць Віталь Макаранка.

«Самаліквідацыя — праява слабасці»

А ці няма ў партыях думак пра самаліквідацыю?

Ігар Барысаў лічыць, што думак аб самаліквідаванні трымаюцца тыя, хто разглядае партыі як перашкоду ў палітычнай самарэалізацыі. Такую пазіцыю, паводле яго, у БСДП «Грамада» не падтрымліваюць.

«У нас гадамі выкрышталізаваны калектыў аднадумцаў, і ісці на такі крок — гэта ўсё роўна, што здрадзіць калектыву», — адзначае ён.

На думку Віталя Макаранкі, самаліквідаванне партыі — гэта дапамога рэжыму. Калі ён гэтага хоча, няхай ліквідуе, кажа партыец.

«Самаліквідаванне будзе праяваю слабасці, маўляў, рэжым настолькі моцны і непераможны, што наважыліся скласці самі лапкі», — даводзіць ён.

Пра памылкі 2020 года

Анатоль Лябедзька лічыць галоўнай памылкай апазіцыйных партый, што не дамовіліся ў 2020-м вылучыць адзінага кандыдата ад дэмакратычнай партыйнай супольнасці на прэзідэнцкія выбары. Запушчаная працэдура перадвыбараў не была даведзеная да канца, а яна, на яго думку, стала выклікам для рэжыму, і ў супрацьстаянні з ім партыі прайгралі.

Лябедзька кажа, што ў 2020 годзе былі непаразуменні між палітычнымі партыямі і новай апазіцыяй. Партыйцы з рэўнасцю ўспрынялі новых палітычных персон.

«Я тады казаў, што як толькі акажуцца і так званыя старыя, і новыя ў адным аўтазаку, то там і знойдзецца паразуменне. Пад канвеер рэпрэсіў трапілі ўсе, нягледзячы на тое, колькі ў каго палітычнага стажу», — адзначае актывіст АГП.

Ён лічыць хібай, што не ўсе палітычныя партыі падтрымалі Святлану Ціханоўскую як альтэрнатыву, толькі Аб'яднаная грамадзянская партыя тое зрабіла.

«Трэба было не зважаць на свае амбіцыі, на сваю крэдытную гісторыю, а бачыць сітуацыю такой, якая яна ёсць. Кансалідацыя вакол аднаго легітымнага лідара была правільнай стратэгіяй», — настойвае Лябедзька.

Прадстаўнікі Аб'яднанага пераходнага кабінета і Святлана Ціханоўская. Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

Прадстаўнікі Аб'яднанага пераходнага кабінета і Святлана Ціханоўская. Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

Паводле Лябедзькі, цяпер мэты і задачы Кабінета Ціханоўскай і палітычных партый цалкам супадаюць: свабодныя сумленныя выбары і дэакупацыя Беларусі ад расійскай агрэсіі, дыктатуры.

Ігар Барысаў кажа, што ў партыі, якую ён узначальвае, «няма камунікацый з тымі, хто афіцыйна прызнаны ўладай «экстрэмістамі».

Паводле яго, рэжым Лукашэнкі, змагаючыся з партыйнай апазіцыяй з 1996 года, перайграў самога сябе. Вынікам гэтага сталі падзеі 2020 года, бо не працаваў механізм змены ўлады праз выбары.

«Партыі ў тых падзеях не бралі ўдзелу, аднак адрэагавалі правядзеннем у верасні 2020 года круглага стала з удзелам дзесяці партый, дзе была прынятая сумесная рэзалюцыя аб спыненні гвалту, вызваленні ўсіх затрыманых, правядзенні новых прэзідэнцкіх выбараў праз 6 месяцаў», — нагадвае ён.

Паводле яго, Лукашэнка адрэагаваў тым, што шмат хто з партыйных арганізацый атрымаў афіцыйныя папярэджанні ад Мінюста. На думку партыйца, гэта сведчаць, што партыі не могуць быць суб’ектамі для перамоў паміж уладай і народам.

Барысаў лічыць адсутнасць у апазіцыйных партый сваіх моцна раскручаных і пазнавальных сродкаў камунікацыі з людзьмі найбольшай памылкай у 2020 годзе.

На думку Віталя Макаранкі, апазіцыйныя партыі нямала нарабілі памылак, 2020 год падсумаваў іх.

«У 2020 годзе партыі ўжо нічога не маглі зрабіць, бо ўвага была пераключаная на лідараў новай хвалі і адбылася замена апазіцыі — з традыцыйнай беларускай на так званую новую. Тады не варта было зачароўвацца новай хваляй, а спрабаваць гэтымі працэсамі кіраваць, але тое было б безвынікова, бо фокус увагі ўсё адно быў засяроджаны на штабе Ціханоўскай, а старую апазіцыю ніхто не слухаў», — адзначае Макаранка.

Выбары 2024 года: ад удзелу да вар’яцтва

Анатоль Лябедзькі кажа, што ў асяродку палітычных партый адбываюцца абмеркаванні іх удзелу ў выбарах 2024 года. Прагназуецца развіццё падзей па розных сцэнарах і выпрацоўваецца план дзеянняў у тым выпадку, калі іх закрыюць і яны вымушаныя будуць дзейнічаць у падполлі, калі захаваюць легітымны статус, калі Лукашэнкі не будзе і калі застанецца. Партыец устрымліваецца гаварыць пра канкрэтыку.

Ігар Барысаў заўважае, што, згодна са стратэгічным планам партыі, яна гатовая ўдзельнічаць у наступных выбарах.

«Удзел у выбарах — гэта сутнасць любой палітычнай партыі. Але калі будзе небяспека для нашых сяброў, якія будуць вылучацца ў камісіі, кандыдатамі, назіральнікамі, то мы вызначымся з пазіцыяй з улікам сітуацыі», — даводзіць ён.

Віталь Макаранка кажа, што ў партыі БНФ яе ўдзел у выбарах 2024 года не абмяркоўваўся.

«Абмяркоўваць удзел у выбарах 2024 года, як па мне, нейкае вар’яцтва, бо мы не ведаем, што заўтра будзе,

— выказваецца сябра партыі БНФ. — Гэта патыхае нейкім абсурдам. Рэжым не проста дыктатарскі, а нават нелегітымны, узурпатарскі і незаконны. Думаць варта пра аб’яднанне высілкаў, каб вызваліць краіну ад унутранай і знешнай акупацыі».

Чытайце таксама:

«Я ведаю дакладна, што я буду рэабілітаваны». Моцнае апошняе слова старшыні АГП Мікалая Казлова

Лукашэнка расказаў, якім бачыць «Усебеларускі народны сход»

Клас
12
Панылы сорам
4
Ха-ха
3
Ого
1
Сумна
2
Абуральна
2