Ператрусы і крымінальныя справы

На службовых асоб непрызнанага Саюза палякаў Беларусі завялі крымінальную справу. У кватэрах старшыні Галоўнай рады Саюза палякаў Беларусі Ірэны Валюсь і намесніцы старшыні Рэнаты Дземянчук адбыліся ператрусы. Пра гэта паведамляў на старонцы ў Facebook намеснік старшыні Саюза палякаў Марэк Занеўскі.

Затрыманых абвінавачваюць у незаконнай арганізацыі дзейнасці грамадскага аб'яднання і ўдзел у ім (арт. 193-1 КК). Па гэтым артыкуле абвінавачаным пагражае арышт або пазбаўленне волі на тэрмін да двух гадоў. 

Па словах праваабаронцы «Вясны» Паўла Сапелкі, гэта ўжо не першы выпадак, калі на членаў незарэгістраваных або ліквідаваных арганізацый заводзяць крымінальныя справы. Летам, напрыклад, паводле гэтага артыкула завялі крыміналку супраць дырэктаркі гродзенскага хоспіса Вольгі Вялічка.

«Нам вядома, што нядаўна таксама была заведзеная крымінальная справа за ўдзел у ліквідаванай арганізацыі. Абвінавачаныя вырашылі не апублічваць гэтую інфармацыю, таму яна і не трапіла ў СМІ. Прысуд па той справе яшчэ не вынесены», — кажа Сапелка. 

Апроч гэтага, пракуратура Гродзенскай вобласці накіравала ў Эканамічны суд заяву аб ліквідацыі ТАА «Клерыгата» — фірмы, праз якую, па іх версіі, працаваў непрызнаны ўладамі Саюз палякаў. Пракуратура сцвярджае, што парушэннем заканадаўства з'яўляецца тое, што суб'ект гаспадарання, акрамя прадугледжанай статутам дзейнасці, рэалізоўваў мэты і задачы грамадскага аб'яднання, якое не было зарэгістравана ў Рэспубліцы Беларусь у вызначаным законам парадку.

Колькасць ліквідаваных арганізацый расце

Палітычна матываваная прымусовая ліквідацыя арганізацый з'яўляецца адным з відаў рэпрэсій у Беларусі. Згодна з падлікамі lawtrend, па стане на 31 кастрычніка ў Беларусі налічваецца не менш за 1057 ліквідаваных некамерцыйных арганізацый (грамадскіх аб'яднанняў, прафесійных саюзаў, фондаў, недзяржаўных устаноў і асацыяцый). Яшчэ не менш за 667 некамерцыйныя арганізацыі знаходзяцца ў працэсе прымусовай ліквідацыі. 

Крымінальная адказнасць замест адміністрацыйнай

Цікава, што артыкул 193-1 Крымінальнага кодэкса дзейнічаў з 2005 года, але ў 2019 годзе адбылася лібералізацыя заканадаўства, падчас якой яго выключылі з Крымінальнага кодэкса. Пасля гэтага за аналагічнае правапарушэнне прадугледжвалася толькі адміністрацыйная адказнасць, максімальны памер пакарання складаў штраф у 50 базавых велічынь. Аднак адліга пратрымалася нядоўга, крымінальную адказнасць за гэтыя дзеянні вярнулі ў снежні 2021 года, калі ў Беларусі пачалі ўзмацняць адказнасць па палітычных артыкулах.

Аднак да апошняга часу было невядома, каб улады заводзілі крымінальныя справы па дадзеным артыкуле. 

Як адбываецца пераслед палякаў у Беларусі?

У сакавіку 2021 года затрымалі старшыню Саюза палякаў Анжаліку Борыс і журналіста ды актывіста непрызнанага Саюза палякаў Анджэя Пачобута. Па «справе палякаў» вясной мінулага года таксама адбываліся затрыманні і ператрусы ў Брэсце, Лідзе і Ваўкавыску. У верасні 2022 года суд ліквідаваў грамадскую арганізацыю «Польска Мацеж Школьна». Таксама ў стадыі ліквідацыі знаходзіцца грамадскае аб'яднанне «Супольнасць палякаў».

Чытайце таксама: За верасень і кастрычнік па палітычных справах толькі ў Мінску затрымалі мінімум 450 чалавек

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
13