Роберт Бершынскі добра знаёмы з беларускай тэматыкай. У гутарцы ён нагадаў, што бываў у Мінску і, сярод іншага, шэсць гадоў таму сустракаўся з Алесем Бяляцкім, нашым Нобелеўскім лаўрэатам.

Варта адзначыць, што Роберт Бершынскі — чалавек з багатай біяграфіяй. Перш чым трапіць у амерыканскую адміністрацыю, ён служыў афіцэрам разведкі Вайскова-паветраных сілаў ЗША ў Карэі, Германіі, Руандзе і Іраку. З 2008 года ён працаваў у Міністэрстве абароны, а ад 2010-га — у Радзе нацыянальнай бяспекі, аналагу нашай Рады бяспекі. З 2016 года ён працаваў у Дзяржаўным дэпартаменце, пасля чаго вярнуўся ў Раду бяспекі. Як вайсковец, ён ведае цану і міру, і бяспекі. Яго брат, таксама афіцэр, але пехацінец, страціў абедзве нагі падчас службы ў Афганістане.

«Як вы ацэньваеце апошнія падзеі ва Украіне і Беларусі, — спыталася «Наша Ніва», — і што, па-вашаму, будзе мець уплыў на далейшае развіццё падзей?»

«Урад ЗША, ад самых пачаткаў незалежнасці Беларусі, падтрымліваў свабоду, незалежнасць і суверэнітэт краіны. Гэта нязменная палітыка ЗША, і гэта палітыка таксама адміністрацыі Байдэна-Харыс,— адказаў спадар Бершынскі,— і яна карыстаецца падтрымкай як Дэмакратычнай, так і Рэспубліканскай партый. І ва ўсім, што мы робім, мы кіруемся гэтым падыходам.

Мы ў жаху ад рэпрэсій, якія разгарнуліся ў Беларусі пасля 2020 года.

Мы падтрымліваем памкненні беларускага народа да дэмакратыі. І мы будзем дабівацца, каб урад Лукашэнкі панес адказнасць як за падтрымку расійскай агрэсіі супраць Украіны, так і за рэпрэсіі супраць уласнага народа.

Наша падтрымка ўкраінскага народа застанецца нязменнай. Мы вылучылі Украіне шматмільярдную дапамогу, каб Украіна магла абараніць сябе. Мы наклалі беспрэцэдэнтныя абмежаванні на Крэмль, і мы захаваем іх, каб зрабіць магчымай перамогу Украіны, якой украінскі народ заслугоўвае»,— сказаў Роберт Бершынскі.

Нядаўна беларускі палітвязень Алесь Бяляцкі быў уганараваны Нобелеўскай прэміяй міру. Якое ваша пасланне яму і іншым беларускім палітвязням ды іх сем’ям?

«Я меў гонар сустрэцца з Алесем Бяляцкім у Мінску 6 гадоў таму ў сядзібе «Вясны» і ведаю, які гэта смелы чалавек і колькі ён і яго арганізацыя зрабілі для беларускага народа за мінулыя гады. Таму маё пасланне ад імя амерыканскага ўрада — віншаванні, гэта заслужаная ўзнагарода за тую самаахвярнасць, з якой ён працаваў. І я хачу падзякаваць яго сям’і за тыя ахвяры, якія яны нясуць, — цяжка, калі твой блізкі сядзіць у турме.

Ураду Аляксандра Лукашэнкі мы кажам: выпусціце Алеся Бяляцкага і ўсіх палітвязняў зараз жа і без умоваў. А 1400 вязням, якія застаюцца ў турмах па палітычных прычынах, мы кажам: мы бачым вас, мы былі і застаёмся з вамі, і будзем рабіць усё, каб урад Лукашэнкі панёс адказнасць за свае дзеянні». 

«Што беларусы могуць зрабіць, каб змяніць сітуацыю ў краіне?» — запытала «Наша Ніва».

«Беларускі народ ясна выказаўся наконт таго, якой будучыні ён хоча. І цяперашні ўрад краіны проста не дае яму гэтай будучыні. Роля ўрада ЗША — падтрымліваць тую будучыню, якая аднойчы надыдзе»,— сказаў амерыканскі чыноўнік. 

ЗША ўвяла шмат пакетаў санкцый супраць лукашэнкаўцаў. На вашу думку, ці яны працуюць? І ці збіраюцца ЗША ўводзіць новыя санкцыі, пацікавілася «Наша Ніва». 

«На нашу думку, яны працуюць. Мы бачым іх эканамічны эфект, — адказаў спецыяльны памочнік прэзідэнта Байдэна. — І мы таксама вызначылі спіс асобаў, высокапастаўленых чыноўнікаў і сілавікоў, адказных за жахлівыя парушэнні правоў чалавека, супраць іх уведзеныя персанальныя санкцыі. Мы вельмі ясна падкрэсліваем неабходнасць персанальнай адказнасці, і санкцыі — адзін з элементаў гэтага.

У Лукашэнкі ёсць выбар: і што датычыць падтрымкі беззаконнай вайны, якую развязала Расія, і што датычыць рэпрэсій у Беларусі. Санкцыі — гэта адзін з некалькіх інструментаў, якія ёсць у амерыканскага ўрада, каб сказаць, што гэтыя дзеянні — падтрымка вайны і рэпрэсіі — гэта тое, чаго мы прыняць не можам. І калі гэта будзе працягвацца, мы будзем уводзіць новыя санкцыі і сачыць за тым, каб яны строга выконваліся»,— падкрэсліў Роберт Бершынскі.

Ці бачыце вы перспектыву, што Беларусь стане дэмакратычнай краінай?

«Я не ўмею прадказваць будучыню. Калі б я ўмеў, я працаваў бы не дыпламатам, а некім іншым,— пажартаваў Роберт Бершынскі. — Падчас сваёй паездкі ў Вільню я сустракаўся з дарадцамі Святланы Ціханоўскай, з лідарамі дэмакратычнай апазіцыі і з праваабаронцамі. Гэта людзі, якія працягваюць сваю справу, нягледзячы на асабістую небяспеку для іх, іх сямей. Як я ўжо казаў, за апошнія гады мы пабачылі, што людзі ў Беларусі хочуць перамен, хочуць дэмакратычнай будучыні. Наша роля ў тым, каб падтрымліваць беларускі народ тым, чым можам, каб самі беларусы маглі вызначыць сваю будучыню», — падсумоўвае ён.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

7
Тур / Адказаць
13.11.2022
Такое адчуванне, што СБ прачытаў. Аб усім і ні аб чым. Дзе нармальныя пытанні пра прызнанне Беларусі акупаванай тэрыторыяй напрыклад, ці якая канкрэтна стратэгія ў Белага Дома адносна Беларусі, ці прызнанне губізіка тэр. арганізацыяй, ці яшчэ нешта больш канкрэтнае. Такое адчуванне, што журналіст баяўся задаваць пытанні.
3
гамадрил / Адказаць
13.11.2022
[Рэд. выдалена]
1
Беня / Адказаць
13.11.2022
Выбор есть у всех, кроме самих беларусов.
Паказаць усе каментары/ 9 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру