Украінскія войскі ў Херсоне мясцовыя сустракаюць з жоўта-сінімі сцягамі і паветранымі шарыкамі.

Херсон быў адзіным абласным цэнтрам, які кантралявала Расія пасля 24 лютага. Расіяне нават «далучылі» яго да Расіі, правёўшы псеўдарэферэндум.

Горад быў захоплены ў пачатку вайны. Сотні людзей выходзілі на праўкраінскія мітынгі ў першыя тыдні вайны. Людзі кідаліся на расійскія танкі без зброі. З часам пад акупацыйным рэжымам такія мітынгі сталі немагчымымі.

У мясцовым парку расіяне дэманстратыўна расстралялі мясцовую тэрытарыяльную абарону, якая спрабавала супраціўляцца. Таксама многія людзі былі арыштаваныя за праўкраінскую пазіцыю.

11 лістапада над будынкам Херсонскай адміністрацыі з'явіўся ўкраінскі сцяг. Пазней жоўта-сіні сцяг вісеў над будынкам паліцыі, а пазней з'явіліся кадры перамяшчэння воінаў УСУ па Херсоне.

Тут і далей — фота з канала @hueviyherson

Тут і далей — фота з канала @hueviyherson

Украінцы зайшлі ў горад на фоне паведамленняў Мінабароны Расіі пра тое, што ўсе акупацыйныя войскі выйшлі з Херсона і пераправіліся на левы бераг Дняпра.

9 лістапада камандуючы расійскімі акупацыйнымі войскамі Суравікін заявіў, што расійскіх вайскоўцаў перакінуць з Херсона на левы бераг Дняпра.

Раніцай 11 лістапада расійскія СМІ апублікавалі фота і відэа зруйнаванага Антонаўскага моста каля Херсона. Яго падарвалі самі расіяне, калі выходзілі з горада на левы бераг.

У расійскіх уладаў і прапагандыстаў настроі бязрадасныя.

Расійскія каналы вечарам 9 лістапада цалкам паказалі 10-хвіліннае афіцыйнае відэа Мінабароны Расіі, на якім Суравікін расказаў Шайгу пра неабходнасць «перагрупаваць сілы».

Пасля гэтага абстаноўку на херсонскім кірунку на расійскіх тэлеканалах на працягу 1,5 дня не апісвалі.

Асноўныя каналы Расіі ўвогуле 11 лістапада не згадалі пра адступленне з Херсонскай вобласці. Паказалі толькі рэпартажы пра тое, як расійскія рэгіёны працягваюць «прымаць бежанцаў».

А вось што пісалі расійскія прапагандысты:

  • «Можна ператварыць горад у вялікі ўмацаваны раён, пры гэтым маючы складанасці з лагістыкай. Нават абараняць яго можна. Толькі гэта сур'ёзныя страты сярод мірнага насельніцтва і асабістага складу, у тым ліку мабілізаваных. Выбіралі, як відаць, з двух дрэнных варыянтаў. Выбралі той, дзе менш крыві (Андрэй Мядзведзеў, канал «Расія»).
  • Расійскіх грамадзян эвакуіравалі, дзяржапарат вывелі — вельмі складаная лагістычная задача вырашана камандуючым штабам «Спецыяльнай ваеннай аперацыі» на добрым узроўні. Перамогу ствараюць не толькі папулярнымі і простымі рашэннямі, але і наступаючы на горла гордасці. Здаровы сэнс павінен быць ва ўсіх рашэннях, нават непрыемных (WarGonzo).
  • Рашэнне па Херсоне прынята. «Як» і «чаму» гэта адбылося, варта разбірацца, але гэта павінны рабіць кампетэнтныя людзі. Раю істэрычкам спыніць нагнятаць. Асабліва тым, хто сядзіць далёка і акоп бачыў максімум па тэлевізары <…> Не аддаць на забой хлопцаў, якія сядзелі ў Херсоне, лічу правільным рашэннем («Ваенкар» Андрэй Рудэнка).

Украінскія вайскоўцы працягваюць вызваляць населеныя пункты на Херсоншчыне. У некаторых месцах яны ўжо дайшлі да правага берага Дняпра.

Расіяне будуюць абарончыя рубяжы на левым беразе Дняпра і на поўначы акупаванага Крыма. Адначасова з гэтым расіяне вядуць наступальныя дзеянні на Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Навапаўлаўскім кірунках.

Клас
142
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
3
Сумна
0
Абуральна
4