«Не ўсыпляць жа мне яго, ён ні ў чым не вінаваты»

Сёлета ранняй вясной пенсіянер ішоў на рыбу, і за ім пайшоў шчанюк-дварняка, відаць, бяздомны. Мужчына палічыў, што ў кампаніі рыбачыць будзе весялей і не пярэчыў такому «напарніку». А на другі дзень сабака, убачыўшы на вуліцы знаёмага, зноў пабег за ім.

Спагадлівы чалавек пашкадаваў жывёліну і стаў яе падкормліваць, а праз некаторы час і зусім прывёў шчанюка ў сваю кватэру на пятым паверсе.

Накарміўшы сабаку чарговы раз, чалавек дазволіў яму застацца на ноч, а потым і назаўсёды. Так жывёліна здабыла дом і любімых гаспадароў, а таксама новы статус — хатняга гадаванца.

І ўсё б нічога, калі б не адно але… Гаспадары сабакі — пажылая пара, якая жыве на пятым паверсе. Абое з прычыны праблем са здароўем ужо рэдка выходзяць на вуліцу: мужчына нават па кватэры перасоўваецца з кіем. Таму выгульваць сабаку, як належыць, яны не могуць.

«Каб выйсці на двор, мне неабходна пераадолець 77 прыступак уніз і потым столькі ж уверх, — з болем у голасе кажа гаспадар сабакі. — Для мяне гэта цяпер вельмі складана. А сабака аказаўся вельмі разумны, яму дастаткова адчыніць дзверы — і ён сам ідзе гуляць, а потым вяртаецца.

Практычна кожную ноч жывёліна спіць у сваёй цёплай будцы ў нас на балконе. Я збудаваў там для яго будку, заслаў пакрывалам: яму там суха і цёпла».

Нядаўна ў дзверы кватэры пажылых браслаўчан пастукаў участковы. З яго слоў стала зразумела:

суседзі незадаволеныя, што гэты сабака гуляе па вуліцы адзін, без гаспадара, ланцужка і намордніка, часта ляжыць пад дзвярыма пад'езда і, самае галоўнае, да яго прыходзяць «сябры» — бадзяжныя сабакі.

Міліцыянт нагадаў пенсіянерам аб правілах утрымання хатніх жывёл згодна з законам. Але пажылыя людзі, з прычыны слабога здароўя, так і не змаглі вырашыць праблему з выгулам: іх гадаванец і па сёння свабодна бегае па вуліцы і рэгулярна далучаецца да зграі бадзяжных суродзічаў.

«Сабака малады і вельмі добразычлівы, ён ніколі нікога не пакусаў, нават з катамі сябруе, — сцвярджае мужчына. — Не ўсыпляць жа мне яго, ён ні ў чым не вінаваты. Гэта я праявіў слабасць, узяў бяздомнага шчанюка да сябе, адкарміў, абагрэў, а вунь як усё павярнулася! Мяне вінавацяць нават у тым, што ў нашым двары жыве зграя іншых сабак.

Я не ведаю, як вырашыць гэту праблему. Можа, хтосьці гатовы ўзяць да сябе ў дом лагоднага, ласкавага сабаку і даць яму яшчэ адзін шанец на нармальнае жыццё?

«Калі прыручылі — адказвайце за яго да канца»

На самай справе амаль усе жыхары дома ведаюць маладога сабаку, пра якога ідзе гаворка. Яны ў адзін голас кажуць, што асабіста за ім не заўважалі агрэсіі, але ён вырас да даволі вялікіх памераў і, гуляючы ў двары, часта палохае не толькі дзяцей, але і дарослых. Не дае праходу людзям, якія выгульваюць сваіх гадаванцаў на павадку.

Таксама суседзі сцвярджаюць, што сабака яўна лічыць сябе часткай бадзяжнай зграі, бо ўвесь час бегае з ёй, уступае ў «разборкі», удзельнічае ў бойках. Больш за тое, на думку жыхароў дома, менавіта з-за яго зграя штодня доўгі час праводзіць у гэтым двары, палохае мінакоў, начным брэхам парушае цішыню.

Са слоў суседкі, якая выклікала ўчастковага, яна ні ў якім разе не хоча, каб сабаку ўсыпілі. Жанчына любіць жывёл, у яе самой ёсць хатнія гадаванцы, якіх яна вельмі любіць, але просіць не выпускаць на вуліцу дарослага сабаку аднаго.

«Наогул усё пачалося не з суседскага сабакі, — кажа жанчына. — Калі бадзяжная зграя стала практычна жыць у гэтым двары і часцей за ўсё размяшчацца ля нашага пад'езда, не даючы праходу, то я патэлефанавала ў камунальную службу і распавяла пра сітуацыю. Бо на самай справе ў нас пад вокнамі ёсць выдатная дзіцячая пляцоўка, куды мамы прыводзяць малых, двор прахадны, і штодня праз яго ідуць сотні людзей, у тым ліку дзяцей. Ды і не магу сказаць, што сама не баюся гэтых сабак: хто ведае, што ў іх у галаве. Таму і папрасіла прыняць меры.

Дарэчы, ведаю, што не адна я тэлефанавала ў спецыяльную службу. Вядома, брыгадзе па адлове складана знайсці гэтых сабак: на тое яны і бадзяжныя, што не сядзяць у адным месцы пастаянна. Але знайсці іх магчыма, бо яны кожны дзень прыходзяць менавіта ў наш двор — спытайце любога жыхара, — сцвярджае жанчына. — Мы сёння жывём у цывілізаваным свеце, і ўсё павінна быць па правілах, згодна з законам.

Сабака не павінен гуляць па вуліцах горада без гаспадара і палохаць людзей. У двары, дзе гуляюць дзеці, не павінна жыць зграя бяздомных сабак.

Калі пажылая пара не мае магчымасці сачыць за сваім гадаванцам, выгульваць яго, як трэба, значыць, не варта было браць за яго адказнасць, а калі прыручылі — адказвайце за яго да канца».

Гаспадара сабакі, героя публікацыі, ужо запрасілі на адміністрацыйную камісію, дзе яму яшчэ раз растлумачаць правілы ўтрымання і выгулу хатняга гадаванца і, магчыма, прызначаць штраф за іх парушэнне.

Але праблема ў тым, што мужчына ўсё адно наўрад ці можа самастойна выправіць сітуацыю ў сувязі з праблемамі са здароўем. Таму, сапраўды, застаецца толькі адзін варыянт — што хтосьці з такіх самых спагадлівых людзей адгукнецца і забярэ ні ў чым не вінаватага сабаку сабе.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

15
Чаркашкварка / Адказаць
09.11.2022
Ааа, шкваркаедам мяшае сабака, а фашысцкага рэжыма i расейскай акупацыi яны не зауважаюць, ну ну, пагоняць хутка у акопы гiнуць за пуцiна
2
No / Адказаць
10.11.2022
Вельмі сумна за сабаку і гаспадароў, але судзіць гаспадароў праз  іх здароўе - гэта дно.
А даць штрафу для міліцыі - гэта святое. Без гэтага яны не могуць, ім заўсёды трэба кагоніць пакараць
1
Рос / Адказаць
10.11.2022
Кастрыраваць сабаку, не? А па факту і праўда яму трэба іншыя гаспадары(
Паказаць усе каментары/ 9 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру