У спіс дэпутатаў, якіх не варта занадта свяціць у публікацыях, трапілі кіраўнік думскага камітэта па абароне Андрэй Картаполаў, дэпутаты-генералы Андрэй Гурулёў, Віктар Заварзін, Андрэй Красаў і кіраўнік камітэта па справах жанчын Ніна Астаніна. Усе яны, на думку крамлёўскай адміністрацыі, дазваляюць сабе залішнюю самастойнасць у выказваннях і крытыку расійскіх войскаў.

Прадстаўнікі блока першага намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Сяргея Кірыенкі далі ўказанні дзяржСМІ наконт цытавання некаторых дэпутатаў Дзярждумы. Парламентарыі, якія трапілі ў спіс, неаднаразова выказваліся пра ход вайны, у тым ліку выстаўлялі Крэмль у нявыгадным святле, распавёў «Вёрстцы» блізкі да ніжняй палаты суразмоўца.

У сувязі з гэтым было прынята рашэнне цытаваць іх «толькі з [інфармацыйных] агенцтваў і ў мінімальным аб'ёмах, калі гэтага патрабуе навінавы парадак дня», распавёў суразмоўца ў адным са СМІ, якія атрымалі рэкамендацыі.

«Указанні нам прыходзяць з упраўлення па грамадскіх праектах [Крамля], ад [кіраўніка ўпраўлення] Сяргея Новікава», — растлумачыў ён.

Згаданыя дэпутаты «трапілі ў спіс таксічных» з-за сваіх выказванняў, у асноўным тых, што тычацца ходу вайны, частковай мабілізацыі і забеспячэння фронту. «Пасля пачатку мабілізацыі, ды і наогул з лютага не была выпрацавана інфармацыйная стратэгія ўладаў, — патлумачыў адзін з суразмоўцаў «Вёрсткі». — Усе каментавалі, хто на што здольны, Крэмль не паспяваў раздаваць указанні».

Менавіта таму, сцвярджае суразмоўца, шэраг парламентарыяў паспелі зрабіць вельмі непрыемныя для адміністрацыі прэзідэнта заявы, а таксама «пракаментаваць тое, чаго яны не ведаюць і што іх не тычыцца». Такая «інфармацыйная неахайнасць» моцна пашкодзіла федэральным уладам, бо з-за напружанасці, якая ўзнікла праз вайну ў грамадстве, людзі пачалі вельмі востра рэагаваць на шматлікія заявы ў СМІ, не разбіраючы, хто сказаў, навошта сказаў. Сярод іншага, дэпутаты пачалі абяцаць ратацыю кадраў і крытыкаваць прадстаўнікоў уладаў, што з'яўляецца недапушчальным, упэўнены ён.

Хто пра што казаў

Кіраўнік абароннага камітэта Дзярждумы Картаполаў (да пераходу ў Дзярждуму — намеснік міністра абароны) у нядаўнім каментары РБК дапусціў магчымасць кадравых перастановак з-за скаргаў мабілізаваных. «Тое, што гэтая інфармацыя з'яўляецца, гэта добра. Таму што гэта дае магчымасць хутчэй прымаць рашэнні, — заявіў дэпутат. — Добра, што праблема вырашаецца, добра, што ідзе вельмі аператыўная рэакцыя на гэтыя праблемы, але дрэнна, што гэтыя праблемы з'яўляюцца. Па ўсіх гэтых выпадках будзе праведзена разбіральніцтва і прынята неабходнае рашэнне, у тым ліку і кадравае».

Кіраўнік думскага камітэта не павінен быў анансаваць змену кадраў і ўжо тым больш абяцаць яе, упэўнены суразмоўца «Вёрсткі»: у Картаполава проста няма такіх паўнамоцтваў, а яго словы — «здагадкі і нейкія ўласныя адчуванні». Абяцаць кадравыя рашэнні — прэрагатыва Крамля і ўрада, «але ніяк не дэпутата, за што ён і трапіў у стоп-спіс», падкрэсліла крыніца.

Таксама ў пачатку лістапада Картаполаў, як паведамлялі «Известия», стаў сааўтарам законапраекта аб распрацоўцы крымінальнага пакарання для ўхілістаў. Хоць аўтары ініцыятывы казалі пра гатоўнасць унесці яе ў Дзярждуму, пазней у «Адзінай Расіі» заявілі, што законапраект страціў актуальнасць. Гэты законапраект не спадабаўся Крамлю: па меркаванні адміністрацыі прэзідэнта, ён «разгойдваў лодку» і дадаткова палохаў людзей, якія былі ў стрэсе з-за мабілізацыі.

Гурулёў, Красаў і Заварзін падтрымлівалі выказванні кіраўніка свайго камітэта і рабілі ўласныя заявы. Гурулёў, па словах крыніцы «Вёрсткі» ў дзяржСМІ, «у апошні час сапраўды адвязаўся». «Пасля здачы Лімана ён стаў адкрыта лаяць Мінабароны», — нагадаў суразмоўца. Менавіта Гурулёў разам з кіраўніком Чачні Рамзанам Кадыравым выступіў з крытыкай камандуючага Цэнтральнай ваеннай акругай Аляксандра Лапіна за страту ўкраінскага горада.

Сама лінія крытыкі была абраная верна, разважае крыніца, блізкая да Дзярждумы, але пасля гэтага ў дэпутата «сарвала дах» і ён стаў занадта рэзка выступаць супраць ваеннага кіраўніцтва. Таксама ён аказаўся ў цэнтры скандалу, калі ў сваім тэлеграм-канале заявіў аб знікненні 1,5 млн камплектаў вайсковай формы са складоў Мінабароны. Пасля ў размове са студэнтамі Забайкальскага ўніверсітэта дэпутат распавёў, што гэтай справай цяпер займаюцца праваахоўныя органы.

Дэпутат Заварзін раскрытыкаваў ідэю Кадырава паслаць сваіх сыноў у зону баявых дзеянняў. «Кадыраў, вядома, баявы генерал, кіраўнік. Чачэнцы добра ў нас ваююць, добра ставяцца да падрыхтоўкі рэзервістаў. Але дзеці катэгарычна не падлягаюць прызыву паводле закона, закон з 18 гадоў, а мабілізуюцца цяпер наогул тыя, хто служыў, мае вайскова-ўліковую спецыяльнасць, — нагадаў ён. — Яны ж не служылі. Няхай дзеці вучацца, рыхтуюцца, а тое, што чачэнцы — баявыя хлопцы, добра служаць, гэта адназначна, я многіх ведаю».

Прызначанаму Дзярждумай каардынатарам палітычных працэсаў у анексаваную Запарожскую вобласць Андрэю Красаву не варта было выказвацца пра забарону вяртацца ў Расію дзеячам, якія пакінулі краіну з пачатку мабілізацыі, лічаць суразмоўцы «Вёрсткі».

«Гэта, па сутнасці, здрада інтарэсам нашай краіны. Для захавання дзяржавы мы павінны абараняцца, у тым ліку і ад такіх катэгорый пакуль яшчэ грамадзян РФ, — казаў ён. — Яны выбралі заходні свет, зялёныя фанцікі. Хай яны і далей змагаюцца за інтарэсы тых дзяржаў, дзе больш дэмакратычна, на іх думку. А РФ, згуртаваўшыся вакол Уладзіміра Пуціна, павінна сказаць «не» гэтым дзеячам. Тых, хто з'ехаў, дэпутат таксама назваў «першымі пацукамі», якія бягуць «з карабля, які яшчэ не тоне».

«Гэта значыць, ён можа пачаць тануць? Навошта так казаць? — здзіўляецца суразмоўца «Вёрсткі». — Ён [Красаў] на добрым рахунку, але навошта такое казаць».

Крыніца таксама не выключае, што ў будучыні спіс «таксічных» парламентарыяў можа быць пашыраны.

Клас
4
Панылы сорам
1
Ха-ха
51
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
4