Цяперашні будынак касцёла Святога Язэпа. Фота: t.me/spadczyna

Цяперашні будынак касцёла Святога Язэпа. Фота: t.me/spadczyna

Касцёл Святога Язэпа стаіць у Верхнім горадзе Мінска на вуліцы Кірылы і Мяфодзія. Гэта помнік архітэктуры позняга барока, ён мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Каталіцкая святыня ў камунальнай уласнасці. Улады шмат год абяцаюць аддаць храм вернікам, але там пакуль размешчаны архіў.

Рэстаўрацыйныя работы вядуцца пад кіраўніцтвам архітэктара Рамана Забелы з навукова-праектнага цэнтру «Рэстабіліс».

«Выгляд барочных храмаў, які вядомы нам, — вынік шматлікіх перафарбовак, бо барочныя храмы не былі аднатоннымі (і тым больш белымі), але нам амаль не даводзілася бачыць іх у гістарычнай афарбоўцы», — піша тэлеграм-канал «Спадчына» наконт рэстаўрацыі.

Аўтары згадваюць прыклады аднаўлення колеравага рашэння — Брыгіцкі касцёл у Гродне, касцёл Божага Цела ў Нясвіжы.

Ранейшы белы будынак касцёла Святога Язэпа. Фота: poshyk.info

Ранейшы белы будынак касцёла Святога Язэпа. Фота: poshyk.info

Эксперт «Нашай Нівы», даследчык беларускай мінуўшчыны, які папрасіў аб ананімнасці, адзначае, што помнікі архітэктуры, якія мы бачым сёння, не заўжды мелі звыклы нам выгляд. Звычайна іх шчодра расквечвалі, адпаведна з густамі эпохаў і магчымасцямі ў розны час.

«У эпоху барока храмы былі рознакаляровымі. Афарбоўка імітавала розныя адценні каштоўных камянёў, часам дадавалі выявы скульптур, фрэскі на фасадах, — даводзіць эксперт. — А той выгляд, з якім мы зжыліся цягам апошніх двух стагоддзяў, храмы набылі за расійскім часам, калі ўсё было пафарбавана ў белае і жоўтае, што стала сінонімам казёншчыны. Часам, насамрэч, не маючы іншых магчымасцяў, храмы густа бялілі. У гэтым быў і рацыянальны сэнс: вапна забівае грыбкі і цвіль».

Эксперт лічыць, што новая афарбоўка зрабіла касцёл Святога Язэпа больш заўважным.

«Большасць нават менчукоў не здагадваецца пра ягонае існаванне і гісторыю, — даводзіць ён. — Таму гэта выдатны і бязбольны спосаб яго вярнуць у прастору горада! Для неабазнаных пакуль ён глядзіцца дзіўна. Але такому колераваму рашэнню папярэднічалі доўгія даследаванні і аналізы, зандажы сценаў, падбор колераў».

Гараджане тым часам дыскутуюць у сацсетках наконт удачлівасці абранага калеру.

«Пернікавы домік», — параўноўваюць.

«Раней проста не было каляровых фота, — мяркуе яшчэ адзін удзельнік дыскусіі, — а чыстая вапнавая пабелка была або бежавая, або блакітная. Так што каб і хацелі беленькім зрабіць, то не атрымалася б!»

Касцёл Святога Язепа цяпер. Фота: t.me/spadczyna

Касцёл Святога Язепа цяпер. Фота: t.me/spadczyna

Некаторыя настойваюць, што для іх больш звыклы белы колер храма. Разам з тым яны прызнаюць, што каталіцкія храмы фарбавалі і ў жоўты.

«Калі не памыляюся, жоўты колер прыйшоў бліжэй да канца XVIII стагоддзя і быў больш характэрным для класіцызму», — гаворыцца ў адным з каментароў.

«Спадзяюся, гэтая каларыстыка мае нейкую навуковую абгрунтаванасць? Нехта ж мусіў перад рэстаўрацыяй рабіць даследаванне?» — задаюцца пытаннем у каментарах.

«Перад тым, як сцябацца, каторы б займеў сабе клопат пагаварыць з навуковым кіраўніком, дарэчы, не горшым архітэктарам-рэстаўратарам з маладога пакалення, але ўжо з пэўным досведам выканання работ на помніках архітэктуры», — адказваюць у адным з каментароў.

«Да кіраўніка прэтэнзій нуль, але выглядае дзіўнавата», — не пагаджаюцца.

На Віцебшчыне не засталося райцэнтраў, у якіх няма сталага каталіцкага храма. Асвяцілі касцёл у Сянне ФОТЫ

На мінскай царкве ўстанавілі самы вялікі купал у Беларусі. Яго вага — 12 тон

Мінскія ўлады адмовілі вернікам Чырвонага касцёла на просьбу маліцца ў касцёле або каля яго

Клас
17
Панылы сорам
3
Ха-ха
2
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
1