Фота ілюстрацыйнае
У Дзяржаўным памежным камітэце выданню паведамілі, што сёння, 8 лістапада, з нуля гадзін памянялі тэхналагічную карту пропуску: на электрасамакатах праз мяжу нельга.
З чым менавіта звязана абмежаванне на праезд праз пункты пропуску на самакатах — дакладна невядома.
Можна меркаваць, што ўскосна да гэтай забароны маюць дачыненне новыя правілы дарожнага руху, якія ўступілі ў сілу з 27 кастрычніка. У папраўках да правіл гаворыцца, што электрасамакаты, гіраскутары і сегвеі не лічацца транспартнымі сродкамі, а іх карыстальнікі прыраўноўваюцца да пешаходаў.
Што тычыцца ровараў, то па новых ПДР яны працягваюць заставацца транспартнымі сродкамі, і перасякаць на іх пункты пропуску па-ранейшаму можна.
Раней гродзенцы неаднаразова расказвалі, наколькі зручна ездзіць за мяжу на электрасамакатах — у агульных чэргах стаяць не трэба, запас ходу дасягае 50 км, а зараджацца даюць на любой запраўцы. Акрамя таго, электрасамакат зручна складваецца і змяшчаецца ў спадарожны аўтамабіль альбо грамадскі транспарт.





