Як усё пачыналася: ажыятаж у СМІ і некалькі пераносаў адкрыцця

У пачатку ліпеня дворык завода «Прамень» каля парку Чалюскінцаў сталі актыўна размалёўваць графіці і мураламі, а ў Instagram з'явіўся акаўнт новага фудкорта. Там размясцілі пост аб наборы аператараў і анансавалі хуткае адкрыццё.

Чаканняў ад новага праекта ў мінчукоў было шмат: яркае месца ў стылі лацінаамерыканскіх кварталаў, дзе абяцалі карміць, паіць, арганізоўваць мерапрыемствы і, у адрозненне ад канкурэнтаў, працаваць круглы год. Фудкорт павінен быў стаць новым пунктам прыцягнення.

Цікавасць падагравалі СМІ і блогеры, якія рабілі шмат аглядаў і быццам знарок укідвалі розныя даты адкрыцця. Спачатку казалі, што праект запрацуе 22 ліпеня, потым з'явілася інфармацыя, што фудкорт адкрыюць 1 жніўня — але гэтага не адбылося. У выніку «Найлепшая вуліца» пачала прымаць наведвальнікаў 12 жніўня — але ў тэставым рэжыме.

За першыя тры дні працы ў тэставым рэжыме, па звестках арганізатараў, фудкорт наведалі каля 20 000 чалавек. Дату афіцыйнага адкрыцця абяцалі паведаміць пазней і арганізаваць з гэтай нагоды мерапрыемства з выступленнямі артыстаў, кавер-бэндаў і майстар-класамі, але, мабыць, вырашылі, што гэта ўжо не актуальна.

Што адбывалася на вуліцы на працягу гэтых двух месяцаў?

На этапе запуску «Найлепшай вуліцы» анансавалі, што наведвальнікаў будуць чакаць 28 фудтракаў — ад еўрапейскай да кубінскай кухняў, але ў верасні іх працавала ўсяго 15. Прычым у каментарыях пад Instagram-пастамі мінчукі наракалі, што, нягледзячы на абвешчаны рэжым працы з 12 дня, у гэты час шмат устаноў заставаліся зачыненымі — і нават праз некалькі гадзін адчыняліся не ўсе. Ды і сам час працы вуліцы падкарэктавалі: калі першапачаткова заяўлялі, што чакаюць гасцей штодня з 12:00 да 02:00, то пазней сталі зачыняцца ў 23:00.

Нягледзячы на гэта, за два месяцы з лішкам на «Найлепшай вуліцы» паспелі правесці Бачата open air, Family days з аніматарамі і конкурсамі, модны паказ беларускіх дызайнераў, «Гарошак маркет» і некалькі закрытых мерапрыемстваў. Па выхадных тут ігралі дыджэі і кавер-бэнды, арганізоўвалі гульні і караоке, паказвалі жывыя трансляцыі футбольных матчаў. Прайшло і некалькі кінапаказаў, але потым іх раптам адмянілі па тэхнічных прычынах.

А 13 кастрычніка ў акаўнце праекта раптам з'явілася наступнае паведамленне: «Сябры, «Найлепшая вуліца» сыходзіць на вакацыі! З 15 кастрычніка мы закрываем нашу браму да новага сезона, але абавязкова вернемся на навагоднія святы. А сустрэнемся з вамі ўжо наступнай вясной з абнаўленнямі. Сачыце за намі ў сацыяльных сетках, каб не прапусціць калядныя акцыі і гулянні».

Што магло пайсці не так: «Мінску цяпер трэба не больш за адну вулічную фуд-пляцоўку»

CityDog.io звярнуўся па каментарый да «Найлепшай вуліцы», але на яго запыт не адказалі. Таму выданне папрасіла выказаць меркаванне, што магло пайсці не так, аднаго з мінскіх рэстаратараў, які пажадаў застацца ананімным. 

Гэты эксперт дапусціў, што пляцоўка мела праблемы з якасцю і стабільнасцю ежы, ды і ўвогуле гораду цяпер не трэба больш за адну вулічную фуд-пляцоўку. Напэўна і сезон быў не самы ўдалы, бо восеньскае надвор'е не спрыяла, і месца не зусім добрае, бо з аднаго боку ў пешай даступнасці няма вялікіх сучасных кварталаў, а для наведвання такіх праектаў вельмі важная маладая аўдыторыя, з другога ж — гэта не цэнтр.

Адносна ж таго, што людзям у цяперашніх рэаліях можа быць наогул не да ежы і забаваў, рэстаратар адказаў, што ў прынцыпе людзям заўсёды да ежы, пытанне толькі дзе і за колькі. А такі фармат проста не вельмі актуальны для нашых шырот. У нас не так шмат цёплых месяцаў, каб есці на вуліцы было камфортна. Да таго ж і цэны на фуд-пляцоўках часта не надта адрозніваюцца ад цэнаў ва ўстановах з поўным сэрвісам і камфортам.

Што ж тычыцца такіх мінскіх праектаў, як «Пясочніца» ці Lidbeer Dvor, якія дастаткова паспяхова працуюць ужо не першы сезон, то, на думку эксперта, Lidbeer Dvor мае бюджэт на падтрымку праекта ў цяжкія месяцы, а «Пясочніца» была першай і доўга адзінай — таму стала легендай і глыбока засела ў свядомасць людзей. А вось у «Найлепшай вуліцы» ні першага, ні другога ў актыве не было, таму яна і не вытрымлівае канкурэнцыі.

Чытайце таксама:

У Расіі з'явілася копія вядомага мінскага бара «Сіняя каза». Сплагіяцілі літаральна ўсё

Паглядзіце, якія крутыя постэры на тэму экалогіі з’явіліся ў Мінску

Клас
7
Панылы сорам
3
Ха-ха
16
Ого
3
Сумна
2
Абуральна
7