Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі і Джэйк Саліван 4 лістапада 2022 года ў Кіеве. Фота: Ukrainian Presidential Press Office via AP
Саліван, які знаходзіўся ў Кіеве з неанансаваным візітам, прызнаўся, што аперацыя па вызваленні Херсона стала адной з тэмаў, якія абмяркоўваліся падчас ягонага візіту.
«У мяне была магчымасць атрымаць інфармацыю ад вайсковых кіраўнікоў Украіны аб планаванні гэтых намаганняў (па вызваленні Херсона), і, вядома, амерыканскія вайскоўцы знаходзяцца ў цесным кантакце з украінскімі і абмяркоўваюць гэта», — заявіў амерыканскі чыноўнік.
Саліван таксама падкрэсліў, што Белы дом акажа ўсю неабходную падтрымку для гэтага:
«Не мая справа — ацэньваць сітуацыю на полі бою. Мая задача — пераканацца, што мы даём Украіне тое, у чым яна мае патрэбу, каб гэта адбылося».
Ён паабяцаў таксама дадатковую дапамогу, непасрэдна адаптаваную да патрэбаў Херсонскай аперацыі.
«Я сёння зноў перапытаў, што неабходна (для завяршэння гэтай аперацыі), і я ўпэўнены, што мы зможам даць тое, што неабходна для гэтай бітвы», — заявіў ён.
Сёння таксама стала вядома, што ўвойдзе ў новы пакет вайсковай дапамогі ЗША Украіне аб'ёмам у 400 мільёнаў даляраў:
- фінансаванне мадэрнізацыі ракет СПА;
- 45 адрамантаваных танкаў Т-72Б з удасканаленай оптыкай, сувяззю і бранёй;
- 1100 тактычных беспілотных лятаючых апаратаў Phoenix Ghost;
- 40 браніраваных рачных катараў;
- фінансаванне мадэрнізацыі 250 браніраваных машын аховы M1117;
- тактычныя абароненыя сістэмы сувязі і сістэмы назірання;
- фінансаванне для навучання, тэхнічнага абслугоўвання і падтрымкі.





