Фота: ranak.me
Эканамічны суд Гомельскай вобласці на мінулым тыдні прыняў рашэнне спагнаць з ТАА «Светлагорскі завод зварачных электродаў» на карысць Банка «Дабрабыт» 6,19 млн рублёў запазычанасці па крэдытнай дамове ад 12 мая 2021 года і 61 900 рублёў дзяржпошліны. Паколькі крэдыт выдаваўся пад заклад маёмасці завода, суд пастанавіў арганізаваць распродаж прыналежнай заводу нерухомасці, заводскага абсталявання і станкоў, а таксама транспарту.
З малатка пойдуць цэхі, склады, чатыры грузавыя цягачы DAF 2012 года выпуску, прычэпы да іх, тэхналагічныя лініі, станкі, печы, тэрматунэлі і іншае абсталяванне для вытворчасці электродаў.
Рашэнне можа быць абскарджана на працягу пятнаццаці дзён.
Напярэдадні вайны Светлагорскі завод зварачных электродаў быў найбуйнейшым у Беларусі і адным з буйнейшых у СНД вытворцаў зварачных электродаў. Прадпрыемства адзначылі на раённай і абласной Дошках гонару, яно было буйнейшым экспарцёрам у Расійскую Федэрацыю.
Па стане на чэрвень 2019 года, на прадпрыемстве працавалі 465 чалавек. Людзі атрымлівалі стабільны, вышэйшы за сярэдні па рэгіёне заробак.
Фота: sn.by. Дырэктар ПВУП «Белая Русь» Пётр Кузьмянок выступае на адкрыцці ТАА СЗСЭ ў 2010 годзе.
Вытворчасць электродаў у Светлагорску была адкрыта ў 2005 годзе прадпрыемствам «Белая Русь» светлагорскага бізнэсмена Пятра Кузьмянка.
У 2010 годзе было створана ТАА «Светлагорскі завод зварачных электродаў». У склад заснавальнікаў увайшло Вінніцкае публічнае акцыянернае таварыства «ПлазмаТэк» — гэта буйны вытворца зварачных электродаў, лідар на рынку СНД.
Украінскі акцыянер інвеставаў у прадпрыемства ў Светлагорску каля $1 млн, яны пайшлі на набыццё новай вытворчай лініі па выпуску электродаў.
У 2013 годзе ТАА «СЗСЭ» ўпершыню прызналі лепшым прадпрыемствам-экспарцёрам Гомельскай вобласці.
Амаль адразу пасля пачатку вайны ва Украіне ўкраінскі мэнэджмент Светлагорскага завода пакінуў Беларусь.
Неўзабаве прадпрыемства пайшло на прастой, а 23 сакавіка на сайце СЗСЭ ад імя кіраўніцтва групы кампаній «ПлазмаТэк» была апублікавана заява аб тым, што дзейнасць Светлагорскага завода зварачных электродаў спынена.
Адначасова на сайце «ПлазмаТэк» зʼявілася паведамленне і аб спыненні дзейнасці кампаніі ў Расійскай Федэрацыі.





