Расійскія тэлеграм-каналы паведамляюць, што сцяг РФ, які вісеў над будынкам абласной адміністрацыі акупаванага Херсона, знік.
Пазней кіраўнік Херсонскага аблсавета Юры Сабалеўскі пацвердзіў, што фота будынка абласной адміністрацыі зроблена сёння, 3 лістапада.
«Херсон быў, ёсць і будзе ўкраінскім», — падкрэсліў Сабалеўскі.
Таксама паведамляецца, што зніклі і блокпасты ў ваколіцах акупаванага горада: у Чарнабаеўцы, Сцяпанаўцы і ў Белазёрцы.
Раней расійская акупацыйная адміністрацыя настойліва рэкамендавала жыхарам правабярэжнай часткі Херсонскай вобласці эвакуявацца. Акрамя таго, расіяне абвясцілі прымусовую эвакуацыю 15-кіламетровай зоны ўздоўж левага берага Дняпра. Эксперты палічылі, што расіяне такім чынам рыхтуюць адступленне з правага берага і новую лінію абароны па Дняпры.





