На днях аб пераводзе на «чатырохдзёнку» часткі прадпрыемстваў на працягу паўгода абвясцілі ў Партугаліі. Улады паведамілі, што скарачэнне заробкаў супрацоўнікам і фінансавая кампенсацыя дзяржавы наймальнікам не прадугледжаная.

Напрыклад, маштабны эксперымент у Ісландыі па ўкараненні чатырохдзённага працоўнага тыдня без зніжэння заробку паказаў эфектыўнасць такога рэжыму працы. Спецыялісты зафіксавалі зніжэнне ўзроўню стрэсу ў работнікаў. Прадукцыйнасць працы пры гэтым захавалася на ранейшым узроўні ці нават узрасла.

З 27 краін Еўрасаюза толькі ў пяці: Францыі, Фінляндыі, Даніі, Нідэрландах і Літве — сярэдняя працягласць працоўнага дня не перавышае 40 гадзін у тыдзень.

Вялікабрытанія таксама праводзіць сваё маштабнае выпрабаванне па вывучэнні скарачэння працоўнага часу, у аснове якога ляжыць мадэль 100:80:100 — 100 % аплаты, 80 % часу, 100 % прадукцыйнасці.

Эксперымент, які пачаўся ў чэрвені, працягнецца шэсць месяцаў і ахопіць 3300 работнікаў. Праект праводзіцца сумесна з глабальнай платформай 4 Day Week Global, якая ўзначальвае даследаванні на гэтую тэму. Прадстаўленыя ёю высновы паказваюць не толькі паляпшэнне самаадчування работнікаў, але і павышэнне прадукцыйнасці працы.

У Бельгіі запланавалі пераход на чатырохдзённы працоўны тыдзень, але без скарачэння працоўных гадзін. Мяркуецца, што грамадзяне будуць працаваць цяпер 9,5 гадзін у дзень.

Прафсаюзы ў пераважнай большасці выступаюць супраць чатырохдзённага працоўнага тыдня, паколькі бачаць у ёй перш за ўсё спробу ліквідаваць дасягненні работнікаў, адлюстраваныя ў законах аб васьмігадзінным працоўным дні.

Пілотны праект пераходу на чатырохдзённы працоўны тыдзень праваліўся ў іспанскім тэлекамунікацыйным гіганце Telefónica. Рабочыя адхілілі прапанову аб скарачэнні працоўнага дня і разам з гэтым заработнай платы.

Клас
13
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
3
Сумна
2
Абуральна
0