Пуцін падчас перадвыбарчай кампаніі 2018 года. Фота: ТАСС

Пуцін падчас перадвыбарчай кампаніі 2018 года. Фота: ТАСС

Адзін з суразмоўцаў «Медузы» падкрэсліў: «Пра нейкіх іншых кандыдатаў [ад улады] гаворкі не ідзе». Ён дадаў, што «спарынг-партнёрамі» Пуціна стануць прадстаўнікі парламенцкіх партый. «Ліберальных кандыдатаў не будзе, нават для выгляду», — адзначыла крыніца.

Іншы суразмоўца «Медузы», блізкі да пуцінскай адміністрацыі, расказаў, што звычайна да прэзідэнцкіх выбараў у Крамлі пачынаюць рыхтавацца прыкладна за паўтара года да дня галасавання (традыцыйна гэта другая нядзеля сакавіка). Спачатку ў адміністрацыі вызначаюць тыя самыя «контуры» кампаніі, а затым выбіраюць паліттэхнолагаў, якія будуць «адказваць» за галасаванне ў рэгіёнах.

Пасля гэтага — за некалькі месяцаў да галасавання — у рэгіёнах выбудоўваюць «мабілізацыйныя сеткі», гэта значыць вырашаюць, хто і як будзе «мабілізоўваць» бюджэтнікаў і іншых лаяльных да ўлады выбаршчыкаў. Прыкладна ў тыя ж тэрміны вызначаецца канчатковая ідэалагічная стратэгія кампаніі.

Пакуль нават агульны змест гэтай стратэгіі не цалкам зразумелы. Блізкія да Крамля суразмоўцы «Медузы» растлумачылі: на гэты момант зразумела толькі тое, што чарговая пуцінская кампанія будзе будавацца вакол «антызаходніх» наратываў. Пуцін, як звычайна, будзе разважаць аб «вяртанні велічы Расіі, барацьбе з Захадам і шматпалярным свеце».

Пры гэтым ва ўнутрыпалітычным блоку АП упэўненыя, што запыт на такую рыторыку не вельмі высокі: «Гэта не тое, што хвалюе выбаршчыка, а тое, што цікава самому прэзідэнту».

На гэты момант у Крамлі спадзяюцца, што да прэзідэнцкіх выбараў вайна з Украінай будзе скончаная. Але чым менавіта — незразумела. «Што будзе абвешчана перамогай? На выбары трэба выходзіць з дасягненнямі. Напрыклад, з нейкім наборам далучаных тэрыторый. Але якія гэта будуць тэрыторыі — гэта пакуль незразумела», — падкрэсліла адна з крыніц.

Нягледзячы на гэта, у Крамлі маюць намер дамагчыся для Пуціна рэкордных вынікаў на будучых выбарах. Блізкі да адміністрацыі суразмоўца «Медузы» патлумачыў:

«Пасля таго, якія паказчыкі былі афіцыйна агучаныя на «рэферэндумах па далучэнні» [самаабвешчаных] «ДНР» і «ЛНР», Херсона і Запарожжа, паказваць нешта моцна ніжэйшае будзе нельга. Падтрымка павінна быць татальнай. У тым ліку для дэманстрацыі папулярнасці прэзідэнта Захаду».

На прэзідэнцкіх выбарах 2018 года яўка склала 67,54%, а Пуцін, па афіцыйных звестках, набраў 76,69% галасоў. На «рэферэндумах» за «далучэнне да Расіі» ўкраінскіх тэрыторый прагаласавалі амаль 100%.

Разам з тым адзін з паліттэхнолагаў, якія супрацоўнічаюць з Крамлём, у размове з «Медузай» прызнаўся, што самым «лагічным» і «зразумелым» варыянтам было б наогул не праводзіць выбары ў 2024 годзе, а ўвесці па ўсёй Расіі ваеннае становішча і адкласці галасаванне.

«Да 2024 года эканамічныя наступствы санкцый і ізаляцыі праявяцца ў поўнай меры. Зразумела, што вынік можна паказаць які заўгодна, але навошта трэба бударажыць насельніцтва не самымі праўдападобнымі рэкорднымі лічбамі?» — патлумачыў ён.

Пры гэтым суразмоўца «Медузы» падкрэсліў, што такі сцэнар наўрад ці магчымы: «Уладзімір Пуцін любіць бачыць вынікі народнай падтрымкі».

Клас
2
Панылы сорам
0
Ха-ха
5
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
8