Страх цемры — даволі папулярная рэч, асабліва сярод дзяцей. Страхі ўвогуле з’яўляюцца нармальнай часткай развіцця дзіцяці, і ў большай часткі дзяцей страх перад цемрай з часам праходзіць.

Навукоўцы схільныя адносіць гэтую фобію да так званых гатовых страхаў, што азначае: мы гатовыя або схільныя баяцца некаторых рэчаў больш, чым іншых. Такія страхі вынікаюць з таго, што было небяспечнае для нашых далёкіх продкаў. Напрыклад, гэта страхі вышыні, павукоў, змей і цемры, тлумачыць Huffpost.

Калі ў цемры ёсць драпежнікі, наўрад ці вы іх пабачыце, і для старажытных людзей гэта таксама было актуальна. Меркавана, тыя людзі, якія пазбягалі небяспечнай цемры, мелі больш шансаў выжыць у старажытным свеце, і таму шляхам эвалюцыі гэты страх перадаўся нам.

Той, хто баіцца цемры, насамрэч можа не любіць нявызначанасць, якую гэтая цемра з сабой нясе. Большасць рэчаў, якія парушаюць наш спакой, — гэта рэчы, якія мы не можам кантраляваць і лічым непрадказальнымі, і цемра — адна з іх. Кожны раз, як мы уваходзім у цёмны пакой ці бачым чорнае начное неба, на памяць могуць прыйсці выявы з фільмаў жахаў, а дзеці могуць падумаць пра монстраў.

Таксама людзі могуць баяцца цемры, калі ў такіх абставінах з імі калісьці здарылася нешта дрэннае, напрыклад, ноччу на іх напалі ці іх абрабавалі. У такім выпадку чалавек можа пачаць асацыяваць тую дрэнную падзею з цемрай і начным часам. Страх цемры можа быць і часткай посттраўматычнага стрэсавага разладу — з’явы, з якой варта звярнуцца па дапамогу да псіхатэрапеўта.

Нарэшце, важна адсочваць свой страх цемры і заўважаць, калі ён пачынае перашкаджаць вашаму звычайнаму жыццю, дабрабыту і адносінам з іншымі людзьмі. Калі з вамі такое здарылася, псіхатэрапія можа палепшыць ваш стан.

«Цяпер я разумею, якім быў дурнем». «Тэрапія не адразу дае эфект». Чатыры рэальныя беларускія гісторыі пра дэпрэсію

«Сябар сям’і» (A Friend of the Family) — самая ўражальная крымінальная гісторыя, што толькі можна сябе ўявіць

«У тых, хто перажыў гора страты Радзімы, няма адчування будучыні». Як гаруюць беларусы

Клас
9
Панылы сорам
2
Ха-ха
2
Ого
3
Сумна
0
Абуральна
3