Багатым асартыментам, мабыць, сёння не адрозніваецца ніводная крама. І ў «Суседзях» таксама дастаткова стэлажоў, абстаўленых адным таварам.

Бліжэй да вечара на шматлікіх паліцах за выстаўленымі наперад пакаваннямі праглядаецца пустата. Дзе-нідзе дзіркі не закрытыя нават у адзін шэраг.

— Кукурузы больш няма, — разводзіць рукамі супрацоўніца адной з крам, пакуль другая спрабуе неяк расцягнуць на паліцы некалькі апошніх слоікаў, каб прыкрыць дзіру.

— Можа гарошак? — з надзеяй глядзіць яна на калегу, але тая адказвае, што гарошку таксама засталося некалькі слоікаў.

У адной з крам на пытанне аб тым, чаму так шмат пустых паліц, прадавачка адказвае, што ўсяму віной панядзелак, вечар, а завоз, маўляў, толькі заўтра.

— Крама не зачыняецца, — супакойвае яна ўстрывожаных пакупнікоў. — Проста прывоз па аўторках.

Праўда, крыху пазней дадае, што заказвае крама адны тавары, а са склада прывозяць альбо вельмі мала, альбо зусім іншае:

— І гэтыя тавары зусім не раскупляюць. Напрыклад, вось гэтыя італьянскія макароны амаль па 4 рублі за пачак не бяруць наогул. А беларускую «Пастараль» па рубель дваццаць разбіраюць.

— Як людзі гэтую вермішэль наогул есці могуць? Гэта ж усё роўна, што мокрую анучу жаваць. Ужо бульбачка і тое лепш, — дзівіцца пакупніца ў аддзеле бакалеі, прыглядаючыся да італьянскіх спагеці. — Усё ж дорага.

— Я б не сказала, што цэны ў нас высокія, наадварот, у пятніцу (21 кастрычніка) патаннела амаль усё, нешта нават на 1-3 рублі, — не згаджаецца супрацоўніца. — Паглядзіце, дзе вы знойдзеце цяпер сланечнікавы алей па 3,6 рубля за 0,8 л?

Побач з «патаннеўшым» алеем стаіць і самае папулярнае «Залатое семечка», але ўжо за 6,18 рубля за літр.

Акрамя масла ў кошыках пакупнікоў ва ўсіх крамах у асноўным малочныя прадукты. Магчыма, таму стэлажы з малочнай прадукцыяй таксама паўпустыя.

 

Здаецца, нікога не прыцягвае і маркетынгавы ход у выглядзе арыгінальных подпісаў на цэнніках: нейкая выпечка, якая засыхае, падпісаная «Я стала таннейшай», не тоўпяцца пакупнікі ў паліцы з цукрам па 2,55 рубля, хоць яркі цэннік і сцвярджае, што гэта «самая нізкая цана».

А вось соль без дапамогі не знойдзеш. У куце самай ніжняй паліцы стаяць усяго тры гатункі, пры гэтым «экстры» — апошнія два пакеты.

У мясным аддзеле адной з крамаў прадавец скардзіцца, што «мала даюць разробленай курыцы, а фаршу курынага няма ўвогуле».

Дзе сапраўды не пажалішся ні на адсутнасць тавараў, ні на больш-менш ніштаваты асартымент, дык гэта ў аддзеле алкагольнай прадукцыі.

Тым часам з дынамікаў ва ўсіх гандлёвых залах весела прапануюць спампаваць новае прыкладанне, з якім «у любімую краму хадзіць стане яшчэ больш выгадна».

Плюс гучыць абʼява, што ў «Суседзях» вакансіі на пасады прыбіральшчыц, кухонных працаўнікоў і дворнікаў. Усім ім абяцаюць заробак ад 600 рублёў.

Клас
1
Панылы сорам
22
Ха-ха
5
Ого
8
Сумна
11
Абуральна
6