Фота: Vecteezy

Фота: Vecteezy

Апошнія некалькі тыдняў расійская ваенная машына перайшла да сістэматычных бамбардзіровак украінскага насельніцтва і жыццёва важнай інфраструктуры краіны. Накіраванне ракетных атак супраць мірных грамадзян выглядае як бяссілле, улічваючы, што расійскія ўзброеныя сілы не змаглі дасягнуць ніводнай са сваіх мэтаў.

Не важна, што гэта, банальная помста альбо нейкая стратэгія — яна, тым не менш, паказвае некаторую пераемнасць у расійскіх падыходах да вядзення вайны. Гэтак жа, як падчас маршу на Берлін у 1945 годзе, баявых дзеянняў у Афганістане, Чачні, Сірыі, а пазней у Лівіі і Малі, расіяне разглядаюць мірных жыхароў як законныя цэлі ў вайне.

Але гісторыя паказвае, што стратэгічная эфектыўнасць атак на цывільнае насельніцтва мінімальная. Наўмысныя напады на мірных жыхароў суправаджалі войны цягам усёй гісторыі. Але эпоха індустрыяльнай вайны і асабліва — з'яўленне паветраных сіл у XX стагоддзі — стварылі новы падыход у вайне.

Меркавалася, што вялікія фарміраванні бамбавікоў, а затым беспілотнікі, ракеты і рэактыўная артылерыя могуць спустошыць краіну і, безумоўна, зламаць жаданне насельніцтва працягваць вайну. Альбо давесці людзей да адчаю, разбурыўшы інфраструктуру, ад якой залежыць іх жыццё.

У 1942 годзе Фрэдэрык Ліндэман, навуковы кансультант Уінстана Чэрчыля, сцвярджаў, што хоць налёты Люфтвафэ на англійскія гарады не зламалі маральны дух іх жыхароў, налёты на нямецкія гарады зробяць гэта. Але ў выніку гэтага, імаверна, не адбылося.

Калі казаць пра ЗША і Японію, тут пытанне выглядае больш спрэчным. Але ўсё ж маральных дух Японіі і воля да супраціву зламаліся на ўзроўні палітычных эліт, а не звычайнага насельніцтва.

Фота: Vecteezy

Фота: Vecteezy

Падчас В’етнамскай вайны ЗША здзейснілі самую вялікую паветраную бамбардзіроўку ў ваеннай гісторыі — 4,6 мільёна тон бомбаў, якія, паводле ацэнак, маглі забіць каля двух мільёнаў в'етнамцаў. Але тэрор, які ЗША спарадзілі сваімі бомбамі, аказаўся не большым за тэрор, які камуністычны ўрад у Ханоі распачаў супраць свайго народа. «Стратэгічныя бамбардзіроўкі» ЗША ў В'етнаме не прынеслі Амерыцы нічога, акрамя асуджэння ўсяго свету.

Войны за дэкаланізацыю з удзелам еўрапейскіх краін таксама не абыходзіліся без выпадкаў, калі цывільнае насельніцтва разглядалася як законныя мішэні. Французскі Алжыр і Бельгійскае Конга былі двума найбольш вядомымі прыкладамі, дзе камандзіры рабілі з цывільных асоб саўдзельнікаў паўстанцаў — з мэтай пакараць, стрымаць далейшы саўдзел.

Такія агрэсіўныя дзеянні толькі паскорылі працэс дэкаланізацыі, зрабіўшы яго яшчэ больш жорсткім. Цяжкі ўрок, які можна было вынесці з такіх канфліктаў, — мірнае насельніцтва лепш ізаляваць ад паўстанцкіх войнаў, а не ўцягваць у іх.

Але паветраныя войны, у прыватнасці з выкарыстаннем ракет і сучасных беспілотнікаў для знішчэння жыццёва важнай цывільнай інфраструктуры, застаюцца спакуслівымі для палітыкаў.

Якімі б спакуслівымі ні былі новыя тэхналогіі, гісторыя паказвае, што бамбаванне ніколі не ламае волі да супраціву любога насельніцтва, якое хоча супраціўляцца.

Такім чынам, складана знайсці абгрунтаванне расійскай паветранай кампаніі ва Украіне. Новы камандзір, генерал Суравікін, безумоўна, верыць у ціск на мірнае насельніцтва. Ён дэманстраваў гэта і ў Чачні, і ў Сірыі. У красавіку 2019 года, калі ён быў расійскім камандуючым у Сірыі, расійскія і сірыйскія ўрадавыя войскі метадычна бамбілі ўсе 24 шпіталі ў Ідлібе.

Клас
4
Панылы сорам
2
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
3
Абуральна
9