Фота: сацсеткі

Фота: сацсеткі

Магілёўшчына і Гомельшчына: «У нас з грыбамі бяда»

«Сёлета не ўрадзілі», — наракаюць грыбнікі з Гомельскай і Магілёўскай абласцей. У тым, што грыбная ўдача адвярнулася ад іх яны вінавацяць неспрыяльнае надвор’е.

«Спякотнае лета і засуха не раскрылі грыбны патэнцыял нашых лясоў», — па-навуковаму тлумачыць жыхар Жлобінскага раёна.

«Лісічкі летам часам былі, быў нават 5-дзённы рост белага грыба, — апавядае ён. — З канца верасня пачаўся восеньскі пласт белага грыба, але вельмі лакальна. Для сябе набраць можна. У параўнанні з мінулым годам нашмат горш».

Паводле яго грыбы вельмі непрадказальныя стварэнні і немагчыма прадбачыць, якія яшчэ з'явяцца.

«Зялёнкі яшчэ будуць», — запэўнівае ён.

Грыбны ўраджай з Гомельскай вобласці Фота: сацсеткі

Грыбны ўраджай з Гомельскай вобласці Фота: сацсеткі

У 2019 годзе на Гомельшчыне ў Светлагорскім раёне быў адшуканы грыб вагою 1 кілаграм 248 грамаў. Сёлета такой здабычай мясцовыя грыбнікі пахваліцца не могуць.

Пра неўраджайны на грыбы год наракаюць і ў суседняй Магілёўскай вобласці.

«У нас з грыбамі бяда», — кажа суразмоўніца з Магілёва. Па словах жанчыны, яна шмат год ходзіць у грыбы і чакае сезону, а «ён сёлета падвёў».

«Езджу ў Клічаўскі раён, дык даводзілася шмат паблукаць, каб набраць і задаволіцца, — тлумачыць яна. — Лета было спякотнае, а верасень быў халодны, нават з замаразкамі. Якія ў такое надвор’е грыбы?»

Жанчына запэўнівае, што грыбы бярэ сабе, бо на базары ёй не выстаяць.

«Закаткі раблю, дзецям раздаю. Кілаграмаў з дваццаць набрала, а летась у кастрычніку ўжо не выбіралася ў грыбы, бо назапасіла. Усіх забяспечыла», — адзначае яна.

Грыбная здабыча з Магілёўшчыны. Фота: сацсеткі.

Грыбная здабыча з Магілёўшчыны. Фота: сацсеткі.

На мясцовых базарах грыбы прадаюць, але, як заўважаюць купцы, асаблівага выбару пакуль няма ды і цэны кусаюцца.

«У асноўным апенькі, маслякі. Маслякі па 15 рублёў за 5-літровае вядро, — апавядае жыхарка Магілёва. — А вось, баравікоў няшмат, а тыя, што ёсць, дарагія — 20 рублёў за купачку».

«Летась можна было баравікоў купіць удвая танней», — згадвае яна і прызнаецца, што давялося браць грыбы па той цане, якую прасілі прадаўцы, бо «ўсё даражэе».

Як і ў мінулыя гады, вяскоўцы прадаюць грыбы і ля шашы. Цяпер прадаўцоў няшмат і цэны на дарункі лесу «кусаюцца».

«5-літровыя вядзерца апенек — 10 рублёў, а баравікоў — 30-40 рублёў. Гэта задорага, але мною прыкмечана, як мала прадаўцоў ля трасы, то цэны вышэйшыя», — дзеліцца назіраннямі магілёвец.

Па яго словах, летась баравікоў можна было вытаргаваць на шашы «за дзясятку», а сёлета прадаўцы не саступаюць.

Гарадзеншчына і Берасцейшчына: «Ну і год! Толькі цяпер грыбы пайшлі»

Жыхары захаду краіны кажуць, што сёлета грыбоў няшмат, але набраць, як ведаеш месцы, можна. Па іх словах, летась з ляснымі дарункамі было лепей.

«Улетку трохі чырвонагалоўцы праскоквалі, а ў верасні ды кастрычніку шмат белых было і ёсць, — апавядае жыхарка Брэстчыны. — На выходныя зноў паеду. У мяне пастаянна грыбы ёсць, нават калі няўрод, я іх усё адно знаходжу».

Па словах наступнай суразмоўніцы, жыхаркі Гродзенскай вобласці, грыбы сталі радаваць толькі цяпер, а ў верасні іх было не багата.

Грыбны ўраджай з Брэстчыны. Фота: сацсеткі. 

Грыбны ўраджай з Брэстчыны. Фота: сацсеткі. 

«Летась мы грыбы здавалі на «польскае» прадпрыемства, якое кіламетраў за трыццаць ад нас. Там закупныя цэны былі людскія, не крыўдзілі, а цяпер там не купляюць грыбы, бо кажуць, што не працуюць ужо. Ды і грыбоў напраўду няма».

На гэтым прадпрыемствы пацвердзілі, што сёлета ў насельніцтва не закуплялі грыбоў і іншай прадукцыі. На ім адмовіліся тлумачыць прычыны, але адзначалі, што «прадпрыемства замежнае».

Яшчэ адна суразмоўніца з Гарадзеншчыны кажа, што грыбоў няшмат, але ў ранейшыя гады можна было і «гэтую каліву» збыць у Польшчы. «Але як цяпер туды выехаць?» — заўважае яна.

«У нас было незвычайна шмат лісічак: цэлае лета і восень бралі, — расказала жанчына з-пад Вільні. — А іншых грыбоў дык і не было асабліва», — дадае яна.

Віцебшчына: «Сабе набралі»

На Віцебшчыне без грыбоў застацца немагчыма — столькі там лесу.

«Набралі трохі, — сціпла кажа жыхар Браслаўскага раёна. — Белыя ёсць, лісічкі адышлі ўжо, але былі, абабкі. Да нас шмат прыязджае грыбнікоў. Усім хапае. Бывае, што латышы наведваюцца, дык купляюць. У іх, кажуць, не ўрадзілі грыбы сёлета. Летась было лепей з грыбамі, але як ёсць ужо».

Грыбны ўраджай з Віцебшчыны. Фота: сацсеткі. 

Грыбны ўраджай з Віцебшчыны. Фота: сацсеткі. 

«Ды няма сёлета грыбоў, — заяўляе жыхар Дуброўны. — Сабе набралі, троху закруцілі, пасушылі. Неяк пражывём».

Па яго словах, летась удавалася не толькі сабе набраць, але і падзарабіць, возячы грыбы ў Смаленск.

«Там прадавалі, капейчына была, — згадвае ён. — Сёлета сёй-той туды таксама выбіраецца. Расіяне добра бралі ды і бяруць нашы грыбы. Яны ўсё наша куплялі з харчоў, але ў гэтым годзе няма чым іх здзіўляць».

Міншчына: «Апенькі тлустыя, моцныя»

У сталічным рэгіёне грыбоў няшмат, але мясцовыя грыбнікі спадзяюцца, што «да снегу яшчэ нешта будзе». У канцы верасня сям’я мясцовых грыбнікоў трапіла на паўтаракілаграмовы баравік. Відэа з ім у TikTok сабрала шматмільённыя прагляды і больш за паўтары тысячы каментроў. Сярод іх было нямала скептычных, маўляў, відэа пастановачнае.

Пагутарыць з удачлівым грыбніком не ўдалося. У ягоных калегаў справаздачы значна сціплейшыя.

«Апенек 25 літраў набрала за тры гадзіны, а больш ніякіх іншых. Апенькі тлустыя, моцныя, растуць, дзе былі раней белыя», — кажа жыхарка Дзяржынскага раёна. Яна заяўляе, што летась «удала напалявала» і яшчэ грыбныя закаткі з мінулага году засталіся.

«Можа, і сёлета яшчэ набяру», — са спадзевам заўважае жанчына.

Грыбная здабыча з Міншчыны. Фота: сацсеткі. 

Грыбная здабыча з Міншчыны. Фота: сацсеткі. 

«На Барысаўскім палігоне за дзве гадзіны пяць літраў маслякоў набралі, і больш нічога, — незадаволена кажа наступная суразмоўніца з прылеглай да ваеннага аб’екту вёскі.

Паводле яе, калегі таксама «ездзілі», але «і ў іх пуста было».

Грыбная ліхаманка. Беларусы дзеляцца ўраджаем за выходныя — зайздросныя ФОТЫ

НАТА скрала грыб з тэрыторыі Беларусі ВІДЭА

Клас
27
Панылы сорам
4
Ха-ха
5
Ого
9
Сумна
35
Абуральна
65