Пра расейскіх вайскоўцаў

Расейская армія пачынае сыпацца. Яны прывыклі проста са сваёй перавагай раўняць усё з зямлёй. А цяпер у іх такой магчымасці няма. Таму цяпер іх тактыка — тактыка такіх слабакоў — ударыць у цэнтр горада ракетай або паслаць робат-камікадзэ ў жылы дом. Яны спадзяюцца, што такім чынам яны могуць уздзейнічаць праз людзей на ўкраінскую ўладу.

Чым больш я на гэтай вайне, тым менш у мяне павагі да Расеі і да таго, што яна з сябе ўяўляе. Гэта дзяржава — тэрарыст. Паглядзіш, як яны крадуць унітазы, гэта выклікае… Няўжо адна з самых багатых краін свету змагла скаціцца да ўзроўню вось такой вось таннай канюшні?

І мы глядзім у гэты бок? Ды ад гэтага боку трэба адгарадзіцца 20-метровым жалезным плотам і хрысціцца, калі глядзіш у гэты бок. Не дай бог думаць пра нешта разам з гэтымі людзьмі, не дай бог будаваць нейкія планы з гэтай краінай.

Яны [расейцы] вельмі спрытна ваююць пры ўмове, што ў іх ёсць магчымасць узяць нейкую нажыву, разрабаваць нейкі дом, нейкую кватэру, скрасці нейкую машыну. Але як толькі тэма з нажывай сканчаецца, у іх цікавасць згасае. Магчыма, ёсць нейкія элітныя часткі, дзе людзі сапраўды добра ваююць, але ў мяне такое меркаванне, што яны бяруць колькасцю, а не якасцю.

Мы ваюем за ідэю, а яны прыйшлі проста за пажывай. У мяне такое меркаванне пра расейскіх салдат.

Пра беларускіх вайскоўцаў

На сённяшні дзень украінцы лічаць, што беларусы не змогуць добра ваяваць, таму што, па-першае, у іх няма ідэі, з-за якой ісці ваяваць, па-другое, узровень падрыхтоўкі — бесперапынныя гонкі па вучэннях уздоўж мяжы — гэта не падрыхтоўка для салдат.

І наогул, уся беларуская армія — гэта такі стары «савок», у якім нічога не мяняецца.

Магчыма, ёсць там сілы спецыяльных аперацый, магчыма, ёсць аэраразведка, хлопцы падцягнутыя, ім нармальна наліваюць з бюджэту, але ўся астатняя беларуская армія падобная на такі бабулін сервант, завешаны цюлем.

У нас занадта мала рабілася для таго, каб армія была нармальнай, у нас няма нармальнага ўзбраення, няма нават нармальнай школы, якая дапаможа структураваць войска ў нешта добрае. У нас як было там з саракавых гадоў, так і засталося, а ўвесь свет рушыў наперад.

Мы цяпер у палку вывучаем і плаўна пераходзім у сябе на пабудову па натаўскай класіфікацыі, і мы бачым, колькі розных службаў трэба стварыць, каб салдат мог камфортна ваяваць.

Беларускай арміі гэта не снілася.

Я сумняваюся ў тым, што нават калі [беларускае] войска даўкамплектаваць і там будзе 150 000 чалавек, яны змогуць пераламіць ход гісторыі [вайны].

Па-другое, ну, хлопцы, вам далі ў рукі зброю і вы ведаеце дакладна, што вы — гарматнае мяса, вы паедзеце сюды, дзе вас знішчаць.

Можа вам прасцей вырашыць пытанне на месцы і ліквідаваць гэтую праблему? Я задаю прамое пытанне вайскоўцам. У чым праблема?

Гэта не ваша вайна. Якія вы праследуеце мэты ў гэтай вайне? Якія выгады вы атрымліваеце ў гэтай вайне? Ніякія. 

Пра памылку Лукашэнкі

Самая вялікая памылка Лукашэнкі — гэта ўдзел у гэтай вайне. Ён і так нарабіў масу памылак, але гэтая будзе наогул фатальнай.

Чаму? Па-першае, ён упісваецца за чалавека, які рэальна прайграе, ён ужо прайграў. А ўпісвацца за таго, хто прайграў, — гэта, па меншай меры, глупа і недальнабачна.

Па-другое, мне здаецца, ён проста для таго, каб мець магчымасць манеўраваць перад сваім босам, які яму дае грошы, які падтрымлівае яго існаванне толькі за кошт уліванняў гэтых крэдытаў, яму трэба ствараць бачнасць працы.

Я ўпэўнены, што яго душаць, каб ён паўдзельнічаў у гэтай вайне. Але сэнсу ўдзелу няма, таму што гэта апрыёры пройгрышны варыянт.

Што рабіць, калі мабілізаваных кінуць у вайну ва Украіну

Калі вы трапіце ва Украіну, адразу здавайцеся, кажыце, што хочаце далучыцца да палка [Каліноўскага].

Мы прымем вас, апранем, узброім, і вы будзеце ваяваць разам з намі. Таму што ўкраінскі народ нічога вам не зрабіў. Ён ні на каго не напаў, ён нікога з вашых людзей не разбамбіў, не забіў.

Гэта вайна двух старых маразматыкаў, якія не ведаюць, чым заняцца. Яны прыдумваюць для сябе нейкія вялікія гульні, у якіх лёсы тысяч людзей ламаюцца.

Клас
112
Панылы сорам
3
Ха-ха
4
Ого
5
Сумна
3
Абуральна
11