Палонныя, узятыя ўкраінскай арміяй падчас контрнаступу. Скрыншот з відэа

Палонныя, узятыя ўкраінскай арміяй падчас контрнаступу. Скрыншот з відэа

Складана абараняць правабярэжны плацдарм, калі ўсе масты да яго падарваныя. Але яшчэ складаней адступіць з гэтага плацдарма без страт. 

Позна ўвечары ў чацвер 20 кастрычніка ўкраінская артылерыя нанесла ўдар, мяркуючы па ўсім, па пантоннай пераправе, расцягнутай уздоўж бетоннага Антонаўскага моста — непрыдатнага для праезду тэхнікі пасля ўдараў «Хаймарсаў».

Расійская прапаганда заявіла, што ў выніку ўдару па пераправе загінулі мірныя грамадзяне.

«Упэўнены, што кіеўскі рэжым ведаў, што пераправа выкарыстоўваецца выключна грамадзянскімі асобамі… пацярпелі непаўналетнія, і сярод пацярпелых — журналісты», — дадаў кіраўнік акупацыйнага ўрада рэгіёна.

Але гэта не выглядае праўдзівай інфармацыяй. Пераправа не можа выкарыстоўвацца «выключна грамадзянскімі асобамі», бо яна адна, і, значыць, яе не могуць не выкарыстоўваць вайскоўцы. Ім проста няма іншай дарогі для перасоўвання.

Расійскія танкі на пантоннай пераправе пад Херсонам. Фота: rossaprimavera.ru

Расійскія танкі на пантоннай пераправе пад Херсонам. Фота: rossaprimavera.ru

Акрамя таго, удар быў нанесены ў перыяд дзеяння каменданцкай гадзіны, калі знаходжанне мірных грамадзян на вуліцах забароненае расійскай адміністрацыяй.

Звярнула ўвагу, з якой настойлівасцю расійская ўлада праводзіць эвакуацыю жыхароў з правабярэжжа Херсонскай вобласці. Такога не назіралася ў Ізюме, Купянску і Лімане.

Гэта можа тлумачыцца тым, што ў выпадку Херсона мірныя грамадзяне патрэбныя як шчыт для таго, каб маглі эвакуіравацца расійскія войскі.

У адрозненне ад Ізюма і Лімана, у Херсоне адзіная дарога — гэта пантонная пераправа і баржы. Усе стацыянарныя масты разбураныя ўкраінскай артылерыяй, а ўсе пераправы прастрэльваюцца. 

Учарашні абстрэл паказаў, што расійская супрацьпаветраная абарона застаецца няздольная збіваць «Хаймарсы» нават у пунктах, дзе абстрэл чакаецца. 

Мяркуючы па спадарожнікавых здымках, пачынаючы ад 8 кастрычніка баржы пад Кахоўкай перавозілі расійскія войскі выключна ў адзін бок — з правага на левы, і вярталіся пустыя. Гэта азначае, што адступленне расійскіх войскаў з-пад Херсона, які робіцца неабароненым, пачалася задоўга да заявы генерала Суравікіна, які анансаваў «няпростыя рашэнні»: «Далейшыя дзеянні ў дачыненні да Херсона будуць залежаць ад існуючай ваенна-тактычнай сітуацыі, яна няпростая, не выключаецца прыняцце няпростых рашэнняў».

Адначасова кіраўнік калабарацыйнай адміністрацыі Херсона анансаваў эвакуацыю Берыслава і Снегіроўкі і іх раёнаў.

Усяго, па ацэнках экспертаў, Херсон абаранялі каля 15—20 тысяч расійскіх вайскоўцаў. Нават калі расіянам удасца паспяхова адвесці асноўную частку войскаў, застаецца пытанне ар’ергарда — часцей, якія будуць прыкрываць адыход. Над імі навісае пагроза знішчэння або палону. У адрозненне ад Ізюма, шляхоў для адступлення ў іх мінімум, і ўсе яны могуць не толькі пападаць пад артылерыйскі агонь, але і быць перарэзаныя ўкраінскім спецназам.

Прэцэдэнту масавай эвакуацыі паветраным транспартам расійскай армія падчас гэтай вайны яшчэ не стварала.

Целы расійскіх вайскоўцаў ляжаць уздоўж дарогі Ліман— Крамянная, па якой яны адступалі на пачатку кастрычніка. Фота: Evgeniy Maloletka / AP Photo

Целы расійскіх вайскоўцаў ляжаць уздоўж дарогі Ліман— Крамянная, па якой яны адступалі на пачатку кастрычніка. Фота: Evgeniy Maloletka / AP Photo

У гэтым кантэксце заявы Масквы пра небяспеку падрыву Кахоўскай ГЭС гучаць злавесна.

Украінцам няма стратэгічнай выгады ў падрыве плаціны ва ўмовах калі Херсон трапляе ў іх рукі. Што да абстрэлаў трасы, якая вядзе праз ГЭС, то ўкраінцы ажыццяўляюць іх планамерна ад ліпеня, але высокая дакладнасць снарадаў «Хаймарс» дазваляла класці іх роўна на дарогу, а не на плаціну, нават калі ўкраінскія войскі стаялі далей да ГЭС, чым цяпер, пасля наступу з-пад Крывога Рога.

Папярэджанне прэзідэнта Зяленскага, што расійскія войскі заклалі на Кахоўскай ГЭС выбухоўку, гучыць больш праўдападобна — бо разліў Дняпра перашкодзіў бы рыўку ўкраінцаў на левы бераг на хвасце адступаючых і дэмаралізаваных расійскіх часцей.

Трагізм сітуацыі для расійскіх вайскоўцаў у тым, што ў выпадку прыняцця такога рашэння пад хвалю з вадасховішча можа трапіць акурат ар’ергард расійскай групоўкі, які, у адваротным выпадку, папаў бы на ўзбярэжжы са сваёй тэхнікай у рукі ўкраінцаў.

Кожны з гэтых сцэнароў нясе пагрозу для Уладзіміра Пуціна, якому ўсё цяжэй будзе перакладаць віну за вайну, што ператвараецца ў катастрофу, на генералаў ці апазіцыйныя колы.

Расійскі франтавы блогер «Трынаццаты», які знаходзіцца ў складзе херсонскай групоўкі, не хавае той трывогі і страху, які пануе ў яе шэрагах.

«Бліжэйшыя дні сітуацыя можа мяняцца, у тым ліку ў горшы бок. І навіны будуць адпаведныя», — пісаў «Трынаццаты», расійскі нацыяналіст, 18 кастрычніка. 

Ëн дадаваў: «І ўсё гэта я зразумеў, яшчэ калі два тыдні таму стуль вывозілі дзяцей у Расею. У санаторыі і г.д. Там усе пра ўсё ў курсе былі і да гэтага ішло. Лініі абароны на мяжы з Крымам рыхтавалі яшчэ паўтара месяца таму. 

Да гэтага давялі папярэднія кіраўнікі, якія дазволілі перабіць усё забеспячэнне групоўкі. Гэта вынік бесталковага камандавання», — вінаваціць ён былое камандаванне. 

«Тут калі ўсе фактары сабраць, то начамі спаць наўрад ці захочацца, я вось ад сваіх думак са сном ужо развітаўся, таму што мне ёсць за каго перажываць»,— дадаў блогер-франтавік.

Клас
71
Панылы сорам
4
Ха-ха
4
Ого
6
Сумна
8
Абуральна
7