Андрэй Стрыжак на ютуб-канале «Обычное утро» расказаў, што колькасць зваротаў па пытаннях выезду і эвакуацыі ў іх тэлеграм-канал пасля 21 верасня, калі ў Расіі абвясцілі так званую частковую мабілізацыю, значна вырасла. Акрамя расейцаў, актыўна звяртаюцца і беларусы, якія «разумеюць, што ўслед за расейскімі падзеямі могуць рушыць і беларускія».

На пытанне, ці пачалася ўжо, на яго думку, мабілізацыя ў Беларусі, Стрыжак кажа, што гледзячы што лічыць мабілізацыяй.

«Калі мы чакаем нейкіх маршаў «Прощание славянки», мосінскіх трохлінеек і будучых удоў, якія плачуць на вакзалах, то гэтага пакуль няма, і дай бог, гэтага нам не ўбачыць. Але абсалютна зразумела і выразна, што так званыя мерапрыемствы па ўліку, праверцы, пастаноўцы на дадатковы ўлік нейкіх воінскіх спецыяльнасцяў, — гэта якраз-такі і ёсць тая самая прыхаваная мабілізацыя. І той абмежаваны прызыў на зборы афіцэраў, пра што цяпер ідзе шмат гаворкі, — гэта таксама тая ці іншая форма мабілізацыі. Інфармацыя пра тое, што на некаторых прадпрыемствах робяць дадатковую ацэнку і ўлік аўтатранспарту, які будзе выкарыстоўвацца ў выпадку мабілізацыі для перавозкі мабілізаваных, — гэта таксама кажа пра тое, што ўсе гэтыя мерапрыемствы вядуцца.

Таму гэта не будзе выглядаць, хутчэй за ўсё, як нешта такое маштабнае аднамомантнае, але вось такая паўзучая мабілізацыя, на мой погляд, у Беларусі цяпер ужо вядзецца», — лічыць Стрыжак.

Ці можа такая прыхаваная мабілізацыя прывесці да выбуху ў грамадстве? Кіраўнік BYSOL кажа, што просты адказ можа быць такім, што прыхаваная мабілізацыя прывядзе толькі да нейкіх схаваных выбухаў. Але на самай справе ніхто не ведае.

«Таму што мы памятаем сітуацыю, калі Аляксандр Лукашэнка прыдумаў сабе дэкрэт аб дармаедах і пачаў круціць з падатковым кодэксам. І здавалася б, ну падумаеш, 20 базавых няшчасных, для сталічнага жыхара не такія вялікія грошы. Але калі мы гаворым пра людзей, якія жывуць у глыбінцы, якія жывуць у рэгіёнах, то гэта было істотным ударам па іх бюджэтах, асабліва ў выпадках калі дарослыя дзеці не ў стане ўладкавацца на працу, жылі за кошт пенсіі бацькоў, падзараблялі нейкімі там шабашкамі нерэгулярнымі. Тут можа адбыцца вельмі падобная сітуацыя», — не выключае Стрыжак.

Ён нагадвае, што ў Расіі першапачаткова прызываліся і гінулі на вайне, у асноўным, прадстаўнікі рэгіёнаў, а сталіцы гэта не тычылася. У Беларусі, калі так пойдзе, можа адбыцца зваротная гісторыя.

«У рэгіёнах знікненне нейкай колькасці людзей будзе больш прыкметным, бо як якога-небудзь галоўнага заатэхніка калгаса мабілізуюць, то гэта вялікая страта для вытворчага працэсу, гэта больш прыкметна, гэта можа выклікаць больш размоў, можа выклікаць больш рэакцыі», — лічыць ён.

Ён кажа, што трэба будзе глядзець на тое, як будуць рэагаваць розныя групы насельніцтва ў розных частках краіны. Якім чынам гэта паўплывае на грамадска-палітычныя настроі, зараз сказаць складана.

Ці зможа BYSOL, у выпадку абвяшчэння мабілізацыі, дапамагчы беларусам схавацца ад яе?

Стрыжак нагадвае, што на дадзеным этапе ёсць дзве базавыя опцыі. Гэта атрыманне свежай і вычарпальнай інфармацыі, як можна пакінуць краіну праз канал «BYSOL: выезд і эвакуацыя» у Telegram, а другая опцыя — гэта магчымасць выезду людзей у ЕС з атрыманнем гуманітарнай візы і далейшай магчымасцю застацца ў Еўрасаюзе.

«Другая опцыя больш складаная па той прычыне, што ёсць кансалідаванае меркаванне еўрапейскіх дзяржаў, што сама па сабе позва і сам па сабе прызыў яшчэ не зʼяўляюцца нейкім пераследам па палітычных матывах: чалавек, напрыклад, можа хацець пайсці ў войска альбо ён не будзе пераследавацца па законе ў сувязі з тым, што яго прызываюць. Прынамсі, пакуль так гэта ўспрымаецца ЕС», — кажа Стрыжак.

Для людзей, у дачыненні да якіх будуць заводзіцца крымінальная справы альбо нейкі пераслед пачнецца, у іх ёсць шанец трапіць у ЕС на гуманітарнай падставе, мяркуе кіраўнік BYSOL. Прынамсі, гэта тычыцца Літвы, Польшчы і Германіі, якая заяўляла, што будзе падтрымліваць расійскіх прызыўнікоў, якія бягуць ад прызыву па гуманітарных падставах.

«Але тут самае важнае — гэта слова «гуманітарныя падставы», — тлумачыць Стрыжак. — Адной позвы, хутчэй за ўсё, будзе недастаткова, для таго, каб абгрунтаваць, што вас пераследуюць у сувязі з адмовай ад службы ў войску і ад удзелу ў баявых дзеяннях.

Гэта падобна да логікі гуманітарных віз для палітычна рэпрэсаваных.

Калі чалавек проста кажа, мне так не хочацца жыць у Беларусі, таму што тут у нас дыктатура і іншае, што я, напэўна, паеду, але пры гэтым ён ніякім чынам не выступаў, не рабіў заяў, не станавіўся публічным, яшчэ нейкія дзеянні не рабіў, то ў многіх выпадках гэтыя спробы выезду ўспрымаюцца Еўрасаюзам як эканамічная міграцыя. Тут самы важны момант — гэта менавіта прысутнасць элемента рэпрэсіі — парваць позву, уцячы, атрымаць пераслед нейкі — гэта ўжо грамадзянскі ўчынак, гэта пазіцыя», — кажа ён.

Стрыжак рэкамендуе звяртацца ў іх арганізацыю па кансультацыю, якія бываюць механізмы выезду, каб палегчыць сабе адʼезд.

«Я думаю, што ў выпадку абвяшчэння мабілізацыі, частковай, нечастковай, мы знойдзем, што адказаць людзям, таму што ў нас ужо напрацаваная практыка: з пачатку вайны, з 24 лютага працуе гарачая лінія, плюс з пачатку 2021 года мы працуем па індывідуальных выездах, у тым ліку і па складаных гісторыях, там, дзе людзі не зусім могуць пакінуць тэрыторыю краіны ў сувязі з абмежаваннямі. Таму ў любым выпадку наша каманда будзе працаваць у гэтым кірунку. Усе людзі, якія трапляюць пад такі прэсінг, могуць звярнуцца па кансультацыю як мінімум, і, у выпадку, калі гэта будзе неабходна, то і іншая дапамога будзе аказана», — кажа Стрыжак.

Дапамога BYSOL — бясплатная, дадае ён.

Чытайце таксама:

Крыніцы: Рашэнне аб мабілізацыі ў Беларусі прынятае. Яна пройдзе пад выглядам праверкі баяздольнасці 

Крыніцы: Беларускім вайскоўцам забаранілі выезд за мяжу. Можна толькі ў Расію. Афіцэрам запасу прапануюць вяртацца на службу

«Ненавучаных хлопцаў кідаюць на перадавую». Расія закіпае

Клас
35
Панылы сорам
2
Ха-ха
1
Ого
4
Сумна
4
Абуральна
10