Затрыманыя. Зверху злева направа: Максім Саўко, Віталь Самаль. Ніжні шэраг: Даніла Вітуноў і Віталь Ахрэмчык.

Заяўлены «Байполам» план «Перамога» застаецца галоўным аб'ектам трывогі лукашэнкаўцаў. Сёння ўранку на фэйкавым канале «Байпола» запосцілі ўкід пра тое, што «План Перамога» запушчаны. І сёння ж на канале ГУБАЗіКа з'явіліся чатыры відэа з затрыманымі — сілавікі сцвярджаюць, нібыта ўсе яны звязаныя з «удзелам у плане «Перамога», але мы не можам праверыць праўдзівасць гэтага сцвярджэння.

Сярод затрыманых адзін гарадзенец — 27-гадовы Максім Саўко, а таксама трое мінчукоў — 39-гадовы Віталь Самаль, 20-гадовы студэнт Даніла Вітуноў і 36-гадовы Віталь Ахрэмчык.

Усе яны апісваюць адну і тую ж гісторыю: нібыта зарэгістраваліся ў «плане Перамога», пасля з імі звязаліся і некалькі разоў пыталіся іх асабістыя даныя. У хуткім часе да іх прыйшоў ГУБАЗіК.

Трэба адзначыць, што раней былі выпадкі, калі супрацоўнікі органаў прымушалі людзей агаворваць сябе, казаць пра рэгістрацыю ў боце, хоць тыя нікуды не ўступалі.

Пры гэтым вядома, што даныя меркаваных удзельнікаў часам збіралі праз фэйкавых ботаў (а не праз сапраўдны бот плана), праз уразлівасці тэлеграма па факце затрымання або шляхам катаванняў. 

Цікава, што сетка самых папулярных фэйкаў каналаў ГУБАЗіК адмініструецца меркавана прарасійскімі актывістамі або з Расіі — у ёй рэгулярна з'яўляюцца допісы ад расійскіх чарнасоценных навінавых агенцтваў (нават з крытыкай Лукашэнкі).

Клон канала «Байпола», куды нагналі 22 тысячы падпісантаў (ці закупілі ботаў), апублікаваў сёння пост, што 14 кастрычніка Аб'яднаны пераходны кабінет нібыта прыступае да «Плана Перамога».

«У адпаведнасці з Пастановай №2 ад 22 верасня 2022 года Аб'яднаны Пераходны Кабінет Беларусі паведамляе пра рэалiзацыю мабiлiзацыйнага плана «Перамога».

Лукашэнка цяпер знаходзіцца за мяжой, а нашы навучаныя ўзброеныя атрады ўжо ў Мінску і гатовыя да аднаўлення незалежнасці сілавым шляхам.

Кожны, хто атрымаў мабілізацыйнае прадпісанне, дзейнічае ў адпаведнасці з заданнем. Каму не прыйшло прадпісанне — тэрмінова звяжыцеся з ботам», — пішацца ў паведамленні.

У арыгінальным канале такога паста няма. Апошні пост у ім — зварот Сахашчыка за 12 кастрычніка. 

Фэйкавы канал, верагодна, створаны спецслужбамі. Дата стварэння — 4 мая. 5 кастрычніка канал перайменавалі ў BYPOL і сталі запаўняць яго. Там дублююцца пасты арыгінальнага канала за апошнія два гады.

Аднак назва сапраўднага канала аб'яднання былых сілавікоў — By_Pol. Фэйкавага — By_Pol_official.

Вядома, што фэйкавыя паведамленні пра пераход да «Плана Перамога» сёння сталі рассылацца па раённых чатах.

Аляксандр Лукашэнка 14 кастрычніка заявіў, што ў Беларусі ўведзены рэжым павышанай тэрарыстычнай небяспекі.

Вярхоўны Суд прызнаў BYPOL, а таксама «Сітуацыйна-аналітычны цэнтр» і «Мабілізацыйны план «Перамога» тэрарыстычнымі арганізацыямі.

Удзельнікі плана «Перамога» дзеляцца на тры асноўныя групы, расказваў Аляксандр Азараў удзельнікам Канферэнцыі Новай Беларусі. Першая — асобы, якія прайшлі падрыхтоўку BYPOL і якія будуць выконваць спецыяльныя аперацыі. Сутнасць гэтых аперацый не раскрываецца, каб не былі падрыхтаваныя контрмеры з боку лукашэнкаўскіх спецслужбаў.

Другая група — супрацоўнікі заводаў і прадпрыемстваў. Чакаецца, што яны выканаюць заданне на сваім працоўным месцы. Што за заданне, Азараў не ўдакладніў.

Трэцяя група складаецца з людзей, якія выйдуць на вуліцы. 

«Кожны грамадзянін мусіць разумець сваю адказнасць. Калі ён не выйдзе на вуліцу, не апусціць рубільнік, не выканае прадпісанне, якое атрымае, то падставіць людзей, якія выконваюць сілавую частку плана, што можа прывесці да іх гібелі і знішчэння актыўнай часткі беларускага грамадства», — падкрэсліў Азараў. 

Прадстаўнікі «Байпола» сцвярджаюць, што ўлады затрымліваюць рандомных людзей і прымушаюць іх агаворваць сябе.

«Яны кожны дзень затрымліваюць людзей, якія не маюць ніякага дачынення да BYPOL і плана «Перамога». Прымушаюць іх пад катаваннямі запісваць пакаяльныя відэа аб тым, чаго яны не рабілі, — казаў падпалкоўнік Азараў. — Рэжым баіцца плана «Перамога», таму кідае вялікую колькасць сіл на барацьбу з намі. Аднак мы будзем працягваць працу над планам», — сцвярджае «Байпол».

«Наша Нiва» — крыніца якаснай інфармацыі і бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ «НН»
Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

0
Paweł / Адказаць
14.10.2022
Смешна. Ну хай цешуца... Калі хлопцы сапраўдныя, то гэта іх барацьба. А калі не, то гэта іх сумленне. Выракі будуць пазней.
0
Васіль / Адказаць
14.10.2022
Калі дагэтуль не спаймалі, то ўжо і не спаймаюць. Ужо 100 разоў казалі, што калі план пачнецца, то пра гэта будзе ведаць кожны 
0
Мойша / Адказаць
17.10.2022
Васіль, нічога не пачнецца. Няма ні плану ні рэсурсаў для рэалізацыі. Вас падсадзілі на чаты на боты каб вы злівалі інфу пра сябе. А плана няма і ня будзе - гэта фэйк ад пачатку.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру