Пад забарону зможа патрапіць амаль кожны

Асабліва небяспечны момант будучага закона хаваецца ў размытай фармулёўцы: КДБ зможа абмежаваць выезд з краіны ў выпадках, калі ён «супярэчыць інтарэсам нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь». 

«Пры патрэбе пад яе можна падвесці амаль кожнага чалавека. А калі ўладам спатрэбіцца — яны змогуць абмяжоўваць выезд не толькі для асобнага чалавека, але і для цэлай катэгорыі грамадзян», — мяркуе юрыст, які ананімна пракаментаваў для «НН» гэты законапраект.

На яго думку, пад эгідай таго, што выезд асобы супярэчыць інтарэсам нацыянальнай бяспекі, можна будзе не толькі каму заўгодна забараніць выезд з краіны, але і знайсці гэтаму «законнае» абгрунтаванне. 

«Напрыклад, сёння яны палічаць, што трэба забараніць выязджаць з краіны людзям, якія нядаўна праходзілі службу ў войску, а заўтра скажуць, што прыйшла новая хваля кавіду, таму давайце абмяжуем у правах на выезд усіх дактароў, каб тыя раптам не з'ехалі ў адзін канец».

Забарона на выезд як дадатковае пакаранне

Таксама юрыст не выключае, што такія абмежаванні ў будучыні змогуць выкарыстоўваць у дачыненні да палітвязняў, якія выйдуць на волю.

«Гэта можа стаць сваеасаблівым дадатковым відам пакарання. Чалавек нібыта апынаецца на свабодзе, але надалей застаецца закладнікам рэжыму, бо яму забаранілі выезд за мяжу. КДБ можа палічыць, што не варта выпускаць з краіны нейкага актывіста, журналіста ці праваабаронцу, бо пасля ад'езду ён зможа адкрыта выказваць свае думкі, рабіць нешта шкоднае для рэжыму, таму хай лепей моўчкі сядзіць на радзіме». 

Дадамо таксама, што, паводле законапраекта, выезд будзе забаронены тым, у дачыненні да каго вядзецца адміністрацыйны працэс, а рашэнне судом пакуль не прынятае. Сюды адносяцца артыкулы КаАП пра непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ёй службовых паўнамоцтваў, парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў. Часта па іх (фармальна) утрымліваюць менавіта за палітыку.

Суразмоўца падкрэслівае, што гэта толькі развагі, бо змены ў закон яшчэ не прыняты і іх поўны змест невядомы, але выказвае ўпэўненасць у тым, што прымаецца ён у рэпрэсіўных мэтах. 

А як цяпер?

Дарадца НАУ па юрыдычных пытаннях Міхаіл Кірылюк адзначае, што прыняцце такога закона з'яўляецца відавочным парушэннем правоў чалавека па палітычных крытэрыях. 

«Нават сама фармулёўка пра гэта кажа. «Пазбаўленне права на выезд тых, хто пагражае нацыянальным інтэрэсам Беларусі» — гэта палітычны пераслед. Такі закон супярэчыць не толькі міжнародным канвенцыям, якія падпісала Беларусь, але і Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь ва ўсіх яе рэдакцыях». 

Пры гэтым Кірылюк адзначае, што для сярэдняга беларуса мала што зменіцца, бо, па яго словах, і раней дэ-факта існавала такая самая практыка, але з больш складаным механізмам выкарыстання.

«І раней калі трэба было не даць чалавеку выехаць з краіны, то яны не давалі гэта зрабіць. Толькі тады для гэтага распачыналі нейкую адміністрацыйную ці крымінальную справу, бралі з чалавека падпіску аб нявыездзе.

Такім чынам можна было забараніць выехаць з краіны хоць на год. Прыняццем гэтага закона яны проста спрасцяць сабе работу, каб не марнаваць час на ўсю гэтую працэдуру, змогуць забараняць выезд толькі ў сувязі з тым, што, на іх думку, гэта пярэчыць дзяржаўным інтарэсам. Пасля прыняцця закона ім больш не трэба будзе заводзіць справы, дастаткова будзе прыняць такое рашэнне — і ўсё», — лічыць Кірылюк.

Выезд на ПМЖ з дазволу ваенкамата 

Таксама новы закон мусіць змяніць парадак выезду для ўсіх прызыўнікоў і грамадзян ва ўзросце да 27 гадоў, залічаных у запас па стане здароўя без праходжання тэрміновай ваеннай службы або службы ў рэзерве. З агучанай інфармацыі вынікае, што яны змогуць выязджаць на ПМЖ за межы краіны толькі са згоды ваенкамата.

Фота: скрыншот з відэа

Фота: скрыншот з відэа

Аднак пакуль застаецца незразумелым, якім чынам улады будуць вызначаць, што чалавек, які едзе за мяжу, робіць гэта з мэтай выезду на ПМЖ, а не ў якасці турыста або на закупы. 

Пры гэтым, калі супаставіць той факт, што дзяржава плануе на заканадаўчым узроўні абавязаць беларусаў падаваць звесткі пра наяўнасць замежных дакументаў, можна меркаваць, што сам факт наяўнасці віда на жыхарства будзе разглядацца як намер для выезду з краіны на ПМЖ. 

Вырасце інтарэс да міграцыі

Вынік прыняцця такіх законаў у любым выпадку выглядае даволі прадказальным. Перспектыва застацца ў Беларусі без магчымасці выехаць за мяжу падштурхне яшчэ большую частку людзей да эміграцыі з краіны, пакуль з яе яшчэ выпускаюць.

Іншы законапраект, які пагаршае становішча маладых беларусаў і будзе падштурхоўваць іх да выезду з краіны ў адзін бок — пра скасаванне адтэрміноўкі ад службы ў войску студэнтам, якія вучацца за мяжой. Нагадаем, што, згодна з заявай намесніка міністра ўнутраных спраў Генадзя Казакевіча, гэтыя карэкціроўкі накіраваныя на «павелічэнне колькасці прызыўных рэсурсаў, неабходных для камплектавання войскаў, і павышэнне канкурэнтаздольнасці айчыннай адукацыі».

Чытайце таксама: У Беларусі пачалі збіраць звесткі аб тых, хто мае дазволы на жыхарства і карты паляка?

Клас
8
Панылы сорам
18
Ха-ха
3
Ого
3
Сумна
5
Абуральна
70