Фота: Pixabay

Фота: Pixabay

ASMR (ад англійскага «Autonomous Sensory Meridian Response») перакладаецца як «аўтаномная рэакцыя сэнсарнага мерыдыяна». Часцей за ўсё праяўляецца гэта як адчуванне паколвання, якое звычайна пачынаецца на скуры галавы і перамяшчаецца ўніз па задняй частцы шыі і верхняй частцы хрыбта. Часцей за ўсё такія пачуцці выклікаюцца спецыфічнымі слыхавымі або глядзельнымі стымуламі і радзей — наўмысным кантролем увагі. Нешта падобнае вы можаце адчуць, калі вам далікатна расчэсваюць валасы.

Спакойныя і прыемныя гукі і віды, такія, як шэпт, перагортванне старонак кнігі ці назіранне за прыемным: як дзіця ўважліва выконвае штодзённае заданне ці мама гатуе ежу — могуць выклікаць пачуццё мурашак на скуры. Некаторыя нават называюць гэта «міні-масажам мозгу».

ASMR-відэа і аўдыя набываюць шалёную папулярнасць у интэрнеце. Некаторыя папулярныя ASMR-каналы на YouTube маюць больш за два мільёны падпісчыкаў, а даследчыкі публікуюць незлічоную колькасць артыкулаў па тэме.

Што паказваюць даследаванні

Але што адбываецца ў вашым мозгу і целе і чаму некаторыя людзі сапраўды адчуваюць ASMR, а іншыя — не?

Некаторыя даследчыкі кажуць, што проста атрымліваць асалоду ад такога змесціва не азначае, што вы на самай справе адчуваеце ASMR.

Адно з даследаванняў выявіла, што эмоцыі людзей падчас перажывання ASMR адлюстроўваюцца ў іх цялесных рэакцыях, у прыватнасці, у частаце сардэчных скарачэнняў і праводнасці скуры (мера потавылучэння скуры). Чалавек перажывае эмацыйны вопыт, пульс памяншаецца, але праводнасць скуры павялічваецца.

Цяпер даследчыкі намагаюцца даведацца, ці звязана пэўнае адчуванне паколвання з павышэннем праводнасці скуры — падобна таму, што многія людзі адчуваюць як дрыжыкі ў целе ад той ці іншай музыкі.

Некалькі фМРТ-даследаванняў паказалі, што пэўныя ўчасткі цэнтраў узнагароджвання ў мозгу актывуюцца падчас прагляду ASMR-відэа, і аксітацын з дафамінам падаюцца датычнымі да гэтага працэсу.

Асноўнай крыніцай прыемнага адчування з'яўляецца гук. Аднак няма пэўнага гуку ці ўніверсальнай чароўнай частаты, што з’яўляліся б аднолькава расслабляючымі для кожнага. У кожнага чалавека гэта нешта сваё.

Гэта можа быць простая біялагічная прычына, напрыклад, паслядоўнасць генаў, якая робяць кагосьці больш адчувальным да аксітацыну ці іншых хімічных рэчываў у мозгу, якія задзейнічаныя ў рэакцыі на гукі. У якасці альтэрнатывы гэта можа быць звязана з жыццёвым вопытам, культурнымі ўплывамі ці нават цяперашнім мысленнем, якое ўплывае на здольнасць расслабляцца ад пэўнага гуку ў пэўны момант.

Ненавідзіце ASMR? Вінавацьце мізафонію

Мізафонія — гэта негатыўная эмацыйная рэакцыя на некаторыя гукі, як правіла, на храп, гучнае дыханне, жаванне, смарканне. Яна выклікае ў чалавека моцнае раздражненне, часам нават гнеў ці жаданне ўцячы. Па сутнасці, гэта супрацьлегласць ASMR.

Цалкам мажліва, што людзі, адчувальныя да станоўчых эфектаў ASMR, таксама дастаткова адчувальныя да мізафоніі, бо даследчыкі выявілі, што тыя, хто можа адчуваць яе, таксама могуць адчуваць ASMR, і наадварот.

Люстраныя сэнсарныя адчуванні

У адным з нядаўніх даследаванняў разглядаецца так званы «люстраны дотык» — гэта калі вы бачыце, як да кагосьці дакранаюцца, а здаецца, што дакранаюцца і да вас. Як выяўляецца, больш схільныя да ASMR людзі часцей могуць мець «люстраныя сэнсарныя адчуванні».

Сам дотык з'яўляецца вельмі моцным трыгерам ASMR. Адна з гіпотэз заключаецца ў тым, што відэа, якія дэманструюць дотык або маюць пэўныя тыпы гукаў, магчыма, дазваляюць людзям адчуваць тактыльную стымуляцыю пры адсутнасці фактычнага дотыку. Такім чынам, гук можа адчувацца як дотык, які супакойвае. Гэта можа мець сувязь з такім паняццем як сінэстэзія.

Дзесяцігоддзі даследаванняў паказваюць, што з маленства пэўныя формы дотыку карысныя для эмацыйнага здароўя, напрыклад, абдымкі або гульня з валасамі. Таму адказ, чаму некаторыя людзі адчуваюць ASMR, а іншыя не, можа быць звязаны з тым, як вас супакойвалі ў дзяцінстве.

Яшчэ адна дзіўная асаблівасць ASMR заключаецца ў тым, што відэа можа выклікаць больш мурашак, чым такі ж вопыт у рэальным жыцці. Чаму так можа адбывацца, даследчыкі пакуль дакладна не ведаюць. Таму даследаванні працягваюцца.

Клас
21
Панылы сорам
2
Ха-ха
0
Ого
7
Сумна
3
Абуральна
3