Справу разглядала суддзя Святлана Братанава, дзяржаўная абвінаваўца — памочніца пракурора Ганна Пенер.

Судовы працэс пачаўся з высвятлення асобы, падчас якога на пытанне суддзі «грамадзянінам якой краіны з’яўляецеся?» абвінавачаны адказаў: «Пакуль яшчэ Беларусі».

Глівенка быў затрыманы раніцай 4 траўня 2022 года ў Лунінцы і змешчаны пад варту.

Перад пачаткам суда ён заявіў, што ніякіх паказанняў даваць не будзе.

«Я знаходзіўся па-за межамі Беларусі, у Маскве, і таму беларускае заканадаўства не парушаў. Сваёй віны не прызнаю. Мая віна нічым не даказаная, паколькі пад фотаздымкам загінулых у Баранавічах лётчыкаў, было напісана «Царства ім Нябеснае!», заявіў ён суду.

Таксама адмовіўся ад паслуг адваката.

Нагадаем, што згодна з матэрыяламі справы, Сяргей Глівенка, знаходзячыся нібыта ў нецвярозым стане ў перыяд часу з 21 траўня па 16 чэрвеня 2021 года, з тэрыторыі Расійскай Федэрацыі, дзе ён на той час знаходзіўся, у сацыяльнай сетцы Facebook у групе «АТН: Навіны Беларусі і свету» пад відэазапісам сюжэту «У Беларусі развіталіся з лётчыкамі-героямі Андрэем Нічыпорчыкам і Мікітам Куканенкам. Панарама» размясціў паведамленні цынічнага характару. Ці гэта і ёсць паведамленне «Царства ім Нябеснае!», не ўдакладняецца.

Далей у судзе Глівенка заявіў хадайніцтва аб тым, каб яму выдалі ў ізалятар матрац, паколькі ён нядаўна перанёс некалькі аперацый і яму нельга спаць на голых дошках. Хадайніцтва судом не было задаволенае.

Суд прызнаў Сяргея Глівенку вінаватым і вынес наступнае пакаранне: арышт тэрмінам на 3 месяцы.

Яго вызвалілі з-пад варты ў зале суда. А вось кампенсацыя за два «лішнія» месяцы пад следствам у такім выпадку заканадаўствам не прадугледжаная.

Клас
1
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
13