Фота: АР

Фота: АР

На зямлі

Пад'езды да Крымскага моста з абодвух бакоў да выбуху 8 кастрычніка ахоўвалі спецыяльныя атрады Расгвардыі. Ваеннаслужачыя павінны былі надглядаць аўтамабілі, якія заязджаюць на пераправу, на прадмет узрыўчаткі і незаконных грузаў (у тым ліку наркотыкаў).

Па заявах Мінтранса, маніторынг фур і грузавікоў павінен быў ажыццяўляцца з дапамогай спецыяльных сістэм, якія прасвечваюць аўтамабілі і грузы ў кузаве. Адна з аператарак сістэмы сцвярджала, што можа выявіць нават гайку ў салоне машыны ці разглядзець, што ўзяў з сабой кіроўца на абед.

Назіральныя пункты ёсць не толькі пры ўездах, але і на самым мосце. Яны абсталяваныя камерамі кантролю трафіку, а рух на чатырохпалоснай хуткаснай дарозе кругласутачна маніторыць спецыяльны штаб.

У выпадку надзвычайнага здарэння спецыяльны атрад хуткага рэагавання павінен прыбыць на месца на працягу некалькіх хвілін, каб ліквідаваць аварыю і разабрацца ў тым, што здарылася. Дапамагаць Расгвардыі павінны спецыяльныя сілы пагранічнага кантролю ФСБ і антыдыверсійныя групы на зямлі і на вадзе.

Пасля 8 кастрычніка Уладзімір Пуцін перадаручыў ахову моста ФСБ.

Фота: АР

Фота: АР

На вадзе

На вадзе асноўную працу па ахове самага доўгага ў Расіі моста ажыццяўляюць малыя рухомыя катары некалькіх праектаў. У першую чаргу гэта супрацьдыверсійныя катары тыпу «Грачонак», абсталяваныя, у залежнасці ад мадыфікацыі, кулямётамі, гранатамётамі і нават ракетнымі комплексамі «Іголка». Кампанію ім складаюць меншыя, але больш мабільныя (развіваюць хуткасць да 50 вузлоў — звыш 90 кіламетраў за гадзіну) катары праекта «Мангуст». Яны абсталяваныя кулямётамі і ракетамі, аднак у асноўным іх выкарыстоўваюць для перахопу судоў і надгляду. Акрамя таго, на месцы па неабходнасці могуць задзейнічаць дэсантныя катары.

Асобна ахоўваюць мост ад тарана: перад апорамі ўзведзеныя спецыяльныя палы — цыліндрычныя бетонныя ўмацаванні, якія не дадуць караблям падплысці блізка да апор моста.

З сушы караблі падтрымлівае берагавы ракетны комплекс «Бал», абсталяваны супрацькарабельнымі ракетамі з далёкасцю паражэння да 260 кіламетраў. Дапамагае яму больш сучасны комплекс «Бастыён» з крылатымі ракетамі «Онікс».

Пад вадой

Не менш сур'ёзна мост ахоўваюць і пад вадой. Каб не дапусціць мініравання або падрыву апор, у вадзе пастаянна дзяжураць ваенныя вадалазы і спецыяльныя групы Чарнаморскага флоту. Яны рэгулярна аглядаюць апоры моста, а таксама кантралююць перамяшчэнне любых аб'ектаў з дапамогай сістэмы кантролю акваторыі «Плаўнік». Дзякуючы гідралакацыйным датчыкам, а таксама цеплавізарам і радыёлакацыі, такая сістэма можа выявіць чалавека на адлегласці ў два кіламетры, а судна— на адлегласці трох кіламетраў.

Калі ж дыверсанты змогуць абысці вадалазаў і падабрацца да апор моста на адлегласць 300 метраў, то ў справу павінны ўступіць спецыяльныя гукавыя пасткі (сістэма «Амулет-П»). Яны выпраменьваюць гукавыя хвалі, якія чалавечае вуха не ў стане вытрымаць, а калі цэль наблізіцца на 100 метраў, частата ўзмацняецца, што прымушае дыверсанта ўсплыць на паверхню.

Акрамя вадалазаў і пастак, у абароне Крымскага моста нібыта задзейнічаныя спецыяльна навучаныя дэльфіны. Пасля анексіі Крыма акіянарыумы, у якіх украінскія вайскоўцы трэніравалі жывёл, перайшлі пад кантроль расійскай арміі. Па задуме, падрыхтаваныя дэльфіны павінны былі шукаць патэнцыйныя пагрозы на глыбіні да 60 метраў. У расійскім Мінабароны эксперыменты над марскімі жывёламі адмаўлялі, аднак пазней стала вядома, што ведамства замовіла ў акіянарыума пяць новых асобін.

У паветры

Ахова ў небе пачынаецца са спецыяльнага спадарожніка «Космас-К», які можна вывесці да зададзенай цэлі з зямлі. З арбіты спадарожнік можа перадаць у цэнтр кіравання параметры цэлі, а таксама яе здымкі.

Ніжэй, ужо ў зямной атмасферы, паветраную прастору рэгулярна патрулююць расійскія знішчальнікі Су-27 і супрацьлодачны самалёт-разведчык Іл-38. Самалёты вядуць разведку і ў выпадку неабходнасці могуць задзейнічаць ракеты, бомбы, супрацьлодачныя ракеты і міны.

Фота: АР

Фота: АР

З зямлі гэтую групоўку падтрымлівае цэлая група супрацьпаветраных сістэм рознай далёкасці. У першую чаргу, гэта ракетны комплекс С-400 «Трыумф» — самая перадавая зенітная сістэма на ўзбраенні расійскай арміі; на ахову моста выдзелена цэлых два палка сістэм гэтага тыпу. Акрамя таго, збудаванне ахоўвае зенітна-гарматны «Панцыр-С1».

Асобна варта адзначыць радыёлакацыйныя сістэмы, якія дапамагаюць усёй тэхніцы, якая ахоўвае мост. Гэта РЛС «Подсолнух» у Крыме, якая ў стане выяўляць цэлі на адлегласці 450 кіламетраў, і станцыя «Варонеж-ДМ», якая пакрывае адлегласць у шэсць тысяч кіламетраў. 

Выданне адзначае, што толькі на наземную ахову моста, па падліках «Бі-бі-сі», у 2022 годзе выдаткавалі 700 мільёнаў рублёў плюс яшчэ 618 мільёнаў — на розныя тэхнічныя сістэмы бяспекі. Прыкладна ў столькі ж каштавала ахова чыгуначнай часткі моста.

Клас
4
Панылы сорам
2
Ха-ха
40
Ого
6
Сумна
1
Абуральна
4