Па словах Рэйс-Андэрсэн, камітэт абраў гэтых пераможцаў з мэтай падкрэсліць важнасць грамадзянскай супольнасці і яе ролю ў любой краіне, у прыватнасці ў супрацьстаянні аўтарытарнай уладзе.

«Сфера Прэміі міру — гэта не вайна ва Украіне, але гэта, бясспрэчна, вельмі сур'ёзны яе фон», — адзначыла старшыня камітэта.

Яна падкрэсліла, што ў Расіі і Беларусі ўлада зрабіла прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і праваабарончых арганізацый ворагам дзяржавы, што крыўдна і недапушчальна.

На яе думку, вяршэнства права, правы чалавека і права голасу — а менавіта адстойваючы іх у Беларусі Алесь Бяляцкі трапіў за краты — могуць прадухіляць войны і могуць пакласці ім канец.

Старшыня камітэта адзначыла, што згодна з воляй Альфрэда Нобеля іхні мандат заключаецца ў тым, каб вызначаць асобу або арганізацыю, якія ўнеслі найбольшы ўнёсак у справу міру за мінулы год. Яна дадала, што не лічыць, што ўручэнне акажа неадкладны ўплыў, бо «ў цяперашняй сітуацыі гэта абсалютна нерэальна». Але адзначыла, што гэтае рашэнне прынялі «ў межах волі Альфрэда Нобеля, крытэрыяў братэрства паміж народамі».

На пытанне аб тым, ці не лепш было даць гэтую прэмію Зяленскаму або Навальнаму — людзям, што маюць больш шырокае сусветнае прызнанне — старшыня камітэта адказала: «Сусветнае прызнанне — гэта не тое, што мы бярэм пад увагу. І мы ніколі не каментуем, хто не атрымаў прэмію. Мы лічым, што тыя, хто ўносіць уклад у справу міру, гэта не людзі, якія вядуць вайну. А паказваем на тых, хто цяпер можа змяніць сітуацыю».

«Войны можна развязваць не толькі ваеннымі сродкамі. Паўстанне людзей, супраціў і пратэсты адыгрывалі важную ролю. І мы лічым, што нашы пераможцы будуць працягваць гэта рабіць», —рэзюмавала Берыт Рэйс-Андэрсэн.

Ва Украіне ўручэнне Нобелеўскай прэміі ўкраінцам разам з расіянамі і беларусамі выклікала збольшага адмоўную рэакцыю. Выказваюцца нават меркаванні, што праваабарончаму «Цэнтру грамадзянскіх свабод» варта ў знак пратэсту ад яе адмовіцца.

Чытайце таксама:

«Вясна»: Галоўная надзея — што Нобелеўская прэмія стане магчымай прычынай вызвалення Алеся Бяляцкага

Алесь Бяляцкі атрымаў Нобелеўскую прэмію міру

Клас
90
Панылы сорам
2
Ха-ха
3
Ого
3
Сумна
0
Абуральна
3