Фота: АР

Фота: АР

«Кожныя 48 гадзін адбываецца херня»

«Страх перад ім да ўсрачкі. Але гэта страх без павагі. Павагі [да Пуціна] няма ўжо пару-тройку гадоў», — кажа суразмоўца «Медузы», блізкі да ўрада.

Пра такія ж настроі ў кабінеце міністраў распавялі яшчэ два суразмоўцы, блізкія да ўрада, і адна крыніца, блізкая да Крамля.

Па іх словах, стаўленне да Пуціна рэзка сапсавалася пасля павышэння пенсійнага ўзросту ў 2018 годзе, якое, паводле сацапытанняў, не падтрымала большасць расіян. Наступствы ад пенсійнай рэформы, узгодненай і ўхваленай самім Пуціным, Крэмль пераклаў менавіта на ўрад.

У наступныя гады сітуацыя толькі пагаршалася. Па словах суразмоўцаў «Медузы», паступова Пуцін перастаў папярэджваць міністраў пра тое, што менавіта ён плануе зрабіць у найбліжэйшай або аддаленай будучыні.

«Яшчэ нядаўна віцэ-прэм'еры і міністры працавалі для прэзідэнта хаця б «гуглам». Ён ім агучваў сцэнарыі, якія лічыў верагоднымі, і пытаўся: «А калі так зрабіць — якіх наступстваў чакаць? А калі так — што потым будзе?» Цяпер гэтага няма», — распавядае крыніца, блізкая да ўрада.

Паводле яе, пасля пачатку пандэміі кавіду Пуцін, які вельмі баіцца за сваё здароўе, канчаткова адмовіўся ад кансультацый з урадам, і ўсе ключавыя рашэнні пачаў прымаць сам пасля кароткага абмеркавання з самым «блізкім колам» (лічыцца, што ў яго ўваходзіць кіраўніцтва спецслужбаў і сілавых ведамстваў).

Фота: АР

Фота: АР

«[Пасля пачатку пандэміі] усё звальваецца на галаву без папярэджанняў», — кажа адзін з суразмоўцаў «Медузы».

У якасці прыкладу крыніцы прыводзяць «меры падтрымкі» расіян, якія сталі мемам, падчас кавіду — а менавіта «непрацоўныя дні з захаваннем заробку» і падтрымку шматдзетных сем'яў.

«Прэзідэнт можа [падобнае] нечакана заявіць. [Зрабіць] жэст шырокай душы, так бы мовіць. А потым пачынаецца ліхаманкавы пошук [грошай на яго выкананне] — адкуль іх выдраць», —растлумачыла адна з высокапастаўленых крыніц «Медузы».

Паводле яе сцвярджэння, яшчэ некалькі гадоў таму Пуцін дзейнічаў супрацьлеглым чынам: спачатку выслухоўваў прапановы ад ведамстваў, затым выбіраў, якая прапанова падаецца яму аптымальнай.

Разам з тым блізкія да ўрада суразмоўцы выдання адзначылі, што міністры не рашаюцца спрачацца з Пуціным нават пры самых «нечаканых» рашэннях. І робяць гэта менавіта з-за страху: «Калі арыштавалі Улюкаева, усе ўсё зразумелі».

Блізкія да ўрада крыніцы дадалі: гэты ж страх — а таксама нежаданне Пуціна чуць ад падначаленых аб праблемах — прыводзіць да таго, што многія чыноўнікі сур'ёзна прыхарошваюць рэчаіснасць у дакладах прэзідэнту. Напрыклад, не паведамляюць пра рэальныя наступствы санкцый для эканомікі.

«Кожныя 48 гадзін адбываецца нейкая херня, ніхто толкам нічога не разумее. Да выканаўцаў усё даводзіцца ў апошні момант», — ёміста апісала сітуацыю крыніца «Медузы», блізкая да Крамля.

«Прайграваць ён не ўмее. Прызнаваць, што прайграе, — тым больш»

Усе гэтыя праблемы пагоршыліся пасля пачатку вайны. Многія, нават самыя высокапастаўленыя чыноўнікі да апошняга моманту не ведалі пра пачатак поўнамаштабнага ўварвання. Акрамя таго, паводле ацэнкі крыніц, пасля 24 лютага прэзідэнт страціў цікавасць да «мірных спраў», а яго «блізкае кола» стала яшчэ больш цесным.

«Задаволеных Пуціным, напэўна, амаль няма. Бізнес і многія члены ўрада незадаволеныя тым, што прэзідэнт пачаў вайну, не падумаўшы пра маштабы санкцый. «Ястрабаў» не задавальняюць тэмпы «спецаперацыі». Яны думаюць, што можна дзейнічаць больш рашуча», — казала ў маі 2022-га крыніца, блізкая да Крамля.

Праз месяцы настроі грамадзянскіх чыноўнікаў і «ястрабаў» мала змяніліся. Пры гэтым пазіцыя Пуціна — па меры таго, як няўдачы Расіі на фронце растуць, — дрэйфуе ў бок «партыі вайны» (прыхільнікаў далейшай эскалацыі), а настрой прадстаўнікоў «партыі міру» стаў яшчэ больш песімістычным.

Фота: АР

Фота: АР

Суразмоўца «Медузы», блізкі да ўрада, удакладніў, што працы ў кабінета міністраў з тых часоў толькі дадалося:

«Абвешчаная мабілізацыя, а грошай на яе ў бюджэце, натуральна, не запланавана».

Крыніцы, блізкія да Крамля, а таксама суразмоўца, знаёмы з людзьмі, якія ўваходзяць у асяроддзе Пуціна, адзначылі, што цяпер прэзідэнт «не можа даць вобраз будучыні» нават самым высокапастаўленым чыноўнікам і найбуйнейшым бізнэсменам: «Гэтыя людзі цярпяць з-за санкцый, страчваюць велізарныя сродкі. Але ім зусім незразумела, ці зможа Крэмль усё гэта кампенсаваць».

У выніку, лічаць суразмоўцы «Медузы», «вертыкаль улады» ў Расіі пачынае «плысці і развальвацца».

Напрыклад, расійскія губернатары прыняліся адкрыта заяўляць, што ў іх няма грошай на выкананне абяцанняў Масквы, а стваральнік «ПВК Вагнер» Яўген Прыгожын і кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў адкрыта (і вельмі жорстка) крытыкуюць сілавыя ведамствы.

«Цяпер, напрыклад, [мэр Масквы Сяргей Сабянін] аб'яўляе, што бюджэт горада акажа падтрымку сем'ям мабілізаваных. Такія рэкамендацыі паступілі з АП і іншым губернатарам, каб тыя змяншалі сацыяльную напружанасць. Але грошай у большасці кіраўнікоў на гэта няма. А дзеянні Сабяніна калегі з іншых рэгіёнаў успрымаюць, хутчэй, негатыўна: «Ідзі ты, Сяргей Сямёнавіч, са сваім піярам», — патлумачыла крыніца, блізкая да АП.

Як і ў выпадку з супрацоўнікамі ўрада, расійскія высокапастаўленыя чыноўнікі не дазваляюць сабе негатыўна выказвацца ў бок Пуціна, адзначаюць суразмоўцы «Медузы». «Хто ж яго пасадзіць? Гэта ўжо помнік», — іранізуе адзін з іх.

Як «помнік» збіраецца заканчваць вайну, прадстаўнікам расійскага істэблішменту незразумела. Некалькі высокапастаўленых суразмоўцаў «Медузы» таксама адчуваюць трывогу з нагоды разваг Пуціна пра ядзерны удар на фоне поспехаў украінскай арміі на фронце.

«Прайграваць ён не ўмее, — кажа адзін з іх. — Прызнаваць, што прайграе, — тым больш».

Клас
13
Панылы сорам
23
Ха-ха
13
Ого
4
Сумна
9
Абуральна
10