Як праводзілася апытанне

Chatham House апытаў 741 рэспандэнта з 15 па 31 жніўня 2022 года. Як і ў мінулы раз, у выбарку трапіла толькі гарадское насельніцтва. Апытанне было праведзенае з дапамогай інтэрнэт-інтэрвʼю (CAWI), то-бок выбарка была абмежаваная карыстальнікамі інтэрнэту, а значыць, эканамічна і сацыяльна больш актыўнымі людзьмі.

З іншага боку, даследчыкі прызнаюць, што праз сітуацыю ў Беларусі рэспандэнты маглі не быць дастаткова шчырымі, што таксама мела ўплыў на вынікі.

Сваякі ў іншых краінах

Больш за палову беларусаў маюць родных за мяжой. Амаль у 70% — гэта Расія.

Візы краін Еўрапейскага саюза

Толькі 5% беларусаў маюць візу якой-небудзь краіны ЕС. Такія вынікі — сярод гарадскога насельніцтва, якое карыстаецца інтэрнэтам. То-бок рэальныя лічбы будуць яшчэ меншыя. 17% апытаных думаюць адкрыць візу ў якую-небудзь краіну ЕС.

Наведванне розных краін за апошнія 5 гадоў

Амаль палова апытаных беларусаў за апошнія 5 гадоў была ў Расіі, чвэрць — ва Украіне, 15% былі ў Польшчы, 11% — у Літве. Не выязджала з краіны ў апошнія гады больш чым траціна апытаных. Даследчыкі дадаюць, што тыя, хто падтрымлівае дзейны рэжым, бывалі дзе-небудзь значна радзей, чым іх апаненты.

Жыццё і праца на Захадзе або ў Расіі

Амаль 40% хацелі б жыць і працаваць на Захадзе, траціна — у Расіі. Тыя, хто выбірае Захад, звязваюць гэта з жаданнем павысіць узровень жыцця і адчуваць сябе свабоднымі. Прыхільнікі Расіі гавораць пра хуткую асіміляцыю (менталітэт, агульная мова), а таксама пра пачуццё прыхільнасці.

Самаідэнтыфікацыя з заходняй культурай і ўспрыманне заходняга ладу жыцця

Беларусы пазітыўна ставяцца да заходняй культуры (нават тыя, хто не быў за заходняй мяжой).

Але сябе да яе звычайна не адносяць. Пры гэтым, тыя беларусы, якія бывалі ў краінах ЕС, часцей адносяць сябе да заходняй культуры і радзей ставяцца да яе негатыўна.

Уплыў заходняй і расійскай культуры

Беларусы лічаць, што суседнія культуры маюць уплыў на іх лад думак і жыцця. Расійскую культуру схільныя лічыць больш уплывовай у Беларусі па параўнанні з заходняй. Стаўленне да працы — пытанне, на якое, па меркаванні апытаных, найменш мае ўплыў і заходняя і расійская культура.

Характар уплыву заходняй і расійскай культуры

Беларусы часцей ацэньваюць пазітыўна ўплыў заходняй культуры на прававую свядомасць, стаўленне да ведаў і густы, а расійскай — на адносіны паміж людзьмі.

Больш падрабязна з вынікамі апытання можна азнаёміцца тут.

Клас
24
Панылы сорам
6
Ха-ха
2
Ого
5
Сумна
1
Абуральна
5