Ані Эрно. Фота: Horst Galuschka / Global Look Press

Ані Эрно. Фота: Horst Galuschka / Global Look Press

Першая жанчына з Францыі, што здабыла ўзнагароду

Больш за сотню гадоў «Нобель» па літаратуры прысуджаецца творцам з усяго свету, аднак французскіх жанчын сярод лаўрэатаў яшчэ не было. Эрно ўваходзіла ў пул фаварытак 2022 года нароўні з канадкамі Эн Карсан ды Маргарэт Этвуд, а таксама суайчынніцай Марыз Кандэ. Тэксты Ані атрымалі прызнанне за «мужнасць і клінічную вастрыню, з якімі Эрно раскрывае карані, адчужанасць і калектыўныя абмежаванні асабістай памяці». Францужанка стала 17-й жанчынай-лаўрэатам «Нобеля» ў галіне літаратуры.

Цікава, што колькі год таму Эрно мела рэальны шанец атрымаць ячшэ адну прэстыжную літаратурную ўзнагароду, Букераўскую прэмію. Яна нават трапіла ў шорт-ліст з раманам «Гады», які крытыкі прызналі вяршыняй творчасці жанчыны. Аднак успаміны, пераплеценыя з калектыўным досведам суайчыннікаў за 60 гадоў, не здолелі перавесіць «Запаветы» Маргарэт Этвуд ды «Дзяўчына, жанчына, усё астатняе» Бернардзіна Эварысты.

Фактура раманаў базуецца на рэальным жыцці пісьменніцы

Першы твор Ані, «Пустыя шафы», пабачыў свет у 1974 годзе — і меў аўтабіяграфічны характар. Як, дарэчы, і ўсе наступныя буйныя творы. Эрно выкарыстоўвае пісьменніцтва як тэрапію, з дапамогай якой асэнсоўвае падзеі прыватнага жыцця.

Рэфлексія дазваляе адпусціць боль і прыняць тое, што засталося ў мінулым: забароны на сэксуальныя праявы, нянавісць да ўласнага цела, бытавы гвалт, нежаданая цяжарнасць, аборт, роля палюбоўніцы, рак грудзей, смерць матулі…

Правакацыі тут няма — хутчэй, гэта сеанс псіхатэрапіі, дзе ўслых прагаворваюцца праблемы, што душылі чалавека цягам доўгіх гадоў.

Эрно выкарыстоўвае фантастычна багатую мову

Усе перакладчыкі адзначаюць, што працаваць з тэкстамі францужанкі — гэта задальненне і складанейшы выклік адначасова. Яе жаночая проза напітаная энергетыкай, якую проста адчуць і зразумець, але амаль немагчыма перадаць ва ўсім багацці.

Ані Эрно. Фота: fr.wikipedia.org/Lucas_Destrem

Ані Эрно. Фота: fr.wikipedia.org/Lucas_Destrem

Тым не менш буйную прозу Ані ахвотна і часта адаптавалі разнастайнымі мовамі — у тым ліку беларускай.

Летась у Вільні дзякуючы выдавецтву «Таварыства беларускай культуры ў Лeтуве» выйшаў фемінісцкі раман «Падзея», у перакладзе Уладзіслава Гарбацкага. Тэкст прысвечаны жаночай цялеснасці і (не)магчымасці зрабіць аборт у Францыі 1960-х гадоў.

Нобелеўскі камітэт не здолеў паведаміць Эрно пра перамогу

Прадстаўнікі шведскай акадэміі не змаглі датэлефанавацца да пісьменніцы, каб загадзя яе павіншаваць. Таму цёплыя словы ім давялося прамаўляць ў жывым эфіры.

Хаця наўрадці Эрно гэтым пакрыўдзілася, бо да атрымання шматлікіх літаратурных узнагарод ужо звыклася. Францужанка была ўганараваная прэміямі Рэдандо, Маргерыт Дзюрас, Франсуа Марыяка, Мары Латур Ландры, а таксама Прэміі французскай мовы. Апошняя, як падаецца, для ліцэнтыята філалогіі ды выкладчыка сучаснай літаратуры, выглядае самай каштоўнай. Па-за «Нобелем», зразумела.

Фільм па кнізе Эрно атрымаў «Залатога Ільва»

Адна з самых вядомых кніг Ані — тая самая «Падзея», напісаная яшчэ ў 1963 годзе — летась перажыла другое нараджэнне. Але ўжо ў кіно: Адры Дзіван зняла стужку па матывах твора і атрымала міжнародную ўхвалу. Усяго толькі другая праца ў кар'еры прынесла рэжысёрцы «Залатога Ільва» на 78-м венецыянскім кінафестывалі. Тады як выканаўца галоўнай ролі, румынская акторка Анамарыя Варталамей, атрымала «Люмьера» — нацыянальную кінапрэмію Францыю.

Вельмі верагодна, экранізацый твораў Эрно пасля «Нобеля» пабольшае — тым больш, што яна працягвае актыўна працаваць, нягледзячы на ўзрост. У 2022 годзе выдавецтва «Галімар», якое традыцыйна супрацоўнічае з Ані, надрукавала яе новы раман «Малады чалавек».

 

Клас
37
Панылы сорам
2
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
4