BELKNIGA.BY

Гэтая дзяржаўная сетка кнігарань мае вялікі выбар літаратуры. Ёсць несмяротная класіка накшталт Быкава, Мележа, ёсць і менш звыклыя рэчы: напрыклад, мастацкі твор «Бог кахання Марс» ад гомельскага пісьменніка Сяргея Балахонава ці грунтоўная «Галоўная вуліца Мінска» — даследаванне гісторыі праспекта Незалежнасці ад пісьменніка і энцыклапедыста Леаніда Маракова.

Не абышлося тут і без цікавых перакладаў: звярніце ўвагу, напрыклад, на кнігу твораў вялікага кыргызскага пісьменніка Чынгіза Айтматава па-беларуску або на зборнік кітайскай паэзіі.

БІБЛІЯТЭКА KAMUNIKAT

Сайт Kamunikat.org раім запомніць нават тым, хто не збіраецца набываць сабе ніякія кнігі па-беларуску, бо гэта багатая анлайн-бібліятэка. Тут ёсць безліч беларускамоўных твораў, даступных у пдф-фармаце, уражвае нават багацце тэматыкі — ад мастацкай літаратуры да экалогіі і геаграфіі. Ёсць на «Камунікаце» і аўдыякнігі, запісы радыёперадач, перыёдыка, музыка і відэа — і ўсё па-беларуску.

«Камунікат» стварыў беларус з Падляшша Яраслаў Іванюк. Дакладнай інфармацыі па дастаўцы вы на сайце крамы не пабачыце, для гэтага вам спатрэбіцца напісаць на пошту яе супрацоўнікам. Але ж ёсць там кнігі, сапраўды вартыя гэтага кроку. Пералічым толькі некалькі аўтараў: Таццяна Сапач, Уладзімір Някляеў, Уладзімір Арлоў. Сярод цікавостак — выданне «Культура сэксуальных стасункаў у Вялікім Княстве Літоўскім у XVI—XVII стагоддзях».

KNIHI.BY

Адметнасць гэтай крамы ў тым, што, акрамя выданняў для дарослых, тут прапануюць яшчэ і невялічкі дзіцячы кнігазбор. Напрыклад, тут вы набудзеце сабе кнігі вядомай дзіцячай пісьменніцы Надзеі Ясмінскай, а таксама пераклады класічных дзіцячых твораў ад твораў Астрыд Ліндгрэн да гісторыі пра Пітэра Пэна. На Knihi.by добры выбар твораў, перакладзеных з іншых моваў на беларускую: тут вам і знакамітыя Рамэн Гары і Чак Паланік, і менш вядомыя шырокаму чытачу Гінтарас Бераснявічус і Яраслаў Гжэндовіч.

Цікавая знаходка: на сайце можна набыць набор віншавальных паштовак да прафесійных свят. Толькі паглядзіце на іх — хіба гэта не прыгажосць?

Фота: knihi.by

Фота: knihi.by

KNIGANOSHA.BY

Калі верыць сайту гэтай крамы, яе адметнасць — тое, што тут можна набыць старыя выданні. І праўда, у гэтай краме вы знойдзеце рарытэты па нашым часе: напрыклад, як наконт «Уладара» ад Макіявелі 2008 года выдання? Часам тут з’яўляюцца ў адзінкавай колькасці яшчэ большыя рарытэты накшталт «Плача перапёлкі» Івана Чыгрынава 1978 года выдання або кнігі вершаў Адама Русака, выдадзенай тады ж.

З больш новых, але таксама незвычайных выданняў раім звярнуць увагу, напрыклад, на прыгожую кнігу «Традыцыйныя строі Беларусі: беларускае адзенне канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў па рэгіёнах», выявы з якой разышліся пару месяцаў таму па беларускіх тэлеграм-каналах — надта ўжо яны прыгожыя.

RAGNA.BY

«Рагна» — гэта цэлая этнакрама з рэчамі, створанымі ў беларускім стылі. Маленькія цацкі-зайчыкі ў нацыянальных касцюмах, рукавіцы з арнаментам, яркія паштоўкі-выцінанкі — трымайцеся, каб не скупіць гэта ўсё і не забыцца, што вы тут па кнігі.

Кніг у «Рагне» не так і шмат, але гэта па-свойму незвычайныя выданні. Напрыклад, «Смак беларускай кухні» — яскравы зборнік рэцэптаў на беларускай, рускай і англійскай мовах, альбо кнігі пра астраномію ў Вялікім Княстве Літоўскім ці зборнік фотаздымкаў Беларусі, зробленых нямецкім салдатам падчас Першай сусветнай.

«Я чую гэтую кнігу іх галасамі». Размова з Сяргеем Лескецем пра кнігу «Шэпт»

Уладзімір Сцяпан: У іх свая мерка літаратуры — колькасць базавых

Клас
26
Панылы сорам
1
Ха-ха
2
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
2