Фота: сацсеткі
Лукашысты ў сваіх каналах посцяць фота са жніўня 2020 года, на якіх арыштаваны ідзе ў калоне дэманстрантаў з мінскіх заводаў.
Мы запыталіся ў аднаго з завадатараў страйку на МТЗ Сяргея Дылеўскага, якая цяпер сітуацыя на заводзе:
«Па маіх звестках, затрымалі як мінімум 12 працаўнікоў завода.
Ходзяць чуткі, што зачыстка звязаная з падрыхтоўкай мабілізацыі і уступлення ў Лукашэнкі ў вайну з Украінай, але гэта толькі чуткі.
На шмат якіх іншых прадпрыемствах Беларусі затрымліваюць людзей, якія праявілі актыўнасць падчас так званых «выбараў».
Яны намагаюцца выкараніць з прадпрыемстваў любое іншадумства, каб людзі хадзілі, апусціўшы галаву і ўладам усё сыходзіла з рук.
Сітуацыя на заводзе цяпер складаная. Людзі не пачуваюцца ў бяспецы, бо ніхто не застрахаваны ад турмы».
На МТЗ працуе амаль 16 тысяч чалавек, у апошнія чатыры гады за год тут выпускалі ў сярэднім каля 33 тысяч трактараў. Для параўнання: у 2006 годзе выпускалі больш за 50 тысяч адзінак тэхнік. Нягледзячы на тое, што штат прадпрыемства і колькасць адзінак тэхнікі апошнія дзесяцігоддзі ўвесь час скарачаліся і часта завод балансаваў на мяжы стратнасці, МТЗ застаецца адным з найбольшых прадпрыемстваў Беларусі, найбольшым вытворцам трактараў у краінах былога СССР, а трактар «Беларус» — адным з сімвалаў краіны.
У 2020 годзе работнікі завода, як і іншых прадпрыемстваў, патрабавалі адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі шляхам дэманстрацый і мітынгаў, але не баставалі.
Пратэсты выклікалі шалёныя рэпрэсіі. Не менш за 45 тысяч чалавек прайшлі праз затрыманні, у турмах застаюцца тысячы палітзняволеных, дзясяткі тысяч людзей пакінулі Беларусь, ратуючыся ад масавых рэпрэсій. Права людзей на свабоду сходу і забастоўку ў краіне перасталі існаваць.
Пра Аляксандра Дзярбінскага вядома, што ў яго ёсць маленькі сын.





