Аляксандр Прахарэнка і Ягор Рачкоўскі
Жыхара Гомеля Аляксандра Прахарэнку жорстка затрымаў АМАП. Як вынікае з апублікаванай інфармацыі, мужчыну вінавацяць паводле двух крымінальных артыкулаў: 130 (распальванне варожасці) і 391 (абраза суддзі). У пакаянным відэа Аляксандр сказаў, што нецэнзурна выказваўся ў бок расійскіх вайскоўцаў.
Гэта сілавікі расцэньваюць як распальванне варожасці, і ў той жа час займаюцца гэтым самі. Аляксандра, які прадставіўся інжынерам па тэхніцы бяспекі РНПЦ, у публікацыі назвалі «гандляром футрамі» і апублікавалі адпаведныя здымкі. У допісе адзначылі, што затрыманы двойчы на год «ездзіў на Мальдзівы» і мае «асабнякі» і аўтамабіль Tesla за 115 тысяч даляраў.
За каментарыі ў тэлеграм-чаце, пакінутыя яшчэ ў 2020 годзе, затрыманы беларускамоўны гамяльчук Ягор Рачкоўскі. Вядома, што раней ён працаваў эканамістам на прадпрыемстве «Малочныя прадукты». Мяркуючы па допісе на праўладным ТГ-канале, 39-гадовага мужчыну таксама вінавацяць у «распальванні варожасці» ў дачыненні да міліцыянтаў і абразе прадстаўнікоў улады.
Таксама раней паведамлялася пра затрыманне журналіста Яўгена Меркіса. Яму выставілі абвінавачанне паводле крымінальнага артыкула 361-4, які прадугледжвае зняволенне ад 2 да 6 гадоў.
А 16 верасня зноў затрымалі праваабаронцу з Мазыра Уладзіміра Целепуна. Яго выклікалі ў мясцовы РУУС, але адтуль ён не выйшаў. Вядома, што праваабаронцу выклікалі для «падпісання выпраўленых адміністрацыйных пратаколаў».





