Аляксандр Лукашэнка са сваім малодшым сынам Мікалаем на «Славянскім базары» ў Віцебску. Скрыншот

Аляксандр Лукашэнка са сваім малодшым сынам Мікалаем на «Славянскім базары» ў Віцебску. Скрыншот

Нагадаем, на мінулым тыдні Лукашэнка аб'явіў пра планы правесці ў верасні гэтага года амністыю. Адпаведны законапраект распрацоўваюць МУС, Вярхоўны суд і Генпракуратура. Улады сцвярджаюць, што па амністыі могуць выйсці 8 тысяч чалавек.

DW: Калі амністыя палітвязняў адбудзецца, чаго мы можам чакаць ад ЕС? Ці ёсць шанцы на тое, што Брусель змякчыць сваю палітыку ў дачыненні да Беларусі ці нават аслабіць санкцыі? Ці ЕС будзе працягваць сваю жорсткую лінію?

Петэр Стана: Усё, што абяцае Лукашэнка, трэба разглядаць з двух пунктаў гледжання. Па-першае, у яго няма легітымнасці, а па-другое, да яго няма даверу. Таму якія б ён ні рабіў заявы, трэба глядзець, як гэта падмацоўваецца дзеяннямі.

Петэр Стана.

Петэр Стана.

Вызваленне некаторых людзей — гэта, вядома, важны крок, мы з самага пачатку заклікалі вызваліць усіх, хто быў арыштаваны, затрыманы і асуджаны па палітычных матывах. Але 8 тысяч чалавек — гэта не ўсе, хто апынуўся ў зняволенні ці быў затрыманы з-за рэпрэсій.

Таму для таго, каб Еўрапейскі Саюз змяніў сваю пазіцыю, сваю палітыку адносна санкцый, нам трэба ўбачыць канкрэтныя дзеянні. Мы будзем працягваць назіраць і аналізаваць тое, што адбываецца, і калі будуць адбывацца змены, якія мы чакаем ад рэжыму, каб аблегчыць і палепшыць становішча людзей, якія апынуліся пад яго рэпрэсіямі, тады мы будзем рэагаваць.

Санкцыі ЕС з'яўляюцца прагрэсіўнымі. Яны таксама могуць быць і рэгрэсіўнымі. Таму ў залежнасці ад развіцця падзей мы можам або ўзмацніць санкцыі, або вырашыць, што падстаў для гэтых санкцый больш не існуе. Але на дадзеным этапе гэта заўчасная дыскусія, бо пакуль мы бачым толькі заявы. А што да дзеянняў, то мы бачым працяг рэпрэсій.

— Ці ёсць шанцы на дыялог з Лукашэнкам?

— Мы ніколі не спынялі дыялог з беларускімі ўладамі. Лукашэнка не мае для нас ніякай легітымнасці. Ён не з'яўляецца прэзідэнтам. Але мы па-ранейшаму трымаем адкрытымі каналы сувязі паміж Еўрапейскім саюзам і Беларуссю, таму што мы па-ранейшаму верым у дыялог. Калі ў вас ёсць праблемы, вы можаце вырашыць іх толькі ў дыялогу. Але мы сказалі: каб істотна змяніць якасць нашага дыялогу і супрацоўніцтва, важна спыніць прыгнёт цывільнага насельніцтва.

Важна спыніць парушэнні правоў чалавека. Важна распачаць агульнанацыянальны дыялог, каб знайсці выйсце з гэтага крызісу і арганізаваць новыя незалежныя выбары на аснове міжнародных стандартаў, каб беларускі народ мог выбраць прадстаўнікоў, якіх сапраўды хоча бачыць. Гэта важныя пункты, на падставе якіх мы ацэньваем нашае супрацоўніцтва і наш дыялог з Беларуссю. Пакуль нічога з гэтага не здараецца, і таму ўзровень нашага дыялогу проста зніжаецца. Але ён не спынены. Каналы зносін па-ранейшаму адкрыты.

— Як вы ведаеце, Лукашэнка зараз больш, чым калі-небудзь, прывязаны да Пуціна. Як вы лічыце, ці можна казаць пра канец нацыянальнага суверэнітэту Беларусі? Ці Брусель усё яшчэ разглядае яе як незалежную краіну?

— Многія крокі Лукашэнкі за апошнія два гады істотна падарвалі незалежнасць і суверэнітэт краіны. Ён сапраўды адбірае суверэнітэт у беларускага народа, адымае суверэнітэт у Рэспублікі Беларусь і аддае яго Маскве. Яго баязлівы, непрымальны ўдзел у пуцінскай агрэсіі супраць Украіны — вельмі добры прыклад таго, што ён стаў закладнікам імперскіх амбіцый Пуціна. І менавіта таму мы ўвялі дадатковыя санкцыі супраць яго і іншых прадстаўнікоў рэжыму за іх удзел у гэтым незаконным уварванні.

— Як Еўрапейскі Саюз бачыць Лукашэнку і Беларусь цяпер?

— Ён крыніца і прычына ўсіх праблем, якія сёння ёсць у Беларусі. Але, канешне, паколькі ён з'яўляецца праблемай, ён таксама з'яўляецца часткай рашэння. Таму найперш гэта ён павінен прыняць рашэнне аб правядзенні новых незалежных выбараў. Менавіта ён павінен дазволіць распачаць змястоўны, інклюзіўны агульнанацыянальны дыялог. Вось як мы яго бачым. Мы бачым у ім частку праблемы. Мы бачым у ім і частку рашэння. І мы бачым у ім чалавека, які незаконным шляхам прыйшоў да ўлады і стварае шмат праблемаў для людзей у Беларусі і для Беларусі як краіны.

— Пасля затрымання Эвеліны Шульц, якое адбылося фактычна ў той жа дзень, калі Лукашэнка аб'явіў аб сваіх планах па амністыі, чаго мы можам чакаць? Як Еўрапейскі Саюз адрэагуе на тое, што здарылася?

— Тое, што адбылося на мінулым тыдні, было, на жаль, вельмі добрым прыкладам характару рэжыму. З аднаго боку — ён заяўляе аб амністыі для людзей, якія былі затрыманыя або зняволеныя. У той жа час у краіне за зачыненымі дзвярыма ідуць суды па палітычных справах, а затым яны адважваюцца на недапушчальны і вельмі небяспечны крок па затрыманні дыпламата.

«Азаронак задаваў пытанні, а ціхары паказвалі, каго браць». Распавядаем пра хапун на судзе па справе «Рэвалюцыйнага дзеяння»

Дыпламат — гэта асоба, якая карыстаецца дыпламатычнымі імунітэтам і прывілеямі ў адпаведнасці з Венскай канвенцыяй. Гэта тое, на што Беларусь падпісалася як краіна. Такім чынам, ён зноў парушае міжнародныя абавязацельствы сваёй краіны, яшчэ больш дыскрэдытуючы свой рэжым.

З нашага боку гэта выклікала вельмі, вельмі цвёрдую рэакцыю. Мы асудзілі гэта публічна. Мы сказалі, што гэта непрымальнае парушэнне Венскага пратакола. І мы выклікалі кіраўніка беларускай дыпламатычнай місіі ў Брусэлі для тлумачэнняў. Гэта вельмі моцная мера ў свеце дыпляматыі. Гэта ўжо другі выпадак затрымання нашага дыпламата. Тое, што адбылося, будзе мець вельмі цяжкія наступствы. Зноў жа, на дыпламатычным узроўні, але мы дакладна далі зразумець, што падобнае непрымальна і больш не павінна паўтарацца.

— Існуе шмат асцярог з нагоды віз для беларускіх грамадзян. Напрыклад, Чэхія перастала выдаваць асобныя тыпы візаў для беларусаў. Што чакае беларусаў у перспектыве — візавая забарона, падобная да таго, што ўвялі для расіян?

— Візавую палітыку і яе філасофію можна апісаць наступным чынам: мы хочам пераканацца, што ўязджаюць не тыя людзі, якія могуць стаць праблемай для нас, ці людзі, якія гэтага не заслугоўваюць, а тыя людзі, якія маюць у гэтым патрэбу. Напрыклад, студэнты ці тыя, хто атрымаў гуманітарную візу. Апазіцыянеры, незалежныя эксперты, актывісты — усе, хто мае ў гэтым патрэбу, павінны мець магчымасць атрымаць візу.

Такая логіка візавага рэжыму. І якія б меры ні прымаліся на нацыянальным узроўні, гэта меры ў рамках існуючага візавага кодэкса, проста больш жорсткія ўмовы, якія ўзмацняюць жорсткасць праверку, каб пераканацца, што візу атрымліваюць тыя, каму яна сапраўды патрэбна, а не тыя, хто звязаны з рэжымам і проста спрабуе скарыстацца сваімі прывілеямі.

— Ці шкадуюць у ЕС аб ​​тым, што не занялі, магчыма, больш выразную пазіцыю і не падтрымалі пратэсты 2020 года ў Беларусі?

— Еўрапейскі Саюз — гэта асацыяцыя краін, заснаваная на каштоўнасцях і прынцыпах. Але мы не займаемся зменай рэжымаў. Мы паважаем межы краін, якія не ўваходзяць у ЕС, і што б там ні адбывалася, мы можам або падтрымаць, або асудзіць, але мы не ўмешваемся. Таму, хаця для нас вельмі цяжка бачыць маштабы рэпрэсій, я думаю, мы зрабілі ўсё магчымае ў рамках ЕС, каб падтрымаць гэтых людзей. І маё пытанне вам у адказ: што ж мусіў зрабіць Еўрапейскі Саюз? Ад нас чакалі, што мы пашлем танкі, вайсковыя сілы? Гэта супярэчыць міжнароднаму праву.

Калі вы паглядзіце на гісторыю кожнай з краін, якія ўваходзяць у Еўрапейскі Саюз, яны самі мусілі змагацца за перамены. Ніхто не зробіць гэта за вас. Што ў былой Чэхаславаччыне, што ў Польшчы, у Венгрыі і ГДР — змены шлі знутры, калі насельніцтва паўставала супраць карумпаваных рэжымаў, таталітарных рэжымаў і трымалася.

У Сірыі людзі не перамаглі. У гэтым абвінавачваюць і ЕС, і міжнародную супольнасць, гавораць, што мы не дапамаглі ім. Але зноў жа, дапамога ў такіх сітуацыях азначае разгляд магчымасці знешняга ўмяшання. Я разумею, што простым людзям, якія церпяць ад рэпрэсіяў, гэта цяжка чуць. Але Еўрапейскі Саюз не з'яўляецца інтэрвенцыянісцкай сілай. Мы зробім усё магчымае ў межах дэмакратыі і міжнароднага права, каб падтрымаць права на законныя дзеянні і амбіцыі людзей. Але мы не можам прыйсці ў краіну і проста прыбраць з яе кіраўніка-аўтакрата.

Клас
64
Панылы сорам
16
Ха-ха
7
Ого
7
Сумна
13
Абуральна
24