У Fitch паніжэнне рэйтынгаў еўрааблігацый патлумачылі некалькімі фактарамі, сярод якіх ключавым была аплата Мінскам даўгавых абавязальніцтваў у беларускіх рублях. «Гэта супярэчыць дакументацыі па аблігацыях, якая не дапускае разлікаў у альтэрнатыўных валютах», — заявілі ў агенцтве.

Беларусь ужо некалькі разоў разлічвалася па еўрааблігацыях у нацыянальнай валюце. У Мінфіне тлумачылі, што захоўваюцца «неспрыяльныя знешнія ўмовы», таму грошы ў нацвалюце былі пералічаныя на рахунак, адкрыты ў Беларусбанку. Доступ да рахунку быў дадзены плацежнаму агенту — лонданскаму Сіцібанку.

Да такой схемы аплаты Мінфіну прыйшлося звярнуцца з-за санкцый, уведзеных супраць Нацбанка, і з-за таго, што разлікова-клірынгавая інфраструктура заходніх банкаў «няздольная забяспечваць давядзенне выплат» да ўсіх трымальнікаў беларускіх еўрааблігацый. 

Раней агенцтвы S&P Global Rating, Moody's і Fitch Ratings прызналі дэфолт па беларускіх еўрааблігацыях. Гэта таксама адбылося з-за таго, што Беларусь правяла плацеж па еўрааблігацыях у беларускіх рублях. У Міністэрстве фінансаў заявілі, што аб'яўленне дэфолту носіць «правакацыйны характар», а таксама што асобныя рэйтынгавыя агенцтвы ігнаруюць відавочныя факты ў дачыненні да выканання Беларуссю абавязацельстваў па еўрааблігацыях.

Акрамя таго, у ведамстве раскрытыкавалі заходнюю разлікова-клірынгавую сістэму. Там адзначылі, што яна «сама ў дэфолце», таму што не можа гарантаваць трымальнікам еўрааблігацый іх права на выкананне абавязацельстваў.

Клас
4
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0