Здарэнне на веладарожцы

— Маёй дачцэ 17 гадоў. У той дзень, 16 жніўня, яна каталася на арэндным электрасамакаце па веладарожцы за Палацам спорту, — распавёў Вячаслаў, бацька пацярпелай дзяўчыны.

Было прыкладна 18:15. Складаны ўчастак веладарожкі з выгібам, агляднасць абцяжараная будынкам і дрэвамі.

— Невядомая дзяўчына, таксама на электрасамакаце, рухалася насустрач маёй дачцэ, яны ехалі кожная ў сваім кірунку. Другая дзяўчына не справілася з кіраваннем, перасекла падвойную раздзяляльную паласу паміж дарожкамі, што прывяло да сутыкнення з электрасамакатам маёй дачкі, — сцвярджае суразмоўца.

— Пасля гэтага невядомая мне дзяўчына ўстала і паехала далей. А мая дачка атрымала сур'ёзныя траўмы: закрытую ЧМТ, страсенне мозга, складаны пералом левай рукі. Таксама зламаная сківіца ў двух месцах са зрушэннем адломкаў, пазбіваныя тры зубы, былі ўдары ўнутраных органаў і рваная рана падбародка, — распавёў бацька дзяўчыны.

Наступствы

Па яго словах, найбольшую занепакоенасць прычыняюць менавіта траўмы сківіцы. Пакуль цяжка нават казаць пра тое, якім будзе аднаўленне.

— Ужо праведзеная складаная аперацыя па ўстаноўцы тытанавай пласціны ў сківіцу, патрабуецца доўгая рэабілітацыя, — адзначыў ён.

Пасля сутыкнення на месца выклікалі міліцыю і хуткую дапамогу.

— Я напісаў заяву, другую дзяўчыну шукаюць. Мяркуючы па ўсім, яна таксама рухалася на арэндным самакаце, і міліцыя накіроўвала адпаведныя запыты ў кікшэрынгавыя кампаніі. Але з моманту здарэння прайшоў амаль месяц, а выніку няма, — перажывае чытач.

Можа быць распачатая крымінальная справа

У найбліжэйшы час сям'я павінна атрымаць заключэнне медыкаў аб ступені цяжкасці траўмаў, атрыманых дачкой. Ад гэтага будзе залежаць далейшае развіццё падзей.

Вядомыя выпадкі, калі сутыкненне на веладарожцы з сур'ёзнымі наступствамі заканчвалася распачынаннем крымінальнай справы. Да прыкладу, так было пасля таго, як веласіпедыст збіў пешахода на ўчастку веламаршруту каля гатэля Marriott на праспекце Пераможцаў. Веласіпедысту было прад'яўленае абвінавачванне паводле арт. 155 Крымінальнага кодэкса — «Прычыненне цяжкага або менш цяжкага цялеснага пашкоджання па неасцярожнасці». Суд прызнаў яго вінаватым і прызначыў пакаранне ў выглядзе папраўчых работ на тэрмін 6 месяцаў з утрыманнем 25 працэнтаў з заробку ў даход дзяржавы.

Бацька дзяўчыны: «Я прашу дапамагчы»

Шмат што залежыць ад таго, ці будзе высветленая асоба другой удзельніцы здарэння. Бацька пацярпелай дзяўчыны разлічвае на дапамогу відавочцаў.

— Там было шмат людзей, якія, магчыма, нешта бачылі ці рабілі фота і відэа, — кажа ён.

Звязацца з Вячаславам можна па тэлефоне: +375 29 612-23-28.

Клас
2
Панылы сорам
8
Ха-ха
0
Ого
3
Сумна
36
Абуральна
3