Павал Мажэйка пасьля выхаду з ізалятара. Гродна, 29 сакавіка 2021 года

Павал Мажэйка пасьля выхаду з ізалятара. Гродна, 29 сакавіка 2021 года

«Сваякі трое сутак плакалі, бо для іх гэта быў шок»

У Ірыны на сукенцы прышпіленая новая брошка ў выглядзе «вясёлай дупы». «Вось сімвал твой, забыты краю родны», — каментуе яна.

Ірына ўжо больш за год жыве ў Польшчы. Разам з ёй двое іх з Паўлам дзяцей: Нінцы 10 гадоў, Юрку — 3.

Павал некалькі разоў прыязджаў да сям’і за апошні год, але фактычна жыў на дзве краіны. У 2021 годзе яго затрымлівалі па «справе Пушкіна», у канцы года справу на закрылі.

Сёлета 30 жніўня Паўла забралі зноў — ужо па іншай крымінальнай справе. Адначасова прыйшлі з ператрусам і да яго бацькі, якому пад 70 гадоў.

«Пазванілі сваякі Пашы, што забралі дзеда з хаты. Дзед даглядаў унукаў. Дзяцей 13 і 6 гадоў адных пакінулі дома. Яны перапужаныя», — расказвае Ірына.

Сувязі з Паўлам на той момант ужо не было. Яго бацьку адпусцілі позна ўвечары, але той нічога не мог расказаць, бо даў падпіску аб неразгалошванні.

У наступныя дні прайшла серыя ператрусаў у сваякоў з вёсак.

«Мы з некаторымі нават ніколі не бачыліся, я не падазравала, што такія людзі існуюць. Яны пасля тры дні плакалі, бо для іх гэта быў шок», — апісвае маштаб суразмоўца.

«Ён адмаўляўся ад усіх прац, якія вымагалі яго прысутнасці толькі за мяжой»

— Чаму Павал паехаў у Беларусь? Ці разумеў рызыку пераследу?

— Павал не бачыў для сябе такой магчымасці, што ён выязджае з краіны назаўсёды. У Беларусі хворыя бацькі, абавязкі, якія трэба выконваць.

Ірына Чарняўка і Павал Мажэйка каля горадзенскай турмы, 29 сакавіка 2021 года

Ірына Чарняўка і Павал Мажэйка каля горадзенскай турмы, 29 сакавіка 2021 года

Калі «Белсат» прызналі экстрэмісцкай арганізацыяй, ён ужо не супрацоўнічаў з «Белсатам». Павел працаваў на «Белсаце» ад пачатку існавання канала. Гэтае медыя дало яму максімум творчай рэалізацыі. Ён вёў першае ток-шоў «Госць Белсата», ток-шоў «Два на два», стварыў і вёў праект «Intermarium» — праграму, якая стала падзеяй рэгіянальнага маштабу, бо паказвала гісторыю з фокусам на Беларусі. У 2020 годзе праграма спынілася праз каранавірус і рэвалюцыю.

— Наколькі настойліва блізкія Паўла адгаворвалі яго ездзіць у Беларусь і як ён рэагаваў?

— Усе, хто даведваўся, што ён едзе ў Беларусь, прыходзілі ў жах. «Ты ж разумееш, што там канцлагер фармуецца. Чаму ты думаеш, што ад цябе адчапіліся са «справай Пушкіна»?

Гэта была вельмі важная для яго пазіцыя, што ён не эмігруе. Ён адмаўляўся ад усіх прац і праектаў, якія вымагалі яго прысутнасці толькі за мяжой, дзеля магчымасці ездзіць у Беларусь.

Павал ведае сваю радаслоўную да XVII стагоддзя. Яны заўсёды былі сяляне, з Беларусі, у многіх пакаленнях. Пазбавіць яго радзімы — я не думаю, што ён бачыў такую перспектыву, нават калі гэта каштуе вось столькі. Да канца ён, вядома, не верыў у затрыманне.

Як дзеці адрэагавалі, калі Павал упершыню прыехаў да іх у Польшчу, амаль год не бачыўшыся?

— Было невядома, дзеці яго пазнаюць ці не, асабліва маленькі. Я Нінцы сказала: «Прыедзе вельмі важны госць, давай прыбяром у хаце». Нінка не любіць прыбірацца: «Нейкі госць прыйдзе, я не буду прыбірацца».

Званок у дзверы. Я кажу: «Нінка, ідзі прывітайся з госцем». Нінка такая незадаволеная ідзе да дзвярэй: «Прывітанне». Пасля глядзіць на яго: «Тата!». Малы таксама пазнаў яго хутка.

«Раптам яго пабілі, паламалі яму рэбры, і ты ніяк не можаш дапамагчы»

— Як вы перажывалі першы час пасля затрымання?

— Ніякай інфармацыі не было. У чым ён быў? Адкуль яго забралі? З хаты? З вуліцы? Можа, яго ў споднім паднялі. Галоўнае — дзе ён? Вось ноч прайшла. Ён увогуле паеў? Ён мае адзенне? Яго білі ці не? Раптам яго пабілі, паламалі яму рэбры, і ты ніяк не можаш дапамагчы. Можа быць, выбівалі прызнанні? Можа быць, здзекаваліся пры затрыманні?

— Як правялі ператрус?

— Былі скінутыя кніжкі і вопратка ў нашай кватэры, у вёсцы таксама ўсё было перавернутае. Кнігі, відавочна, перабралі ўсе. Уся вопратка, бялізна, забаўкі дзіцячыя выкінутыя (з шафаў). З матрацаў садралі прасціны, матрацы самі расшпілілі, вытраслі шуфляды, разварушылі дакументы. Хіба што забралі швэдар з «Пагоняй», бо не можам яго знайсці.

Ірына Чарняўка

Ірына Чарняўка

— Чым адрознівалася затрыманне цяпер і ў 2021 годзе?

— У 2021 годзе я адразу ведала, што з ім, калі ён ішоў даваць тлумачэнні ў РАУС. Калі ён не вярнуўся пасля дзвюх гадзін, адвакат уключыўся ў працэс. Генпракуратура тады адразу выпусціла прэс-рэліз.

А тут ты нічога не ведаеш. Павал трэці раз ехаў у Беларусь за год. Звычайна дома быў трывожны кошык з прадметамі на выпадак затрымання. Гэтым разам яго не было. Відаць, Павал не верыў, што яго затрымаюць.

«Гэта былі адзіныя спакойныя месяцы па-за тэрорам за ўвесь час нашага сямейнага жыцця»

Ці ў вас былі прэтэнзіі да Паўла за тое, што яго затрымалі, а вам цяпер трэба і дзяцей гадаваць, і яму перадачы перадаваць?

— Так, я была злая на яго. Ён паехаў адзін раз, другі, трэці. Мажліва, ён мог адчуваць сябе з кожным разам ва ўсё большай бяспецы. Але калі дапусціць думку, што могуць затрымаць, то падумай, што будзе рабіцца з тваёй сям’ёй у наступныя 20-30 гадзін? З тваімі справамі? З людзьмі навокал?

Ты пачынаеш злавацца: няўжо былі такія важныя справы, каб туды ехаць? З другога боку, ты думаеш, ён у сябе дома, там яго продкі. Чаму цяпер хтосьці мае выгнаць яго з яго зямлі? І я гэта разумею, хоць мне гэта нязручна. Цяпер ніякай злосці я не маю. Я разумею, што ў дачыненні да маёй сям’і адбываецца тэрор.

— Мо ў Паўла гэта такая геройская пазіцыя: я гатовы сядзець, толькі каб заставацца ў Беларусі?

— Не ў гэтым справа. Калі б ён падазраваў, што за ім сочаць, то пэўна не паехаў бы ў Беларусь. Хаця, калі пачыналася «справа Пушкіна», Павал знаходзіўся ў Польшчы і вярнуўся ў Беларусь.

Мы ў сітуацыі тэрору жывём усе 20 гадоў. Гэты апошні год, калі мы сябе з дзецьмі пачуваем у бяспецы, разумеем, што нам ніхто не выламіць нагой дзверы, разумеем, што мы можам проста размаўляць па тэлефоне, калі няма небяспекі, што ў цябе забяруць дзяцей.

Калі Павал здолеў некалькі разоў прыехаць на месяц-два — гэта і былі адзіныя спакойныя месяцы па-за тэрорам за ўвесь час нашага сямейнага жыцця.

— Які кошт такой пазіцыі: мець магчымасць ездзіць у Беларусь?

— «Над маім лунае лёсам Беларусь мая». Пару месяцаў у фокусе нашай увагі было, а як дзеці, а якія ім курсы, якія таленты ў іх праяўляюцца, як іх сябры, куды паехаць падарожнічаць, што нам разам паглядзець, ці займацца ў гэтай школе ці той, як сабраць шафу, купіць фіранкі, што прыгатаваць на вячэру. А потым твой фокус змяшчаецца на іншае. Ты гэтак жа займаешся курсамі і вячэрамі, але тло твайго жыцця — гэта ГУЛАГ як частка тваёй сям’і.

Калі я пісала ліст да Паўла, запыталася ў Нінкі, што яна хоча запытацца ў таты. Яна доўга хадзіла, потым вярнулася: «Якія кніжкі па палітыцы і гісторыі ён мне параіць чытаць?» У ёй гэта таксама варыцца. Я не хаваю ад сваіх дзяцей, што адбываецца. Гэта немагчыма схаваць.

«Можна мяне прадставіць як «маці яго дзяцей»»

Павал і Ірына 20 гадоў разам, аднак дагэтуль афіцыйна не распісаныя. Іхн сямейныя адносіны пачыналіся, калі Паўла першы раз накіравалі на «хімію» за «паклёп» на Лукашэнку.

«Можна мяне прадставіць як «маці яго дзяцей», я паўсюль у іх так праходжу, у «Жоўтых злівах»», — усміхаецца Ірына.

— Ці ў вас былі спробы пажаніцца пасля 2021 года?

— Калі Пашу пасадзілі на 72 гадзіны, ён даведаўся, як жыць у турме. Мне падабаецца адаптыўнасць Пашы. Калі яго закрылі 20 гадоў таму, у яго не было нейкіх асаблівых пантоў, што ён журналіст, яго несправядліва пасадзілі. Ён адразу зразумеў свой юрыдычны статус, ён просты чалавек і не ставіў сябе вышэй за астатніх.

У 2021 годзе ён даведаўся, як стрыгчыся, як купляць тавары ў краме, якое адзенне патрэбнае, як даюць спатканні. Кажа: «Я зразумеў, як нам пажаніцца».

Я яму кажу: «Навошта нам жаніцца ў турме? Давай зараз сходзім у ЗАГС, нас адразу распішуць, улічваючы нашы абставіны». А ён кажа: «Ай не, а раптам мяне не пасадзяць». Мы вельмі рагаталі з гэтай імгненнай рэакцыі.

Калі ён цяпер выйдзе, то я яму пярсцёнак ужо падрыхтую, на калена стану, — усміхаецца Ірына. — Сукенку я сабе прыглядаю, шчыра сказаць.

Клас
6
Панылы сорам
2
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
3
Абуральна
7