Пад Ізюмам украінскія войскі захапілі сотні адзінак тэхнікі. Тут і далей: скрыншоты з відэа і фоты з сацыяльных сетак

Пад Ізюмам украінскія войскі захапілі сотні адзінак тэхнікі. Тут і далей: скрыншоты з відэа і фоты з сацыяльных сетак

Незалежны Oryx Project фіксуе страты Расіі і Украіны, зафіксаваныя відэа— і фотаматэрыяламі. Расійскі спіс за апошні тыдзень папоўніўся 333 пунктамі. З іх 224 адзінкі тэхнікі ўкраінцы захапілі. 

Гэта далёка не поўны спіс, таму што ўкраінцы яшчэ не скончылі зачысткі Ізюма і яго ваколіц. Тым не менш, ён дазваляе зрабіць некаторыя высновы. Доля састарэлай, савецкага часу бранятэхнікі значна вырасла ў параўнанні з пачаткам канфлікту. Гэта значыць, што расійскія арсеналы вычэрпваюцца. 

На захопленую тэхніку з расійскімі V, Z i O ўкраінцы наносяць свой знак: крыж

На захопленую тэхніку з расійскімі V, Z i O ўкраінцы наносяць свой знак: крыж

Усяго Oryx Project зафіксаваў страту расіянамі 5801 адзінак тэхнікі, у тым ліку 1083 танкаў. Для параўнання: украінцы страцілі 1577 адзінак.

Перад прарывам фронту пад Балаклеяй украінцы абрынулі на расійскія пазіцыі шквал агню. Пазней расіяне панеслі цяжкія страты падчас адступлення

Перад прарывам фронту пад Балаклеяй украінцы абрынулі на расійскія пазіцыі шквал агню. Пазней расіяне панеслі цяжкія страты падчас адступлення

Расійская армія практычна не мае і рэзерваў. Калі ўкраінцы прарвалі фронт, далей яны прасоўваліся да самай расійскай мяжы, не сустракаючы ніякага супраціву.

Такая рэдзенькая лінія абароны — на многіх участках 1300-кіламетровага фронту, прызнаюць расійскія франтавыя блогеры.

Шматлікія відэа, што фіксуюць нейтралізацыю расійскай тэхнікі, паказваюць перавагу ўкраінцаў у разведцы і высокадакладнай зброі.

Украінцы, фактычна, бачаць расійскую армію з паветра ў рэжыме анлайн, тады як расіяне — толькі ў бінокль.

На відэа заўважны таксама кантраст добра абмундзіраваных, аснашчаных украінскіх вайскоўцаў з расійскімі байцамі. Да гэтага дадаецца розніца ў матывацыі.

Дакладная колькасць палоненых расійскіх вайскоўцаў пакуль не называецца

Дакладная колькасць палоненых расійскіх вайскоўцаў пакуль не называецца

Са статыстыкі расійскіх страт вынікае, што Масква не праводзіць мабілізацыі не столькі з палітычных прычын, колькі таму, што мабілізаваным не было б на чым ваяваць. Яны апынуліся б з калашамі супраць добра ўзброенай украінскай арміі.

Мясцовыя жыхары сустракаюць украінскі патруль. На заднім фоне — кінутая расійская бранятэхніка

Мясцовыя жыхары сустракаюць украінскі патруль. На заднім фоне — кінутая расійская бранятэхніка

Расійскія сацыяльныя сеткі поўняцца трывожным чаканнем, дзе ўкраінцы нанясуць чарговы ўдар.

Франтавыя блогеры пішуць, што ўкраінская армія ўжо разбірае мінныя загароды пад Вуглядарам — гэта між Данецкам і Гуляй-Полем, вядзе інтэнсіўную паветраную разведку над Данецкам і падводзіць бранятэхніку праз Мікалаеў да Херсона.

Расійскія войскі захоўваюць ініцыятыву ў раёне Бахмута і Горлаўкі. Аднак уся расійская групоўка на поўначы Луганскай вобласці можа апынуцца пад пагрозай пасля падзення Лімана — баі там працягваюцца двое сутак. Украінцы не толькі свабодна фарсіравалі Северскі Данец, каб выйсці да гэтага горада, але і перакінулі туды бранятэхніку. Што падзеі там разгортваюцца ў нявыгадным для Расіі рэчышчы, сведчаць допісы шавіністычных каналаў, якія прасоўваюць думку, што там украінцамі кіруюць натаўскія інструктары.

На фота ніжэй: украінскія вайскоўцы ў Ваўчанску, самым усходнім горадзе Харкаўскай вобласці, за 2 кіламетры ад мяжы з Расіяй.

Відэа фіксуюць таксама сцэны радасці і слёз на вуліцах вызваленых гарадоў і вёсак. Мясцовыя жыхары сустракаюць украінскую армію з кветкамі і сцягамі пасля паўгадавой акупацыі ў вайне, якая для ўкраінцаў набыла характар «айчыннай».

Усяго за мінулы тыдзень украінская армія вызваліла больш за 8000 квадратных кіламетраў тэрыторыі. У Харкаўскай вобласці пад кантролем расіян застаецца толькі тэрыторыя на левым беразе ракі Аскол. У выпадку падзення Лімана і выхаду ўкраінскай бранятэхнікі да Сватава, адступленне расійскай арміі з усёй поўначы Луганшчыны стане таксама пытаннем часу.

Клас
505
Панылы сорам
8
Ха-ха
14
Ого
9
Сумна
5
Абуральна
28