Фота ілюстрацыйнае
У тэлесюжэце паказваюць кадры, на якіх мужчына двойчы страляе са стрэльбы практычна ва ўпор па быку. Пасля другога стрэлу бык гіне.
Паводле інфармацыі аўтараў сюжэту, стралок — сын 47-гадовага кіраўніка ТАА «Мясакамбінат Ляхавічы». Па версіі следства, гэты чалавек арганізаваў праз сваё прадпрыемства крымінальную схему па незаконнай скупцы буйной рагатай жывёлы ў сельгаспрадпрыемстваў рэгіёна і наступнай пастаўцы мяса ў Расію.
Да 2016 года мясныя фуры гналі «па-чорнаму», а потым вырашылі легалізаваць незаконны бізнэс.
«Яны давалі пазыкі, куплялі некаторую тэхніку, набывалі для сельгаспрадпрыемстваў. З аднаго боку, гэта выглядала нядрэнна — дапамога сельгаспрадпрыемствам. З іншага боку, сельгаспрадпрыемствы адразу станавіліся даўжнікамі гэтага прадпрыемства. Гэта была гарантаваная сыравінная зона, гарантаваная пастаўка сыравіны на прадпрыемствы. Хочаш ты, не хочаш — ты туды павінен будзеш пастаўляць жывёлу», — адзначыў першы намеснік старшыні Ляхавіцкага райвыканкама Васіль Пыжык.
У выніку фактычна ў кабале ў заснавальніка мясакамбіната апынуліся амаль усе асноўныя гаспадаркі вобласці. Толькі за 2020 год і першае паўгоддзе 2021-га на бойню паставілі амаль 30 тысяч галоў. Па дакументах, тут выраблялі 750 тон за год, а па факце — у шэсць разоў больш. Аб'ёмы хавалі, бо большая частка мяса ішла «налева».
Арганізатары схемы стварылі падкантрольныя структуры ў Смаленску, куды пастаўлялі «некандыцыю» па заніжаных коштах, каб эканоміць на падатках. У выніку іх дзеянняў бюджэт не далічыўся каля 3 млн беларускіх рублёў.
На кароткім павадку ў падазраванага былі і асобныя прадстаўнікі мясцовай улады, якія яго «пакрывалі» — за гэта распачата 14 крымінальных спраў.
Негатыўны ўплыў усё гэта аказвала і на экалогію. Ляхавіцкая бойня, інтэнсіўна працуючы, скідвала тэхнічную ваду з цэхаў проста ў найбліжэйшую раку. Акрамя гэтага, мясакамбінат хаваў адыходы вытворчасці на ворных землях.
Заснавальнік мясакамбіната знаходзіцца пад вартай, расследаванне крымінальнай справы працягваецца. Устаноўленыя асноўныя ўдзельнікі злачыннай схемы: ад сваякоў «мясніка» да службовых асоб раёна. Дзейнасць ААТ «Мясакамбінат Ляхавічы» спыненая, прадпрыемства знаходзіцца ў стадыі ліквідацыі, на яго актывы накладзены арышт.





