Захару 16 гадоў. Ён гаворыць па-дзіцячаму шчыра, але вельмі спакойна і стрымана, нібы абдумвае кожнае слова. Яго сям'я жыве ў вёсцы Дрыгучы Мёрскага раёна. Цяпер хлопец таксама там. Расказвае, што прыехаў дадому пасля адкрытага ўрока «па сямейных абставінах». Якія, не ўдакладняе. З двара нікуды асабліва не выходзіў, таму з тамтэйшымі свой выступ не абмяркоўваў. Ды і людзей, прызнаецца, у іх краях няшмат.

Дрыгучы — маленькая вёска, дзе ёсць толькі пачатковая школа. Тут хлопец адвучыўся чатыры гады, а потым ездзіў па веды ў суседні аграгарадок. Праблем з вучобай у яго ніколі не было, і бліжэй да сёмага класа педагогі параілі хлопчыку паспрабаваць паступіць у гімназію. Школьнік на той момант, як і цяпер, захапляўся вайсковай тэматыкай і вырашыў прыгледзецца да кадэцкага вучылішча.

— Вучылішча створана на базе гімназіі, таму веды тут займаюць значнае месца, дый педагогі моцныя. Першы раз я завітаў сюды яшчэ да паступлення, мне спадабалася, — тлумачыць Захар, чаму пасля сёмага класа ўсё ж абраў Віцебскае кадэцкае вучылішча. — А яшчэ ў Віцебску ў мяне жывуць сваякі, і я мог прыязджаць да іх на выхадныя.

Цяпер Захар у адзінаццатым класе. Яго сярэдні бал за дзясяты — 9,5, а любімыя прадметы звязаныя з гуманітарнымі навукамі. Адзін з іх — гісторыя. Ёй хлопец захапляецца даўно і паспяхова. Летась узяў дыплом 3 ступені на абласной алімпіядзе, тады ж з адной з вучаніц яны атрымалі «срэбра» на рэспубліканскім конкурсе навуковых прац. Кадэты збіралі імёны вайскоўцаў і мірных жыхароў, якія загінулі ў Віцебскім раёне ў гады Другой сусветнай вайны. Захар працаваў з архівам Мінабароны РФ, і гэта яго вельмі ўразіла.

— Адна рэч, калі ты ведаеш лічбы тых, хто загінуў, і зусім іншая, калі бачыш імя, гады чалавека, чытаеш, дзе і як ён памёр, калі разумееш, што паміралі цэлыя сем'і, — згадвае суразмоўца. — У такія моманты па-іншаму ставішся да падзей вайны. Адчуваеш, што гэта было страшней, чым ты мог сабе ўявіць.

— А адкуль у вас такая любоў да гісторыі?

— Гістарычныя кнігі і праграмы мяне заўсёды цікавілі. Да таго ж, дзяцей у нашай вёсцы няшмат, таму трэба было прыдумваць, як займаць час, і я чытаў. Дый у школе па гісторыі ў мяне былі добрыя настаўнікі, заахвочвалі мяне займацца. З гэтага ўсё пачалося. А цяпер я сам часта звяртаюся да мінулага, каб лепш зразумець тое, што адбываецца зараз.

Праўда, станавіцца гісторыкам Захар не збіраецца. У планах быць юрыстам або адвакатам.

— Спачатку я меркаваў, што звяжу свой лёс з матэматыкай. Напрыклад, буду інжынерам, — згадвае кадэт. — Але два гады таму падумаў, што мне хацелася б рабіць нешта добрае для сваёй краіны. Адна з лепшых магчымасцяў для гэтага — абраць прафесію, якая будзе звязана з грамадствам. Таму я і спыніўся на юрфаку.

З жаданнем рабіць нешта добрае для сваёй краіны прыйшло і разуменне, што трэба шукаць у сабе смеласць гаварыць па-беларуску: «усё ж такі я беларус». З тых часоў кадэт стаў спрабаваць пераходзіць на беларускую мову ў паўсядзённым жыцці. Шчыра прызнаецца: атрымліваецца не заўсёды і не з усімі, але ён імкнецца.

— Я імкнуся павялічваць ужыванне мовы і мару, што калісьці поўнасцю на яе перайду. Па-першае, гэта прыгожа, па-другое — магчымасць даць людзям вакол зразумець, што ты беларус, — разважае Захар. — А яшчэ не хачу, каб мне было сорамна перад будучымі дзецьмі, калі яны раптам спытаюць: «Тата, чаму ты не падтрымліваў мовы?». Таму, калі мяне запрасілі на адкрыты ўрок да прэзідэнта, я вырашыў, што тут абавязкова павінна загучаць наша мова.

Але аб усім па парадку.

«Мне здаецца, гэтя вельмі важна — гаварыць тое, што думаеш»

У Мінск на адкрыты ўрок Захара запрасілі 25 жніўня. Калі яму патэлефанавалі з вучылішча і сказалі, што яго выбралі для паездкі, ён здзівіўся. А потым падумаў, што гэта добрая магчымасць задаць пытанне Аляксандру Лукашэнку, і стаў думаць, пра што важнае хацеў бы спытаць. Вырашыў: даведаецца пра тое, як далей будзе развівацца беларуская мова ў сістэме адукацыі.

— Але 31 жніўня я зразумеў, што магчымасць задаць пытанне будзе не ва ўсіх, таму спадзяваўся, што мне проста ўдасца агучыць свае думкі, — адказвае суразмоўца. — Адказ дзяўчынкі, якая казала Аляксандру Рыгоравічу, чым у Беларусі яна ганарыцца, мне падаўся няскончаным, таму я падняў руку, каб таксама выказацца. Мне здаецца, сказаць, чым я ганаруся, гэта нават лепш за маё пытанне. Але гэтыя думкі прыйшлі пасля, а ў той момант я вызваўся аўтаматычна. Першая частка маёй прамовы прайшла больш-менш па плане. Але калі мне задалі дадатковыя пытанні, зразумеў, што становішча робіцца больш складаным. Калі агучваў свае думкі, думаў над кождым словам, каб не зганьбіцца.

Здавалася, вы вельмі хваляваліся.

— Трохі разгубіўся, але, спадзяюся, усё выйшла даволі дыпламатычна. Некаторыя пісалі, што я ледзь не расплакаўся, але насамрэч так атрымалася з-за таго, што я быў сканцэнтраваны на адказах. Трэба было шмат чаго перабраць у галаве, а часу было мала.

— Пакрыўдзіліся на словы пра слёзы?

— Не, навошта. Людзі хвалююцца, так бывае. Вядома, трывога ўнутры мяне таксама была.

— А яшчэ было відаць, што для вас важна адстаяць свой пункт гледжання.

— Мне здаецца, гэта вельмі важна — гаварыць тое, што думаеш, бо, калі гэтага не рабіць, не будзе развіцця і самастойнасці. Але, каб агучваць свае думкі, патрэбна смеласць. Падняць руку на адкрытым уроку ў першую чаргу было важна для мяне самога. Гэта як доказ таго, што я маю гэтую смеласць.

А што было, калі адкрыты ўрок скончыўся?

— Некаторыя рабяты з іншых дэлегацый падыходзілі да мяне, каб паціснуць руку. Цяпер шмат знаёмых і невядомых людзей пішуць мне ў сацсетках. У асноўным дзякуюць за то, што выступіў на мове, што смела адказваў, што ўспомніў Генрыка Дмахоўскага з Мёршчыны. Нехта жартуе, нехта хвалюецца, быццам, могуць быць нейкія наступствы з-за таго, што маё выказванне сталі распаўсюджваць. Гэта крыху мяне накруціла. Але я не лічу, што такія пытанні павінны быць да кагосьці, хто ўчора выказваўся. Па-іншаму я б не паступіў, таму стараюся захоўваць вытрымку.

— А што вам сказалі бацькі, калі вы прыехалі дадому?

— Яны не глядзелі выступ, але потым мама мяне пахваліла, — адказвае Захар, і голас яго пачынае дрыжэць: — А таты не стала ў ноч з 31 жніўня на 1 верасня. Але я даведаўся пра гэта, толькі калі вярнуўся. Ён шэсць гадоў змагаўся з анкалогіяй. Калі я быў у Мінску, мама, напэўна, вырашала мне не гаварыць. Ды я і сам не патэлефанаваў… Столькі ўсяго звалілася за гэтыя дні.

Клас
386
Панылы сорам
10
Ха-ха
10
Ого
23
Сумна
383
Абуральна
51